Няма вялікага сакрэту ў тым, што даўно з’явілася ідэя стварыць праўладную партыю на базе “правільнага” грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, якое пераважна чыноўнікаў у сваіх шэрагах і аб’ядноўвае. Папярэдне планавалася, што адпаведны з’езд “Белая Русь” правядзе ўжо ў лістападзе. Але цяпер лёгка здагадацца, што дата з’езда будзе прызначана толькі пасля таго, як дэпутаты прымуць вышэйзгаданы закон.

Нагадаем, што “Белую Русь” узначальвае намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта па ідэалагічных пытаннях Аляксандр Радзькоў. Не выключана, што ён і ўзначаліць новую партыю.

У панядзелак Аляксандр Лукашэнка прымаў і прадстаўніка яшчэ адных прэтэндэнтаў на “праўладныя” — намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенку, які адначасова з’яўляецца другім сакратаром ЦК Камуністычнай партыі Беларусі.

“Давайце шчыра гаварыць: трэба іх падтрымаць. Мы не будзем гэта рабіць, напрыклад, за кошт бюджэту, але падтрымку трэба аказаць… Гэта не чужыя нашаму народу партыі, таму я публічна гавару пра тое, што партыі патрыятычнага накірунку не павінны весці жабрацкае існаванне. Там, дзе яны патрэбны народу, па тых напрамках мы павінны ім дапамагаць”.

Звяртае на сябе ўвагу тое, што за дапамогай да Аляксандра Лукашэнкі пайшла не кіраўнік камуністаў Таццяна Голубева, а яе намеснік і адначасова высокі чыноўнік Ігар Карпенка. Што ж тычыцца спадарыні Голубевай, то яе кар’ера, напэўна, набліжаецца да канца. Па крайняй меры, гэтым разам яна нават не балатавалася ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, хаця на працягу трох скліканняў нікому сваё месца сярод дэпутатаў не саступала. А ўжо што дзеючыя ў краіне парадкі хваліла — дык і ў самыя застойныя савецкія часы такой ліслівасці мы не чулі.


Поделиться ссылкой: