“Народная Воля” паспрабавала высветліць простае пытанне: ці ўсе прадстаўнікі апазіцыйных партый, якія ўвайшлі ў склад выбарчых камісій, не пагадзіліся з афіцыйнымі вынікамі галасавання. І аказалася, што адказу на гэтае пытанне ніхто не ведае. А можа, проста не хочуць гаварыць…

Як бы то ні было, але ўжо зразумела, што скардзіцца на неўключэнне ў склад камісій прадстаўнікоў апазіцыі — самае лёгкае. Мала, дзе-нідзе, але дэмакратаў у выбаркамы ўсё ж такі ўключаюць. Ты не менш толькі адзінкі (як Сяргей Вазняк) зрабілі гучныя заявы пра тое, што выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў адбываліся з парушэннямі, і публічна абгрунтавалі сваю нязгоду з афіцыйнымі пратаколамі галасавання. Астатнія альбо адмоўчваюцца, альбо ўвогуле пагадзіліся з вынікамі галасавання.

Так, сябра Аб’яднанай грамадянскай партыі Юрый Сенажэнка з’яўляўся членам акруговай выбарчай камісіі па Прамысловай выбарчай акрузе №87 у Магілёве. З вынікамі выбараў пагадзіўся. Пад усімі пратаколамі падпісаўся. Асабіста як прадстаўнік апазіцыі засведчыў, што ніякіх прэтэнзій да выбараў па ягонай акрузе няма.

Юрый Сенажэнка, нарэшце, пагадзіўся патлумачыць сваю пазіцыю:

— Акруговая камісія насамрэч нічога ж не вырашае. Усё вырашаецца на месцах. Разумееце, я юрыст па адукацыі, падпісваю тое, што бачу як сябра камісіі. Я ж не ведаю, як адбывалася галасаванне. Я не быў на ўчастках, і таму фактаў фальсіфікацыі бачыць не мог. Камісія наша знаходзілася ў райвыканкаме. Ну, якія там маглі быць парушэнні? Вось я і падпісаў пратакол, бо там ніякіх парушэнняў не бачыў. Вось калі б, напрыклад, мне з участка трапіў пратакол аб тым, што на гэтым участку выйграў прадстаўнік апазіцыйнай партыі, а яго не запісалі, не ўлічылі… Вось гэта было б пытанне. Гэта было б парушэнне, якое я мог зафіксаваць. А так… Па пратаколах у нас усё сышлося, усё было ў парадку.

Ды зразумейце вы: камісія нічога не вырашае. Я не выявіў парушэнняў з пункту гледжання члена акруговай камісіі. Я не згодны з вынікамі гэтых выбараў, але гэта не значыць, што я выявіў нейкія парушэнні. Таму я падпісаў пратакол.

— Дзіўная пастаноўка пытання. А з чым тады вы не згодны?

— У глабальным плане, канешне, парушэнні былі. Я проста не веру, што кандыдат ад дэмакратычнага лагера не набраў галасоў. Але…

— І вы не пацікавіліся ў кандыдатаў-калег па апазіцыйным руху?

— …

— Вы не ведалі пра скаргі назіральнікаў?.. Можа, нейкая іншая прычына не дала вам магчымасці выказаць сваю пазіцыю? Я чула версію, што вас спалохала пагроза страціць бізнес…

— Якая розніца, падпісаў бы я той пратакол ці не? Гэта ні на што б не паўплывала.

ЗВАНОК КАНДЫДАТАМ

Каб высветліць, што ж на самай справе адбылося ў Магілёве, мы датэлефанаваліся да кіраўніка абласной арганізацыі АГП Уладзіміра Шанцава. Ён, дарэчы, сам балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў менавіта па Магілёўскай-Прамысловай выбарчай акрузе і зняў сваю кандыдатуру ў знак пратэсту супраць несправядлівых выбараў.

— Калі мы абмяркоўвалі кандыдатуры для ўдзелу ў акруговых камісіях, Сенажэнка прапанаваў: “Можаце запісаць мяне, бо ўсё роўна не ўключаць”. Так і зрабілі, — расказаў Уладзімір Шанцаў. — Ні мы, ні ён не чакалі, што гэтым разам наш прадстаўнік у склад камісіі трапіць. Ні мы, ні ён не былі гатовы. Сенажэнка не разлічыў свае сілы і наступствы. А яму было што губляць. Ён жа дырэктар будаўнічай фірмы. Сам гаварыў мне, што не захацеў “падстаўляць” людзей. Калі б ён той пратакол не падпісаў – магчыма, былі б непрыемнасці па бізнесе.

Аксана Закрэўская, яшчэ адзін кандыдат па гэтай акрузе, балатавалася пры падтрымцы грамадскай каманіі “Гавары праўду!” і на выбарах ішла да канца. Яна сцвярджае, што парушэнняў было шмат. Неаднойчы Аксана наведвала старшыню акруговага выбаркама і скардзілася на дзеянні старшынь камісій.

— Я вусна скардзілася на дзеянні аднаго старшыні ўчастковай камісіі ў акруговую ў дзень выбараў. Чаму не пісала? Я папросту бачыла, што гэта бессэнсоўна: ім кажаш адно, а яны на цябе глядзяць, нібыта ты з Марса. У дзень выбараў члены акруговай камісіі ездзілі па ўчастках. Я размаўляла са старшынёй. Маіх давераных асоб выводзілі з участка, ім і месца не давалі сесці. У нас былі заўвагі і да датэрміновага галасавання, напрыклад, дзе павінна знаходзіцца скрыня. Да таго ж былі пытанні, якім чынам назіральнікі не ўбачылі 500 чалавек, хаця, калі верыць дакументам, гэтыя людзі галасавалі. Але ім адказвалі: “Людзі прыйшлі, калі вас не было”. Атрымліваецца, што чалавек выйшаў папаліць на пару хвілін, і за гэты час прыбеглі галасаваць 500 чалавек. Для мяне зразумела, што ўсё гэта — “мертвыя душы”.

— Дык ці падавалі пісьмовыя скаргі?

— На ўчастках былі назіральнікі ад кампаніі “За справядлівыя выбары”. Мы ім давалі ўсю інфармацыю. У нас па акрузе выбары, па сутнасці, адбыліся толькі на адным участку, а на іншых не было яўкі ўвогуле. Калі ж яшчэ ўлічыць усе нюансы датэрміновага галасавання, то… Чаму мы не напісалі скаргу? Таму што ў нас не было, так бы мовіць, афіцыйных доказаў. Як даказаць, што калі назіральніка не было 5 хвілін, то не маглі прыйсці адразу каля паўтысячы чалавек прагаласаваць? Але галоўныя прэтэнзіі ў нас да падліку галасоў, якога ніхто не бачыў. Нікога не дапускалі па тых ці іншых прычынах. Я думаю, што Сенажэнка не мог пра гэта не ведаць.

Вось такая гісторыя. Як кажуць, каментарыі нават не патрэбныя. Адзін не чытаў, другія не пісалі… І ў кожнага свае аргументы. Можа, справа ў тым, што ўлада ўсё робіць усур’ёз, а апазіцыя — дзеля галачкі і праформы? Можа, таму і жывём ад паразы да паразы? Хочацца, канечне, каб было лепей, але атрымліваецца — як заўсёды.


Поделиться ссылкой: