Эрыксан даў свае тлумачэньні, чаму ўлада Лукашэнкі выставіла яго з краіны. Пры гэтым ён адзначае, што прычына таму — усё ж не гісторыя з «плюшавым дэсантам».

Размову з Эрыксанам вядзе журналіст Вольфганг Хансан:

«Я быў адным з многіх журналістаў, якія спрабавалі атрымаць інтэрвію ў Эрыксана ў сувязі з дыпляматычным крызісам у швэдзка-беларускіх стасунках. Аднак тады яго тэлефоны не адказвалі і ён быў недаступны.

Сёньня Эрыксан тлумачыць прычыну — у МЗС не хацелі рызыкаваць і злаваць Менск, і менавіта таму ён вырашыў «залегчы на дно». Гэтымі днямі з амбасадарам удалося пагутарыць, калі ён браў удзел у пасяджэньні непалітычнай арганізацыі FoF (яе мэта — спрыяць грамадзкай дыскусіі ў пытаньнях бясьпекі і абароны Швэцыі).

Размова пачалася з анэкдоту, якія ходзіць па беларускіх сацыяльных сетках:

«Што агульнага паміж паміж Беларусьсю і Sony? І тое, і другое ня можа абысьціся бяз Эрыксана!» — сьмяецца дыплямат.

З усьмешкай Эрыксан расказвае сёньня і пра тое, што рашэньне беларускіх уладаў спыніць акрэдытацыю засьпела яго падчас адпачынку ў лесе пад Вэстэросам, калі ён пайшоў у грыбы.

«Гэта было неяк ашаламляльна, хоць сказаць, што гэта стала поўнай нечаканасьцю — нельга. У Стакгольм паступалі сыгналы зь Менску, што там незадаволеныя палітычнай лініяй Швэцыі што да Беларусі ды асабіста мной таксама», — кажа дыплямат. Эрыксан упэўнены, што рашэньне прымалася на ўзроўні Лукашэнкі.

Цяпер, кажа Эрыксан, дыпляматычныя стасункі паміж Беларусьсю і Швэцыяй разарваныя. «Швэдзкая амбасада ў Менску ўсё ж ёсьць. Яна не зачыненая. Аднак актыўнасьці ніякай няма», — кажа дыплямат.

Дыплямат тлумачыць сытуацыю трыма прычынамі: «Швэцыя даўно праводзіць выразную лінію адносна пытаньняў з правамі чалавека і адкрыта гаворыць пра сытуацыю ў Беларусі. Таксама Швэцыя — адна з краінаў, якія найбольш актыўна ўдзельнічаюць у распрацоўцы гэтай палітыкі. Што да трэцяй прычыны, то гэта я сам».

Поделиться ссылкой: