Сустрэць у Мінску таджыка, узбека ці кіргіза даволі праблематчына: жывуць гастарбайтары адасоблена, можна сказаць — ізалявана. Ды і не ахвочыя яны “свяціцца” ў чужым горадзе, роўна як і наймальнікі не зацікаўлены ў тым, каб наёмная рабсіла кантактавала з мясцовым насельніцтвам. Уведаўшы, што на рэстаўрацыі “Беларусі” заняты гастарбайтары, спяшаюся туды. І не адно, каб пагутарыць з людзьмі, якія падаліся ў Сінявокую дзеля доўгага рубля, а каб на свае вочы пабачыць Мінск… з вышыні птушынага лёту. Як ні дзіўна, усё атрымалася… Але напачатку колькі слоў пра дэфіцыт работнікаў у будаўнічай сферы і палітыку гарадской улады, якая выцякае з таго дэфіцыту…

Яшчэ ў лютым намеснік начальніка ўпраўлення Камітэта па працы, занятасці і сацабароне Мінгарвыканкама Таццяна Кудзевіч паведаміла, што колькасць замежных грамадзян, якія прыбылі ў Мінск на працу, павялічылася амаль на трэць. Па яе словах, летась камітэт выдаў станоўчыя заключэнні аб прыцягненні на працу ў Мінск 4 тыс. 940 замежнікам — з Турцыі, Узбекістана, Расіі, В’етнама, Кітая, Украіны… У асноўным гэта рабочыя будаўнічых прафесій.

Яшчэ яна паведаміла, што прыкметна актывізаваўся адток рабочай сілы са сталічнага рынку працы. За мінулы год на працу за мяжу выехала 3 тыс. 168 чалавек — пераважна ў Расію (67%). Да ўсяго павялічылася і міграцыя рабочай сілы за межы Мінска ў іншыя раёны Беларусі. Карацей, намаляваўся адмоўны баланс руху працоўнай сілы — недзе блізу васьмі з паловай тысяч чалавек… Але гэта па афіцыйных даных, а як на самай справе — можна толькі здагадвацца…

Па меркаванні мэра сталіцы Мікалая Ладуцькі, кадравая палітыка ў будаўнічых арганізацыях патрабуе самай сур’ёзнай увагі. Між тым (па ягоных жа словах), меры па пераадоленні кадравага дэфіцыту ў будаўнічай галіне не прыносяць належнага эфекту. Па-ранейшаму шмат якія будоўлі недаўкамплектаваны работнікамі, а гэта выклікае непакой за своечасовую здачу аб’ектаў у эксплуатацыю. І што рабіць у такім разе?..

“Работу ў гэтым кірунку трэба актывізаваць, — нацэліў сваіх падначаленых мэр, — рэзервы для вырашэння кадравай праблемы ёсць”. Але ў чым тыя рэзервы?

Як паведаміў гендырэктар ДВА “Мінскбуд” Мікалай Мілашэўскі, у горадзе рэалізуецца праграма па прыцягненні кадраў у будаўніцтва, скіраваная на супрацоўніцтва з рэгіянальнымі будаўнічымі арганізацыямі, са студэнцкімі будатрадамі, а таксама з замежнымі будаўнікамі. На аб’ектах Мінска ўжо працуюць грамадзяне з Таджыкістана, Узбекістана, заключаюцца працоўныя дамовы з Паўночнай Карэяй, іншымі краінамі… А яшчэ будуць задзейнічаны (і ўжо, верагодна, працуюць) студэнты сталічных ВНУ, канечне, у свабодны ад навучання час…

А вось што паведаміў намеснік начальніка міграцыйнай службы Таджыкістана па Сагдзійскай вобласці Джамшэд Атаеў: рабочыя, якія валодаюць будаўнічымі спецыяльнасцямі, запрашаюцца на працу беларускім бокам у рамках пагаднення, падпісанага паміж дзвюма дзяржавамі яшчэ летась. Па словах таджыкскага начальніка, мігранты будуць задзейнічаны на будаўніцтве сацыяльных аб’ектаў і жылля непасрэдна ў сталіцы Беларусі. Праезд, пражыванне ды іншыя выдаткі бярэ на сябе беларускі бок. Па яго словах, у Беларусь будуць адпраўляцца і тыя грамадзяне, якія раней былі дэпартаваны з Расіі і страцілі права на ўезд туды тэрмінам на 5 гадоў… Блізу двухсот рабочых з розных гарадоў і раёнаў Сагдзійскай вобласці павінны былі выправіцца ў Беларусь яшчэ ў верасні…

Цяпер пра сам гатэль “Беларусь”, які ў пэўным сэнсе адна з візітовак сталіцы і які зараз перажывае сваё “ўваскрашэнне”… Па словах генеральнага дырэктара ААТ “Мінскгатэль” Уладзіміра Сташкевіча, абноўленая “Беларусь” прыме першых пастаяльцаў у другой палове 2013 года. Гасцініца сапраўды ўнікальная і не мае аналагаў у краіне — ні па ўмяшчальнасці, ні па інжынерных рашэннях. Праект гатэля ствараўся ў майстэрні вядомага архітэктара Льва Пагарэлава яшчэ ў 1970-х гадах. У “Мінскпраекце” кажуць, што пасля рэканструкцыі 22-павярховы гмах “падрасце” яшчэ на 8 метраў за кошт надбудовы двух паверхаў. На адным з іх размесціцца рэстаран на 100 наведвальнікаў, а на даху будзе адразу некалькі глядзельных пляцовак. На тыя пляцоўкі можна будзе падымацца на спецыяльным панарамным ліфце, любуючыся краявідамі і ландшафтамі горада. Фасад ужо аздабляюць сучаснымі матэрыяламі, а неўзабаве і самы вяршок упрыгожыць шкляная карона. Такой, магчыма, убачаць гатэль госці чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе…

Перад тым як падняцца на верхатуру “Беларусі” ды акінуць поглядам сталіцу з вышыні птушынага палёту, гутару з самым адказным чалавекам на будоўлі — прарабам БУ-168 ААТ “Будтрэст №7” Андрэем Мажылоўскім. Пад ягоным кіраўніцтвам 260 рабочых, уключаючы амаль сорак гастарбайтараў з сонечнага Узбекістана. “Працуюць няблага, — кажа ён, — асабліва калі стаіш над душою. А як адвярнуўся, то чакай бяды… Словам, за гастарбайтарамі патрэбны пастаянны кантроль — па-іншаму пакуль ніяк…”

— А наколькі яны прафесіяналы, ці маюць адпаведную падрыхтоўку? — распытваю далей.

— Працэнтаў 20 з іх валодаюць будаўнічымі прафесіямі, астатнія вучацца ў працэсе работы. Людзі неблагія, стараюцца, калі зноў жа стаіш над імі… І зарабляюць недзе па 600–650 долараў, прычым на дапаможных работах. На радзіме за гэткую ж працу ім плацілі максімум па 200 долараў, так што задаволены цалкам.

Пакуль спускаўся будаўнічы ліфт, я паспеў пакалякаць з двума ўзбекамі, якія — перапэцканыя фарбай — бавілі час ля бытовак. Старэйшы назваўся Нурыдзінам Кабіравым, малодшы — Ташкентам Махкатавым (на фота). Абодва з горада Алмалык. “Вельмі, вельмі задаволены ўсім, — ледзь не ў адзін голас запэўнівалі мужчыны. — І працай, і братамі-беларусамі, і горадам… На спецыяльным аўтобусе нас прывозяць на аб’ект і адвозяць пасля работы. І жывём мы за горадам, за Шабанамі — у былым санаторыі “Спадарожнік”.

Але во і ліфт, падобны на шахцёрскую клець: заходзіць адразу чалавек дзесяць, і праз хвіліну-другую мы на 21-м паверсе, на адметцы 70 метраў… Цяжка словамі перадаць убачанае: Мінск з такой вышыні — сапраўды дзівосна-прыгожы, асабліва ў аксамітна-барвовым восеньскім убранні. Проста дух захоплівае! Сведчу: будучым гасцям “Беларусі” будзе на што падзівіцца і ад чаго ўзрушыцца… А пакуль бесперапынна шчоўкаю затворам фотакамеры — не кожны дзень такое выпадае…

Гастарбайтары ўжо тут... (фота)

Гастарбайтары ўжо тут... (фота)

Гастарбайтары ўжо тут... (фота)

Гастарбайтары ўжо тут... (фота)


Фота аўтара

Поделиться ссылкой: