Праз дзве-тры хвіліны ён вярнуўся разам з маёрам памежнай службы, які заявіў, каб я пакінуў вагон, бо мне забаронены выезд з Беларусі. На маю заўвагу, што свабодны выезд за мяжу — маё канстытуцыйнае права, маёр адказаў:

— Я гэта ведаю, але ў мяне загад, а я — чалавек ваенны. Калі вас прапушчу, то страчу працу і не змагу карміць сям’ю. Да нас даведзена толькі тое, што аб падставах уключэння ў камп’ютарны спіс невыязных вы можаце даведацца ва ўпраўленні ўнутраных спраў па месцы жыхарства.

Так як справы ў Літве ў мяне былі неадкладныя, то я вырашыў не высвятляць у міліцыі “падставы абмежавання маіх правоў”, вярнуўся ў Мінск, сеў за руль свайго аўтамабіля і прыехаў у Вільнюс праз Расію. Замест 170 кіламетраў па дарозе Мінск–Вільнюс прыйшлося праехаць 750 па маршруце, які не спяшаюся абвешчваць, добра ведаючы нораў прадстаўнікоў сённяшняй беларускай улады. Зноў жа не хачу агалошваць, якімі шляхамі і якім транспартам я на працягу паўгода выязджаў на працы і па запрашэннях у Расію, Аўстрыю, Літву, Латвію, Эстонію, Польшчу, Швецыю, ЗША, Паўднёвую Карэю.

Нарэшце, роўна праз шэсць месяцаў пасля забруджання майго пашпарта ў Гудагаі штэмпелем “У ВЫЕЗДЗЕ АДМОЎЛЕНА” ў мяне знайшлося крыху вольнага часу паспрабаваць разабрацца, у чым тут справа. Я спачатку даслаў ліст, а праз тыдзень зайшоў ва ўпраўленне ўнутраных спраў Цэнтральнага раёна Мінска, дзе прыгожая жанчына — маёр міліцыі імгненна выдала мне пісьмовую даведку, згодна з якой у банк даных аб грамадзянах Рэспублікі Беларусь, права якіх на выезд з Беларусі часова абмежавана, я ўнесены “на падставе іску Міністэрства юстыцыі РБ, прад’яўленаму мне ў судзе 05.03.2012”.

На маю заўвагу, што ніякага іску ні ў якім судзе мне ніхто не прад’яўляў, ветлівы маёр сказала:

— На ваша пытанне можна атрымаць адказ толькі ў Міністэрстве юстыцыі.

Еду ў Мінюст, абыходжу там мноства кабінетаў, успамінаю коласаўскае “сядзяць пісцы, як гною кучкі”, але ні адзін і ні адна з іх не маглі адказаць на пытанне, які іск прад’явіў мне суд. Нарэшце дайшоў да чалавека, як мне здалося, удумлівага і дасведчанага ў адрозненне ад мноства баўтлівых сакатушак на розных паверхах міністэства.

— Даражэнькі вы мой, ніхто вам тут не адкажа на ваша пытанне, бо ніякі суд нічога вам не прад’яўляў. Гэта адна з многіх форм антызаконнай і нават антыканстытуцыйнай хлусні, на якую накіроўвае нас наш міністр, атрымаўшы загад “абмежаваць!”. Магу вам толькі параіць звярнуцца ў Міністэства ўнутраных спраў. Яно — гаспадар камп’ютарнай базы, у якую незаконна вас уключылі. У спісе тых, каму забаронены выезд на падставе рашэння суда, зусім іншага кшталту людзі — аліментшчыкі, махляры, асуджаныя вярнуць грошы, скрадзеныя ў дзяржавы, асобы, якіх шукае міліцыя.

Накіроўваюся ў МУС. Тут, як у Мінюсце, па кабінетах не паходзіш і пра “гною кучкі” не ўспомніш. Усё за шчыльнай аховай. Тым не менш пасля наведвання некалькіх пад’ездаў і некалькіх званкоў па ўнутраных тэлефонах бойкі жаночы голас абнадзейвае:

— Пачакайце некалькі хвілін, да вас прыйдзе кіраўнік дэпартамента.

Так і сталася. Ветлівы стройны чалавек у цывільным на чыстай беларускай мове запрашае мяне ў пакой для перамоў, кажа, што добра разумее сутнасць маёго пытання, дае мне ліст паперы і просіць напісаць заяву.

— Наш абавязак — адказаць вам на працягу дзесяці дзён. Смею вас запэўніць, што праз дзён пяць вы атрымаеце наш пісьмовы адказ.

Адказ сапраўды прыйшоў. А ў ім: “…праведзенай праверкай пацвярджаецца факт тэхнічных збояў у перадачы інфармацыі ў банк дадзеных аб грамадзянах Рэспублікі Беларусь, права на выезд якіх з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана, у перыяд часу з 24.02.2012 па 10.03.2012, вынікам якіх з’явілася ўнясенне ў яго памылковых звестак аб Вас”. І далей у такім самым стылі: “завяршаецца праверка… прымаюцца адпаведныя меры па недапушчэнні… 27.09.2012 прыняты меры па выключэнні з банка дадзеных… звестак, памылкова ўнесеных у дачыненні да Вас”.

Ці не ганьба, спадары міністры, кіраўнікі і супрацоўнікі МУС і Мінюста, выдаваць за тэхнічныя збоі камп’ютарнай сістэмы вашы несумяшчальныя з чалавечай, тым больш з прафесійнай годнасцю ўчынкі? Замест таго, каб бараніць грамадзян ад тых, хто парушае Канстытуцыю і законы, вы трусліва дагаджаеце тым, хто загадвае вам рабіць паклёпы, даносы, абмяжоўваць у правах, фальсіфікаваць, адпраўляць невінаватых у зняволенне. Вы, добра ўсё ўсведамляючы, дапамагаеце тым, хто не здольны законна кіраваць, але хоча антызаконна панаваць і захоўвае ўладу, дзякуючы татальнай фальсіфікацыі выбараў.

Ці не пара вам перастаць быць дробнымі прыладамі ў руках пануючых злачыннымі метадамі, пакаяцца ў садзеянні ім, і паступаць так, каб мець права людзьмі звацца, а не сесці ў рэшце рэшт разам з прымушальнікамі на лаву падсудных сапраўднага (не сённяшняга!) суда?


Поделиться ссылкой: