— Чаму прынялі такое рашэнне? Упэўнена, не адзін палітык у Беларусі папракне вас гэтым, — датэлефанаваліся мы да Сяргея ў Прагу.

— Атрыманне палітычнага прытулку ў ЗША не азначае атрымання грамадзянства — як не азначае і страты грамадзянства краіны паходжання, — Навумчык пагадзіўся шчыра адказаць на ўсе пытанні. — Гадамі я пры перасячэнні межаў карыстаўся так званым дакументам уцекача, які кожны памежнік правярае па розных базах (я нават казаў на пашпартным кантролі ў аэрапортах: за мной чаргу не займайце, доўга будзеце чакаць). Тэрмін майго беларускага пашпарта скончыўся. Не маючы пашпарта грамадзяніна краіны (няважна якой), ты — чалавек другога гатунку. Я не аднойчы звяртаўся ў дыппрадстаўніцтвы Рэспублікі Беларусь з просьбай выдаць мне беларускі пашпарт (бо атрыманне палітпрытулку не азначае страты грамадзянства), але заўсёды чуў адказ: альбо прыязджайце ў Мінск і рабіце на месцы, альбо афармляйце выпіску з Мінска, увогуле афармляйце пакет дакументаў на пастаяннае месца жыхарства. Гэта абсурднае патрабаванне! У цывілізаваных краінах грамадзянін пры страце альбо сканчэнні дзеяння пашпарта атрымлівае новы пашпарт у дыпламатычнай місіі за некалькі дзён.

У мяне даўно была магчымасць атрымаць грамадзянства ЗША, але я не рабіў гэтага да моманту, пакуль беларускае заканадаўства наўпрост забараняла грамадзяніну Беларусі мець іншае грамадзянства — інакш як толькі пад пагрозай страты беларускага грамадзянства, што для мяне было непрымальна. У 2002 годзе закон быў зменены. Натуральна, я параіўся з людзьмі, меркаванне якіх мне важнае, — з Зянонам Пазьняком, са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвіллай, некаторымі іншымі лідарамі беларускай дыяспары, канешне, са сваімі блізкімі.

…Разумею падтэкст вашага пытання. І адкажу, што бачу ў гэтым не «здраду Радзіме», а вынік умоў, створаных у Беларусі цяперашнім рэжымам. Наколькі мне вядома, былыя дэпутаты Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання Сяргей Слабчанка і Вольга Галубовіч жывуць, адпаведна, у Канадзе і Вялікабрытаніі і маюць грамадзянства гэтых краін. Гэтыя людзі столькі ў свой час зрабілі для Беларусі, што, калі больш нічога не зробяць, а будуць, напрыклад, адпачываць ці вырошчваць ружы, яны ўвойдуць у гісторыю.

Увогуле, ведаю дзясяткі людзей, якія маюць беларускае грамадзянства і грамадзянства іншай краіны, што звязана з немагчымасцю для іх жыць і працаваць на Радзіме. Што да магчымасці альбо немагчымасці ўдзелу ў грамадскім жыцці, дык нагадаю, што прэзідэнт Літвы Адамкус меў амерыканскае грамадзянства, грамадзянінам ЗША быў прэзідэнт Эстоніі Ільвес, прэзідэнт Латвіі Фрэйберга мела канадскае грамадзянства, а цяперашні пераможца на выбарах у Грузіі — французскае. І мяне ніхто не пераканае, што грамадзяне ЗША Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік ці Алеся Сёмуха, грамадзянін Францыі Лявон Шыманец альбо грамадзянін Вялікабрытаніі айцец Аляксандр Надсан — меншыя патрыёты Беларусі, чым цяперашнія кіраўнікі краіны.

Так што цяпер я маю два грамадзянствы — Беларусі і ЗША з 2005 года, але пашпарт толькі адзін — амерыканскі, беларускі так і не атрымаў. Не мае беларускага пашпарта і мая дачка, хаця з’яўляецца не толькі амерыканскай (нарадзілася ў ЗША), але і беларускай грамадзянкай (бацькі — грамадзяне Беларусі). Нам адказваюць: едзьце ў Мінск і афармляйце пашпарт дачцэ там. А калі бацькі не могуць ехаць? Я кажу: добра, я разумею, што калі ў дзіцяці бацька былы дэпутат парламента і непасрэдны ўдзельнік абвяшчэння незалежнасці краіны — гэта ў вашых вачах вялізны мінус, але калі бацькі, дапусцім, усяго толькі «асацыяльныя элементы» і не маюць грошай на паездку альбо, наадварот, маюць добрую працу, але не маюць часу на месячны ваяж, чаму дзіця пазбаўлена таго, на што мае права па законе — мець пашпарт краіны свайго грамадзянства? Лукашэнкаўскія дыпламаты не могуць адказаць на гэтае пытанне. І ў такой сітуацыі сотні сем’яў, якія жывуць па-за межамі Беларусі. Для параўнання скажу, што мы двойчы мянялі дачцэ пашпарт, рабілі гэта ў амбасадзе ЗША ў Празе, гэта займала тры дні і каштавала, калі не памыляюся, 50 долараў.

— Але я не разумею, чаму вы не можаце ехаць у Беларусь? Увогуле, чаму не вяртаецеся на радзіму? Няўжо думаеце, што тут існуе нейкая пагроза для вас?

— Для адказу на ваша пытанне давядзецца вярнуцца ў 1996 год і нагадаць, што было адной з нагод нашай з Пазьняком просьбы аб палітычным прытулку. Гэта трэба зрабіць, бо многія альбо забыліся, альбо не ведаюць пра тыя падзеі.

Да 1996 года я быў дэпутатам Вярхоўнага Савета і каардынатарам парламенцкай Апазіцыі БНФ. Палітычна гэта статус значна вышэйшы, чым у якога заўгодна лідара сённяшняй апазіцыі, якая не прадстаўлена ў так званым «парламенце». У свой час менавіта я прапанаваў на сесіі ВС стварыць адмысловую камісію па вывучэнні псіхічнай адэкватнасці Лукашэнкі. Нагадваю гэта, каб прадухіліць пытанне, якое мне часам задавалі: «Ну Пазьняк — зразумела, ён быў лідарам апазіцыі, а вы ж ім не былі, дык што Лукашэнка меў супраць вас?» З пачатку красавіка 1996 года мы былі ў Варшаве — пасля таго, як была ўзбуджана крымінальная справа за мітынг 24 сакавіка, калі вакол майго пад’езда дзяжурылі аўтаматчыкі (гэта было сюжэтам папулярнай тады праграмы «Взгляд»), а ў Пазьняка ўвогуле быў ачэплены квартал, дзе ён жыў, пасля таго як у час нашага знаходжання ў Кіеве з Генпракуратуры Беларусі паслалі ліст у Генпракуратуру Украіны з патрабаваннем нас выдаць (украінцы адмовілі). У ліпені 1996-га кіраўнік камісіі па бяспецы расійскай Дзярждумы Ілюхін заявіў, што нібыта ЦРУ збіраецца забіць у Варшаве двух лідараў БНФ, а віну спісаць на Лукашэнку. Вось як — цытую — ацаніў гэта Васіль Быкаў: «Я лічу, што Пазьняк і Навумчык свае магчымасці амаль што вычарпалі — для іх ужо не засталося легальнай магчымасці барацьбы, і сапраўды паўстала пагроза менавіта фізічнага знішчэння. Калі Ілюхін у Маскве агучыў пэўныя планы, дык можна меркаваць з пэўнасцю, што гэта не планы ЦРУ, гэта планы беларускага кіраўніцтва». І калі ў жніўні 1996 года высокапастаўлены чыноўнік адміністрацыі ЗША са спасылкай на тагачаснага амбасадара Мартынава перадаў нам словы Лукашэнкі, што мы можам вяртацца і што з нашых галоў не ўпадзе ніводзін волас, — мы адказалі, што добра памятаем ноч збіцця дэпутатаў у Авальнай зале 12 красавіка 1995 года і клятвы Лукашэнкі нараніцу, што нас ніхто не збіваў. І мы не верым ніводнаму слову гэтага чалавека.

— Сяргей, але ж гэта было ў 1996 годзе…

— За 16 гадоў рэжыму не адбылося нічога, што прымусіла б мяне змяніць сваё стаўленне да абяцанняў Лукашэнкі. А лёс некаторых апанентаў Лукашэнкі пераканаў мяне ў правільнасці прынятага рашэння.

Лічыцца, што палітпрытулак даў нам прэзідэнт Клінтан. Але, наколькі мне вядома, ён напісаў рэзалюцыю: на разгляд Міністэрства юстыцыі. Ні Белы дом, ні Дзярждэпартамент не жадалі мяняць свайго звыклага і камфортнага стаўлення да Лукашэнкі як да чалавека, якога «можна навучыць дэмакратыі» (за месяц да гэтага Лукашэнку і Шырак у Парыжы прымаў як роўнага). І менавіта пасля нашай заявы Белы дом быў вымушаны перагледзець стаўленне да Лукашэнкі, і так званы «рэферэндум-96» адбываўся ўжо пад пільнай увагай міжнароднай супольнасці.

Пра стаўленне да мяне ўлад я магу меркаваць па стаўленні да маіх блізкіх. У 2004 годзе жонку не пусцілі на пахаванне бацькі. Маіх бацькоў некалькі разоў спынялі на мяжы, а маю сястру, якая таксама «Навумчык С.І.» (Святлана Іосіфаўна), тры разы затрымлівалі на мяжы і трымалі па некалькі гадзін, пакуль не высвятлялася, што яна не тая «С.І.». Выглядае, што ўсё яшчэ працуе загад 1996 года «Пазьняка З.С. і Навумчыка С.І. пры ўездзе-выездзе — затрымаць», пра які ў свой час паведамляла газета «Свабода».

У эміграцыі я з першых дзён чую: «А вось я б не з’ехаў». Спіс аўтараў такіх заяў пачынаецца з былога старшыні Вярхоўнага Савета 13-га склікання Шарэцкага, які зараз жыве ў ЗША. Ёсць палітыкі, журналісты, літаратары, высокапастаўленыя вайскоўцы, бізнесмены, якія потым самі былі вымушаны з’ехаць у эміграцыю. Была камедыйная сітуацыя, калі адзін шаноўны дзеяч падчас публічнага выступу перад дыяспарай папракаў мяне за эміграцыю — а ўвечары цікавіўся ў мяне ж, якім бы чынам ён мог атрымаць палітычны прытулак. За эміграцыю нас гадамі папракалі на адным папулярным інтэрнэт-рэсурсе — аж пакуль яго рэдакцыя не была вымушана сама з’ехаць у поўным складзе. Так што ад гэтага я б нікому не раіў заракацца, каб потым не апынуцца ў недарэчным становішчы.

І апошняе — я ніколі не казаў бы гэта па сваёй ініцыятыве, але вы самі вымусілі гэта зрабіць. Каментуючы ў 1996-м нашу эміграцыю, Быкаў тады сказаў: «Хацеў бы дадаць, ведаючы Пазьняка і Навумчыка, там іх не чакае прыватнае жыццё, яны і там будуць рабіць усё, самаахвярна рабіць на карысць Беларусі і Беларушчыны». Не мне меркаваць, наколькі мая дзейнасць эфектыўная, але я ніколі не парываў сувязяў з Беларуссю і думаю, што ніхто не можа папракнуць мяне ў тым, што я не імкнуўся адпавядаць гэтым словам Васіля Уладзіміравіча, якія ўспрыняў як наказ.

Дасье “Народнай Волі”

Сяргей Навумчык — журналіст і палітык, працуе на Радыё Свабода.

У 19901996 гадах — дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, каардынатар парламенцкай Апазіцыі БНФ.

11 красавіка 1995 года разам з іншымі дэпутатамі ад Апазіцыі БНФ абвясціў у Авальнай зале Дома ўрада галадоўку пратэсту супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндуму пра дзяржаўную мову і сімволіку. У ноч на 12 красавіка 1995 года дэпутаты былі выкінуты з залы пасяджэнняў і жорстка збіты спецназам.

У 1996 годзе пакінуў Беларусь. З 1997 года Сяргей Навумчык — намеснік старшыні Рады БНР.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча беларускага ПЭН-цэнтра.

Жанаты, мае дачку.

Поделиться ссылкой: