Свабода: Ці будуць змены ў палітыцы Літвы ў дачыненні да Беларусі пасля выбараў, якія нядаўна прайшлі ў вашай краіне?

 Ажубаліс: Літва ёсць часткай ЕС і падзяляе яго знешнюю палітыку. Як вы ведаеце, ЕС у цяперашні час рэалізуе палітыку крытычнага ўзаемадзеяння ў адносінах да Беларусі з-за рэпрэсій беларускіх уладаў у дачыненні да грамадзянскай супольнасці і парушэнняў грамадзянскіх правоў. Умовы для змены гэтай палітыкі вельмі ясныя: безумоўнае вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі.

Свабода: Ці чакаеце вы якіх-небудзь крокаў у бок лібералізацыі ад рэжыму Лукашэнкі?

 Ажубаліс: Ну, у першую чаргу, вы павінны адрасаваць гэтае пытанне спадару Лукашэнку!

 Шчыра кажучы, у мяне няма ніякіх чаканняў ад Лукашэнкі. За апошнія 10-15 гадоў мы маглі назіраць некалькі «détentes», якія завяршаліся ў дакладна аднолькавай манеры – новымі рэпрэсіямі супраць рэшткаў грамадзянскай супольнасці. Вядома, я не выключаю магчымасці яшчэ адной так званай «лібералізацыі», што ня будзе большым, чым проста звычайным пачаткам гульні «з нуля», калі Лукашэнка будзе спрабаваць атрымаць новыя эканамічныя саступкі, пагражаючы Пуціну «фліртам» з Еўрасаюзамм. Я думаю, што толькі адзіная і моцная апазіцыя пры падтрымцы палітыкі ЕС магла б прымусіць рэжым зрабіць некаторыя ліберальныя рэформы.

Свабода: Ці магчымы ўплыў Еўрасаюзу на Беларусь праз Маскву? Ці з’яўляецца Лукашэнка незалежным дыктатарам, альбо ён марыянэтка Масквы?

 Ажубаліс: Я б прапанаваў падзяліць гэтыя два пытанні. Я хацеў бы пачаць з другога.

 Уся эканоміка Беларусі прывязаная да Расіі праз розныя субсідыі альбо ўзмоцнены кантроль вытворчасці. Калі Расія прывядзе свае эканамічныя адносіны з Беларуссю на тыя ж падставы, як адносіны з Літвой або якой заўгодна іншай еўрапейскай краінай, беларуская эканоміка абрынецца. Без сумневу – як і Лукашэнка, Пуцін ведае гэта вельмі добра. І гэта вызначае ступень незалежнасці Лукашэнкі.

 І, што да першага пытання – вы бачыце, што на Беларусь можна было б вельмі лёгка паўплываць праз Маскву. Але хіба Еўрасаюз павінен уплываць такім чынам? Мы зацікаўленыя ў дэмакратычнай Беларусі з цалкам дзеяздольнай рынкавай эканомікі і вяршэнствам закона. І, на жаль, цяперашняя Расія не ў стане дапамагчы нам дасягнуць вышэйзгаданай мэты.

Свабода: Спадар Ажубаліс, нядаўна Вы выказалі прапанову пра новы цэнтар улады за межамі Рэспублікі Беларусь – што менавіта Вы мелі на ўвазе?

 Ажубаліс: Я ня стаў удакладняць, што гэты альтэрнатыўны цэнтар улады павінен дзейнічаць па-за межамі Беларусі, але я з вамі згодны. Аўтакратычны беларускі рэжым проста не пакідае месца для істотнай грамадзянскай дзейнасці ўнутры краіны. Шматлікія актывісты апазіцыі і грамадзянскай супольнасці вымушаныя працаваць па-за межамі Беларусі – у Літве і іншых дэмакратычных краінах. У такіх абставінах было б ня дзіўна, калі працэс аб’яднання апазіцыі праходзіў бы за мяжой. Апазіцыя і грамадзянская супольнасць пры садзейнічанні дэмакратычных краінаў магла б выпрацаваць адзіную стратэгію, прывабную для беларускага грамадства, быць рэальнай і жыццяздольнай альтэрнатывай цяперашняму рэжыму. Толькі тады, я лічу, дэмакратыя мае шанец выйграць у Беларусі.

Поделиться ссылкой: