Як вынікае з адказу старшыні акруговай камісіі Таццяны Ярота незалежнаму назіральніку Уладзіміру Шылу, першапачатковая колькасць выбарцаў на ўчастку “насамрэч складала 3094 чалавекі”. Але ў апошні дзень выбараў на камісію сышло нейкае прасвятленне і спіс  “удакладнілі”, зменьшыўшы яго ажно на 381 чалавека — да 2713 асобаў. Паводле спадарыні Ярота са спісу былі выкрэслены неграмадзяне Рэспублікі Беларусь, асобы, якія з’ехалі за межы краіны і часова змянілі месца рэгістрацыі, а таксама памерлыя.

– Да пачатку галасавання ўсе гэтыя спісы ўжо былі тройчы правераныя. Камісія ж канчаткова іх “удакладніла” адразу на чатыры сотні чалавек у меншы бок чамусьці менавіта ў апошні дзень выбараў, калі стала абсалютна зразумела, што пры такой яўцы выбары не адбудуцца. Пасля гэткіх маніпуляцыяў спадар Каштальян, сакратар камісіі і адначасова дырэктар школы ды настаўнік матэматык, вывеў афіцыйны ўзровень яўкі акурат у 50,3%, – кажа Уладзімір Шыла. – Ды і названыя прычыны змяншэння колькасці выбарцаў не вытрымліваюць аніякай крытыкі. Калі ў самым багатым горадзе Беларусі дванаццаць адсоткаў выбарцаў за паўтары гады з’ехалі за мяжу ці памерлі, дык страшна становіцца за астатнія рэгіёны.  

Далі адказ незалежнаму назіральніку і на ягоны запыт адносна прысутнасці на ўчастку падчас галасавання галоўнага салігорскага ідэолага Мікалая Маскевіча. Па словах той жа Таццяны Ярота, намеснік старшыні райвыканкама па ідэалагічнай працы “зайшоў на ўчастак літаральна на пару хвілін ”.

Поделиться ссылкой: