Пасля сканчэння каледжаў яны паступілі на платныя аддзяленні ўніверсітэтаў. На думку Мінадукацыі, гэтага ім рабіць не варта было, бо спачатку маладыя людзі мусілі паехаць па прымусовым размеркаванні. Цяпер студэнтаў адлічаюць, і яны адпраўляюцца хто куды: нехта на завод, а нехта ў войска.

«Пасля залічэння ў ВНУ выпускнікам сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія навучаліся за кошт сродкаў дзяржбюджэту, пачалі прыходзіць паперы з каледжаў з патрабаваннем растлумачыць, чаму яны не паехалі працаваць па размеркаванні. Ім прапанавалі адно з двух: або пакрыць сродкі, затрачаныя дзяржавай на падрыхтоўку маладога спецыяліста ў ССНУ і працягнуць вучыцца ва ўніверсітэце, ці напісаць заяву аб адлічэнні і „адтрубіць“ належны тэрмін абавязковай адпрацоўкі на прадпрыемстве», — пракаментавалі сітуацыю Interfax.by у БНТУ.

«Напрыклад, з факультэту горнай справы і інжынернай экалогіі заявы аб адлічэнні па ўласным жаданні напісалі тры чалавекі».

Паводле прадстаўнікоў універсітэту, некаторыя студэнты адразу пасля адлічэння вымушаныя адпраўляцца ў войска: адпаведныя позвы ўжо прыходзяць.

«Такое ў нас упершыню, — кажуць ананімныя прадстаўнікі БНТУ. — У 2011 годзе і раней усё было нармальна. Гэта тычыцца не толькі БНТУ, але і іншых ВНУ».

У Міністэрстве адукацыі спасылаюцца на новы Кодэкс аб адукацыі, які пачаў дзейнічаць з 1 верасня. Паводле яго пасля сканчэння каледжу выпускнік мусіць адпрацаваць пэўны час. І толькі пасля гэтага ён мае права працягваць адукацыю ва ўніверсітэце. Выключэнне — тыя выпускнікі, што адразу пасля ССНВ паступілі на дзённае бясплатнае аддзяленне. Але пасля заканчэння ўніверсітэту ім прыйдзецца адпрацоўваць ужо два гады.

 «Паступаць у ВНУ на „завочку“ можна толькі пасля таго, як чалавек выканае свой абавязак перад дзяржавай, то бок адпрацуе па размеркаванні», — кажуць у Мінадукацыі.

Па словах супрацоўнікаў універсітэту, калі б Міністэрства адукацыі правяло тлумачальную працу з прадстаўнікамі вышэйшых навучальных устаноў яшчэ да пачатку ўступнай кампаніі, то абітурыентаў апавяшчалі б аб гэтым адразу і дакументы ў іх не прымаліся. Цяпер ВНУ нічога не застаецца рабіць, як проста развітацца са студэнтамі да заканчэння тэрміну іх абавязковай адпрацоўкі на прадпрыемстве і вярнуць грошы, ужо ўнесеныя за навучанне.

Поделиться ссылкой: