Васіль Пятровіч Малафееў да нядаўняга часу займаў пасаду намесніка дырэктара Жлобінскай птушкафабрыкі па… ідэалогіі.

37-гадовы, у росквіце сіл, юрыст з вышэйшай адукацыяй не меў ніякіх спагнанняў за час працы. І раптам такое — не працягнулі кантракт, выставілі за вароты… За якія правіннасці, за якія парушэнні?.. Ды не, нічога такога і блізка. Не злоўжываў, не абражаў, ідэалагічную “лінію” вытрымліваў… Звычайна якраз ідэолагі выносяць “прысуд” наёмным работнікам, з іх падачы кіраўнік прадпрыемства прымае рашэнне: працягнуць кантракт з чалавекам, “секвеставаць” яго да “кароткага павадка” ці наогул ануляваць працоўную дамову. Усё залежыць ад таго, наколькі ты лаяльны да начальства, а не эфектыўны ў працы ці там які наватар. Тут важна не высоўвацца, не “вякаць” лішняе — іншадумства і праўдалюбства горш за парушэнне Дырэктывы ПРБ №1!.. Ды што доўга валэндаць: тысячы суайчыннікаў адчулі на ўласнай скуры “кантрактную аброць”, якая, па сутнасці, — зашмарга-пятля на шыі чалавека. Адметнасць нашай, банальнай, гісторыі хіба ў адным — тую зашмаргу-пятлю зацягнулі на шыі не проста шараговага работніка, але “свайго ў дошку” чалавека, ідэолага… Хіба не нонсэнс?!. Канечне, еду ў слаўны горад Жлобін, дзе не толькі вараць сталь і гоняць профіль для металакорда, але і гадуюць бройлераў на мяса… Каб, значыцца, на свае вочы ўсё пабачыць, сустрэцца з нашым героем, пераканацца ў тым, што напісанае ім у розныя інстанцыі — не выдумка, а самая што ні ёсць горкая праўда-матка.

Васіль Пятровіч — чалавек адукаваны і вопытны, таму сваю крыўду на начальства не замкнуў у сховах душы, а вынес на свет Божы. Як турнулі з прадпрыемства (ні за што ні пра што), то і пачаў бамбардзіраваць лістамі-скаргамі ўсе паверхі прэзідэнцкай “вертыкалі”. А чаму б і не, калі загналі ў кут, а на руках дзясяткі старонак кампрамату, уключаючы 50-аркушны “талмуд” Камітэта дзяржаўнага кантролю, які стаўся вынікам праверак птушкафабрыкі?.. Лісты-звароты, лісты-скаргі аселі ў высокіх кабінетах, а вынік — нулявы… Ва ўсялякім разе — для самога Васіля Пятровіча. Ён па-ранейшаму персона нон грата ў чыноўным асяродку Жлобіна… На ўсе звароты — да галавы Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Кабякова, да старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, да Генеральнага пракурора, да старшыні Гомельскага аблвыканкама В.Дворніка — ніякага “рэагажу”. У лепшым выпадку — фармальныя адпіскі, у горшым — поўнае ігнараванне.

Але на што скардзіцца Васіль Пятровіч, да чаго зводзіцца ягоны адчайны заклік?

“З мэтаю ўтойвання масавых злоўжыванняў службовымі паўнамоцтвамі былога дырэктара ПСУП “Жлобінская птушкафабрыка” А.Атрошчанкі, выконваць абавязкі дырэктара птушкафабрыкі 30.07.2012 г. прызначылі былога вартаўніка С.Зубахіна, — інфармуе інстанцыі Васіль Пятровіч. — З птушкафабрыкі той ужо быў звольнены двойчы, а да гэтага не працаваў нават на шараговай кіраўнічай пасадзе. Новы кіраўнік прадпрыемства пачаў зводзіць рахункі са спецыялістамі, якія раскрылі факты крадзяжу, злоўжыванняў, здзейсненых на прадпрыемстве за два апошнія гады на суму больш за 100 мільярдаў рублёў. Гэта пацвярджае і акт праведзенай праверкі птушкафабрыкі Камітэтам дзяржкантролю ў красавіку 2012 года.

Займаючы пасаду намесніка дырэктара птушкафабрыкі па ідэалагічнай рабоце, — піша далей цяпер ужо былы ідэолаг, — я быў адхілены  Зубахіным 31.08.2012 г. ад працы, хоць кантракт са мною быў заключаны да 2017 года.

У віну мне паставілі фармальны недагляд, дапушчаны самім наймальнікам пры перазаключэнні са мною кантракта. Па дадзеным пытанні я чатыры разы звяртаўся (пасылаючы тэлеграмы) да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, а таксама да старшыні Гомельскага аблвыканкама, Генеральнага пракурора, Генеральнага дырэктара  мясакамбіната (заснавальніка нашага прадпрыемства) А.Лагойкі, але ніякіх мер па адмене незаконнага загаду не было прынята”.

Натуральна, пры сустрэчы з Васілём Пятровічам у Жлобіне пытаюся ў яго: у чым той “фармальны недагляд” наймальніка пры перазаключэнні кантракта?

“Справа ў тым, — адказвае ён, — што наймальнік, а гэта быў тагачасны кіраўнік птушкафабрыкі Аляксандр Мікалаевіч Семянцоў, працягнуў са мною працоўны кантракт 20.08.2012 года. І пячатка на месцы, і подпісы адпаведныя маюцца. Але ўсё гэта не было аформлена новым загадам, бо неўзабаве Семянцова памянялі спачатку на Вырвіча, а потым і на Зубахіна. Ну, не паспелі надрукаваць загад: Семянцова літаральна на працягу тыдня памянялі на іншага выконваючага абавязкі дырэктара. Тым і скарыстаўся апошні выконваючы гэтыя абавязкі — Зубахін… Зразумела, перад намі проста зачэпка, каб некаму паквітацца са мною раз і назаўсёды. Дарэчы, Зубахіна прызначылі на пасаду выконваючага абавязкі дырэктара тэрмінам на… тры гады. Ці не дзіўна?..”

“Ну, добра, — гну сваё далей, — а ці можа пацвердзіць свае дзеянні (па пралангацыі кантракта) сам спадар Семянцоў?”

Але — трэба ж такому здарыцца — якраз на момант нашай сустрэчы Аляксандра Мікалаевіча Семянцова выклікалі… у міліцыю. Па словах Васіля Пятровіча, гэта не першы выклік. “Дамагаюцца, — кажа ён, — не толькі ад мяне, але і ад Семянцова прызнання, што нібыта заключаны са мною кантракт незаконны, што нібыта ёсць нейкія падціркі. Але ўсе юрысты ў горадзе, да якіх мы звярталіся, не бачаць ніякіх процізаконных дзеянняў. Да таго ж Аляксандра Мікалаевіча ведаюць і паважаюць у горадзе як прыстойнейшага чалавека, сапраўднага прафесіянала (за плячыма Інстытут народнай гаспадаркі, фінансавая аспірантура, прамакадэмія). У свой час ён працаваў у Кабякова, калі той узначальваў Камітэт дзяржаўнага кантролю. Але ж прэсінгуюць, ціснуць, хаця ўсе ведаюць і разумеюць: Аляксандр Семянцоў дзейнічае толькі ў рамках заканадаўства…”

Паколькі мы ў Жлобіне і навідавоку ніяк не патушаны канфлікт, то варта пабываць і на самой птушкафабрыцы. Едзем туды, у бок вёскі Саланое — гэта непадалёку ад БМЗ, гмахі якога амаль падпіраюць птушкафабрыку. Па дарозе, канечне, унікаю ў бройлерныя “дзівосы”. І яны ўражваюць…  Толькі ў мінулым годзе падзеж птушкі на фабрыцы склаў 271 тысячу галоў — на суму 5,3 млрд рублёў. А за першае паўгоддзе 2012 года загублена 250 тыс. галоў — на суму 5 млрд рублёў. Цікава, што дакументы на ўтылізаваную птушку ніхто так і не прадаставіў. Дзіўна і тое, што Дзяржкантроль не пацікавіўся, куды падзелася тая загубленая птушка. Чаму ўрэшце дакументы не былі перададзены для расследавання праваахоўным органам?..

Як дробязнае пытанне ў акце рэвізіі адлюстраваны і факт бязмэтавай закупкі імпартнага абсталявання для цэха забою птушкі. Між іншым, кошт таго абсталявання з улікам крэдытнай стаўкі (26%) склаў 3,2 млн долараў ЗША. І гэта ў той самы час, калі было ўстаноўлена (прадстаўнікамі аблвыканкама, райвыканкама, генпраекціроўшчыкамі), што будаваць новы цэх ніяк нельга з-за санітарных норм. Аднак нягледзячы ні на што, мясакамбінат купіў-такі нямецкае абсталяванне. На момант здзелкі і афармлення валютнага крэдыту заказчык (Жлобінскі мясакамбінат) накіраваў праектнай арганізацыі пісьмо аб тым, што дамова на праектаванне цэха забою птушкі скасоўваецца. Усе дакументы — крэдытная і валютная дамовы, кантракт на закупку абсталявання і пісьмо аб скасаванні дамовы на распрацоўку праекта цэха забою птушкі падпісаны аднымі і тымі ж асобамі. Дык ці не пахне тут “адкатамі”?.. Але самае ганебнае ў гэтай інвест-гісторыі тое, што закупленае імпартнае абсталяванне кінута на складзе птушкафабрыкі і да цяперашняга часу і нікім не запатрабавана, не прынята ва ўстаноўленым парадку на баланс і не прарэвізавана. Між тым гарантыйныя абавязацельствы нямецкай фірмы заканчваюцца праз два месяцы… Здавалася, факт грубага парушэння закона аб інвестыцыях не выклікае сумнення, аднак  і тут матэрыялы праверкі Камітэт дзяржкантролю чамусьці не накіраваў у пракуратуру. Чаму?..

Ці вось яшчэ… У акце праверкі зафіксаваны факты адмывання  грашовых сродкаў падчас пастаўкі, мантажу і наладкі дзвюх халадзільных камер фірмай “Аэрабел”. Па дамове фабрыка павінна была выплаціць падрадчыку за ўсе работы 86 мільёнаў рублёў. Фактычна ж, і тое выявіла праверка КДК,  “Аэрабелу” было выплачана… 276,5 млн рублёў… Прычым на момант праверкі халадзільнікі не працавалі і да цяперашняга часу не прыняты да эксплуатацыі. Для таго каб запусціць іх у работу, птушкафабрыка наняла новага падрадчыка, якому ўжо нанова пералічыла дзясяткі мільёнаў рублёў. Але і ў даным выпадку матэрыялы расследавання не былі перададзены праваахоўным органам. Спадар Атрошчанка (ён падпісваў дамовы) зноўку выйшаў сухім з вады. Ну проста бязмежная ўсёдаравальнасць!..

А вось мы і ля варот самой птушкафабрыкі… Праз іржавыя вароты пранікаем проста на тэрыторыю. Больш жудаснай карціны з серыі “прамысловасць мінулага” бачыць не даводзілася, хіба што закінутыя фермы, пабудаваныя ў сярэдзіне мінулага стагоддзя… Парослы хмызам двор, чатыры карпусы птушнікаў, насцеж расчыненыя і ўсімі забытыя, састарэлыя, пакарабаныя сцены забойнага цэха… “Нутро” цэха мала чым адрозніваецца ад знешняга выгляду: шэрасць, бруд, цесната, дапатопнае канвеернае абсталяванне… Пытаюся ў работніц, як ім тут працуецца, якія заробкі… “У сярэднім па два мільёны амаль выходзіць, — кажа адна. — Не шмат, але як ёсць…”

Хацеў было сфатаграфаваць тых маладзіц, канвеер, гатовую прадукцыю, але дзе там… Начальніца цэха, убачыўшы фотакамеру, рэзка запярэчыла: ды хто вы такі, хто дазволіў, як увогуле сюды праніклі?! Карацей, прыйшлося рэціравацца, толькі знадворку і ўдалося тое-сёе “зафотаць”.

Страціўшы працу, Васіль Пятровіч Малафееў не страціў жадання змагацца —  за праўду, законнасць і справядлівасць. “Губляць ужо няма чаго, — кажа, — таму буду біцца да апошняга”.

Але дзе тая “апошняя” інстанцыя, якая можа даць рады, неяк разруліць канфлікт? Здаецца ж, і апошнюю прайшоў — Адміністрацыю самога прэзідэнта. Толькі і там ніякай рады яму не далі, нават надзеі. Куратар па Гомельскай вобласці спадар Катушкін адно запэўніў, што з птушкафабрыкай яшчэ будуць разбірацца. А як жа быць з самім Васілём Пятровічам, з ягоным працаўладкаваннем на ранейшую пасаду?..

“Звярніцеся на біржу працы, — параілі былому намесніку дырэктара па ідэалогіі. — Хоць якая грашовая дапамога будзе…”

…Па шчырасці, ніколі не давяраў розным штатным ідэолагам, “легіён” якіх — ні то пятае кола ў драбінах, не то струхлелая падпорка ўладнай “вертыкалі”. Карысці людзям ад “камісараў” аніякай, затое ўсе пад абцасам: з іх жа падачы “сякуцца галовы” многім кантрактнікам. “Шэрыя кардыналы” трымаюць нос па ветру, а вецер у краіне дзьме строга ў адным напрамку. Тут і флюгер не патрэбны — яны самі замест яго. Але во дзіва! З усёй гэтай шэрасці раптам “вылупіўся” адзін “легіянер”, які ўсумніўся ў напрамку ветрадуя. І, болей за тое, пачаў было круціць носам: маўляў, не ўсё тое пасат, што дзьме ў адным напрамку, маўляў, трэба разабрацца з халоднымі “завіхрэннямі” на мясцовым узроўні, і ўсё такое… Ну проста не шараговы ідэолаг, а капітан Тушын — адзін супраць усяе зграі… Але каму па нораве такое, каму з правінцыйнай чэлядзі ахвота выносіць смецце са сваёй — якой-ніякой — хаты?! І, нашаму герою, як бачыце, тут жа далі па руках. Узялі ды вытурылі з працы — каб не квакаў на ўсё балота, каб не выдаваў сваіх…

Усёдаравальнасць па-жлобінскі,

Усёдаравальнасць па-жлобінскі,

Усёдаравальнасць па-жлобінскі,

Усёдаравальнасць па-жлобінскі,

Фота аўтара.

Поделиться ссылкой: