Скандал разгарэўся ў вёсцы Залессе, што ў Кобрынскім раёне. Тры гады таму італьянскі інвестар набыў мясцовы калгас “Быстрыца” і ўтварыў прыватную фермерскую гаспадарку “БісолаГабріэлеФарм”.

Жыхары віталі і верылі ў абяцанні новага гаспадара. Першы год мінуў незаўважна, але ніякіх зменаў не адбылося, а пасля ўсё было горш і горш, чым у былым калгасе. Заробкі не раслі, а часам іх прыходзілася выбіваць і тут інвестар звольніў нязгодных, а пасля ўвогуле мясцовых. Акрамя таго адбірае дамы, пабудаваныя амаль дзесяць год таму па прэзідэнцкай праграме, бо лічыць іх уласнасцю набытага ім калгаса. Людзей выганяюць на вуліцу, улады маўчаць, суд на баку італьянца…

За дапамогаю жыхары звярнуліся да журналістаў. Карэспандэнт Радыё “Рацыя” высвятляў усе акалічнасці феадалізму ў Залессі.

… Стрымліваючы слёзы, жыхаркі Марына і Алеся, якія больш не вераць адпіскам высокіх чыноўнікаў, распавялі ў гутарцы з Юрасём Палескім, як вёска трапіла ў залежнасць.

У якой сітуацыі вы апынуліся на сённяшні дзень?

Марына: Мы ў незразумелай сітуацыі. Нас хочуць выгнаць з хаты і на працу не прымаюць. Выкупіць жыллё нам не даюць. Мы ў вельмі цяжкіх абставінах. Працавалі столькі год, укладвалі столькі сілаў. Усё ж будавалі самі: хлявы, заборы, рабілі рамонт, бо хата ўся “свяцілася”. Цяпер нас выганяюць і не даюць ніякіх іншых варыянтаў. На працу браць не хочуць, нават хоць кім-небудзь. Зразумейце, нам жа не так проста далі гэтыя дамы, мы па 5-7 год працавалі на гэты калгас, а пасля на гэтага італьянца, які цяпер проста гоніць нас на вуліцу. Што нам рабіць? Нас ніхто не хоча абараніць, зразумець нашую сітуацыю.

Алеся: У мяне двое дзетак і я зараз у дэкрэце. Выйду на працу – ёсць рызыка, што звольняць, так яны часта робяць – мясцовых гоняць. Умовы працы невыносныя, як далей будзе? За што нам такое? Хто дапаможа!

Вы з вышэйшай адукацыяй. Пэўна, калі ехалі сюды, то разлічвалі на стабільнасць? Як з Вамі паступіў італьянскі інвестар?

Марына: Калі мы пераязджалі сюды, то мой муж скончыў Віцебскую акадэмію з чырвоным дыпломам. Калгас тады займаў добрыя пазіцыі і спектар працы быў вялікі, перспектывы былі. Калі не будзе ветэрынарам, то будзе якім-небудзь загадчыкам. Я ж працавала юрыстам, інспектарам па кадрам. Мы гатовыя былі працаваць нават не па адукацыі. Мы ж маладыя спецыялісты! Прасілася да гэтага інвестара, дык толькі выганялі, нічога не прапаноўваюць, а муж год папрацаваў, ды больш не працягнулі з ім кантракт.

Звярталіся ў вышэйшыя інстанцыі?

Марына: Канечне! Звярталіся ў Адміністрацыю кіраўніка краіны, прасілі проста разабрацца, быць такім трэцім бокам, суддзёй. Інвестар жа нас не чуе. Мы разумеем, што закон на іх баку, але мы людзі, вашыя грамадзене, беларускі народ. Сем год аддалі гэтаму калгасу і што? Пісалі калектыўныя пісьмы, падпісалася да Лукашэнкі 29 сямей. Розныя службы прыязджаюць і фіксуруюць парушэнні, але нібы нас не заўважаюць, у суд адсылаюць. Людзей проста выкідваюць на вуліцу. Гэта ж лёсы людзей, нехта і болей тут працаваў, упарадкоўваў сваю гаспадарку, абжываўся. Усё было стабільна.

Чаму склалася такая сітуацыя?

Алеся: Усе спадзяваліся на лепшае, верылі новаму гаспадару. Абяцалі тут шмат. Казалі, што працы хопіць усім, нават нашым дзецям, а яно во як склалася, усё знішчана. Няма ніякай цікавасці болей тут жыць, а куды ісці? Аддавалі поўнасцю сябе, думалі жыць у працы і шчасці. Ніхто лёгкага жыцця не шукаў.

Марына: Інвестар звальняе мясцовых і набірае замежных грамадзян. Так прасцей, таней. Эканоміць. Але іх увогуле за людзей не лічаць, а нашыя дамы патрэбныя для таго, каб ператварыць іх у інтэрнат. Мы ўсё разумеем, але зразумейце і нас.

Чыноўнікі, КДБ і праваахоўныя органы працуюць спраўна: кожную заяву вяскоўцаў прымаюць і абяцаюць разабрацца, нават прыязджаюць і паспяхова знікаюць. Пасля такіх візітаў “ініцыятараў бунтаў” выклікае да сябе новы гаспадар: пагражае, зневажае, абяцае высяліць. Адным словам, федалізм…

 

Вон са сваёй хаты!

Гэтыя “прэзідэнцкія” дамы інвестар ператварае ў інтэрнаты для замежных работнікаў. Інвестар абяцае прывезці в’етнамцаў! 

 

 

Вон са сваёй хаты!

 

 З першага дому на здымку нядаўна высялілі непатрэбнага беларуса-селяніна. Вызвалілася месца!

 

Поделиться ссылкой: