26 верасня на афіцыйным сайце Мінгарвыканкама выплыла абвестка пра тое, што 27 верасня (у чацвер) мае адбыцца сустрэча галавы адміністрацыі Маскоўскага раёна з насельніцтвам. Вось тая абвестка ў арыгінале:

“Встреча главы администрации Московского района Евгения Вовны с населением состоится завтра в 207-й общеобразовательной школе по адресу: улица Рафиева, 13. Она начнется в 18.30.

Как сообщила корреспонденту агентства «Минск-Новости» заместитель главы районной администрации Татьяна Калитина, во встрече примут участие также ведущие специалисты управлений и отделов администрации. Жители района смогут получить разъяснения по волнующим их темам, обсудить имеющиеся проблемы, узнать о перспективах развития района. В сложных случаях, требующих времени для разбирательства, сотрудники администрации зарегистрируют обращение и примут заявление в письменном виде. Время общения горожан с должностными лицами не ограничено, встреча будет продолжаться до последнего заданного вопроса».

Наступным днём (за паўгадзіны да сустрэчы) кіруюся па ўказаным адрасе. Паколькі жыву на вуліцы Рафіева, прычым у самым яе пачатку, то і спяшацца не варта — паспею ў любым выпадку. Будынак азначанай школы — пад нумарам 13, значыцца, недзе зусім побач, бо мой жа дом пад №11… Праўда, з самага пачатку ўзнікла маленькае сумненне адносна трынаццатага дома. За 20 гадоў пражывання ў “спальніку”, здаецца, вывучыў усе ягоныя закуткі, але нездарма прыдумалі: не кажы “гоп”, пакуль не пераскочыў… От і кажу наперад: “скакаць” прыйшлося доўга, і ўсё безвынікова — ні таго дома з нумарам 13, ні той 207-й школы… Падумалася: мо памянялі нумарацыю дамоў, ці там школ, але не падобна — ніводнай прыкметы. На ўсялякі выпадак скалануў усе прылягаючыя школкі, раптам знайду… “сякеру пад лаўкай”. Не, і 170-я, і 165-я, і 154-я, і Ліцэй №1 захавалі сваю нумарацыю. На падходзе да 165-й школы да мяне далучыліся яшчэ двое “следапытаў”, якія жадалі сустрэцца з “вертыкаллю”. Разам пытаемся ў пажылога школьнага вахцёра, ці ведае ён месцазнаходжанне 207-й школы, ці мо падкажа, дзе “схаваны” дом пад нумарам 13 па вуліцы Рафіева. А той у адказ: “Ды вы ўжо трэція па ліку, якія шукаюць дом №13 і гэтую школу… Нічога не магу сказаць. Зайдзіце ў ЖЭС 90, там дакладна ўсё ведаюць…”

Натуральна, зазірнулі і ў ЖЭС — але канец дня, вечар на вуліцы… Было якраз а палове сёмай, значыцца, сустрэча “вертыкалі” з народам абыдзецца без нас. Дыспетчар з ЖЭС таксама ніякага паратунку не дала, кажа нам: “Здаецца, раней быў такі дом — пад нумарам 13, але нумар нібыта памянялі. 12-павярховік і цяпер стаіць паблізу магазіна “Стольны”…

На тым наша “следапыцтва” захлынулася, як і сама сустрэча з галавою “раённай “вертыкалі”. Засталося адно прыгадаць практыку некаторых замежных мэраў, якія папросту не нумаруюць дамы лічбаю 13 — нешчаслівая яна… Выходзіць, і напраўду так. Тым не менш праз які дзень (28 верасня) усё на тым жа сайце гарвыканкама з’яўляецца новая інфармацыя:

“В помещении 207-й общеобразовательной школы глава администрации Московского района Евгений Вовна провел встречу с населением. Как сообщает корреспондент агентства «Минск-Новости», на нее пришло более 100 жителей. Общение горожан с руководством района продолжалось около двух часов и завершилось поздним вечером. Главе администрации было задано около 30 вопросов. По каждому Е.Вовна дал разъяснения. В первую очередь граждан волновали проблемы ремонта жилья, благоустройства дворовых территорий, парковки автотранспорта. Интересовали собравшихся и перспективы недавно открытого парка имени М.Я.Павлова, организации досуга молодежи, льготного кредитования жилищного строительства, распределения мест в детских садах”.

Канечне, захацелася выведаць, дзе ж тая 207-я школа… І таму (ужо ў выхадны дзень) раблю новую “следапыцкую” спробу. Але перад тым заходжу ў “Інтэрнэт-Сеціва” – можа, там яснасць… І во дзіва! На вуліцы Рафіева сапраўды няма дома пад нумарам “13”. Затое ёсць сайт… сярэдняй школы №207. І вось адрасныя рэквізіты: 220051, г.Минск, ул.Рафиева, 103, тел.270-58-99, 376-36-22, 277-80-83. E-mail: [email protected]

Каб жа не даверыўся “вертыкальнаму” сайту, а зазірнуў на школьны, то ўсё было б “ціп-топ”… Але хто мог падумаць, што афіцыйная інфармацыя-абвестка гэтак “заканспіравана”?.. Дзе той дом 13 (якога няма нават на карце), і дзе дом №103, у якім месціцца школа?!. Вуліца Рафіева цягнецца на некалькі кіламетраў, значыцца, той дом недзе ў супрацьлеглым канцы? “Так, — пацвярджае адна жанчына, — але дакладна не магу сказаць, хоць і жыву ў сотым доме, ля самай кальцавой”. Недзе павінна быць тут, у дварах, — паціскаюць плечукамі іншыя, — але дзе дакладна, цяжка сказаць…” Нарэшце натыкаюся на белы трохпавярховы гмах, заціснуты між дзевяціпавярховых жылых дамоў. Па ўсім гэта і ёсць тая 207-я школа… Праўда, ніякай шыльды, якая б тое пацвярджала, ніякай нумарацыі будыніны — колькі ні кружаляў вакол — так і не знайшоў. Спрабую ўдакладніць у дзяцей і дарослых, але і тыя не ўпэўнены, што гэта якраз 207-я… Нарэшце згледжваю на вышыні перад уваходам у школу ледзьве бачную самаробную вывеску — ад рукі напісаны “Пашпарт аб’екта”… З цяжкасцю, але прачытваю накрэмзаныя на шэра-сізым аркушы (не то з алюмінію, не то з фанеры) даныя аб’екта. Так і ёсць — школа №207, здадзена ў эксплуатацыю ў жніўні 2012 года… Здаць-то здалі, а пра “дробязі” забыліся… Праз тыя “дробязі-памаркі” (на “вертыкальна-віртуальным” сайце і на неіснуючай нумарацыі “аб’екта”, які ёсць школа) — увесь “клопат” пра людзей, уся да іх павага з боку ўлады. Пэўна, тыя, хто даваў абвестку, упэўнены, што кожны, хто пажадае сустрэцца твар у твар з галавою раёна, павінен для пачатку паблукаць у інтэрнэце і метадам “дэдукцыі” вылічыць, дзе насамрэч школа №207 з неіснуючым адрасам… А можа, так было задумана?..

Зрэшты, ці варта дзівіцца “, хіба ўпершыню?.. Улетку, напрыклад, нам падкінулі яшчэ адну “дробязь” — на вялізным білбордзе, змайстраваным з выпадку Года кнігі, памясцілі выяву Міколы Гусоўскага, а пад ёю цытату Якуба Коласа з “Сымона-музыкі”: “О, край родны, край прыгожы! Мілы кут маіх дзядоў!” І о дзіва! Аўтары ўпэўнены, што гэта цытата са знакамітай “Песні пра зубра” Гусоўскага. Да ўсяго яшчэ і знакі прыпынку расставілі дзе папала.

Ці вось яшчэ… Усё з той жа “оперы”:

“В День пожилых людей, — чытаем “вертыкальную” абвестку, — предприятия бытового обслуживания предоставят пенсионерам скидки на услуги.

Предприятия бытового обслуживания в День пожилых людей предоставят пенсионерам скидки от 5% до 50 % на некоторые виды услуг.

Об этом корреспонденту агентства «Минск-Новости» сообщили в пресс-службе Мингорисполкома. В частности, для минчан преклонного возраста в ряде прачечных и химчисток, ремонтных мастерских и фотоателье услуги будут на 5–20% дешевле. А в 17 городских парикмахерских гражданам этой категории предложат стрижки со скидкой от 20 до 40%.

Напомним, День пожилых людей отмечается 1 октября”.

Так і карціць запытацца: дзе той “шэраг”, тыя 17 цырульняў, дзе можна беднаму пенсіянеру пагаліцца са скідкай ад 20 да 40 працэнтаў? У мегаполісе сотні цырульняў, розных іншых хімчыстак. І не факт, што ўсе яны ламануцца выконваць “рэскрыпт” гарадской улады. То хоць назавіце вуліцы, адрасы, нумары тых 17-ці, што гатовы падмаладзіць старую гвардыю за невялікія грошы. Сказалі “А”, дык скажыце і “Б”… Ну, уважце пенсіянераў, каб не шасталі яны па горадзе ў пошуках таннай паслугі і не блукалі ў віртуальным сеціве інтэрнэту. Ці гэта зноў-такі — дробязі жыцця?..

Прыколы “гарадка”,

Прыколы “гарадка”,

Прыколы “гарадка”,

Фота аўтара

Поделиться ссылкой: