Праваабаронцы з трывогай адзначаюць, што апошнім часам ціск на зняволенага значна ўзмацніўся.

Прысуджаны да зняволення ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму на чатыры з паловай гады, Алесь Бяляцкі з сакавіка па чэрвень 2012 г. атрымаў тры спагнанні, якія ўключаюць пазбаўленне чарговага доўгага спаткання (з двух, прадугледжаных на працягу года). На падставе гэтых трох спагнанняў Алесь у канцы чэрвеня 2012 г. прызнаны злосным парушальнікам устаноўленага парадку адбыцця пакарання. Гэта перакрэсліла магчымасць прымянення да яго Закона «Аб амністыі», прынятага ў 2012 г., а таксама пацягнула змяншэнне штомесячнага памеру грашовых сродкаў на асабовым рахунку, якія можна расходаваць на набыццё прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці, з 5 да 1 базавай велічыні (з 500 000 да 100 000 беларускіх рублёў).

Яшчэ два спагнанні ўжытыя да Алеся Бяляцкага ў жніўні 2012г.: пазбаўленне чарговай прадуктовай перадачы (з двух прадугледжаных на працягу года) і пазбаўленне чарговага, ужо кароткатэрміновага, спаткання (таксама з двух прадугледжаных на працягу года).

Адзин з былых зняволеных Бабруйскай калоніі, яки пазней трапищ адбываць пакаранне на «хімію» паведаміў пра ціск, які чыніць на Бяляцкага адміністрацыя калоніі. Ён распавёў, што там Алесю вельмі цяжка, што да яго нават цяжка наблізіцца. Тых, хто да яго падыходзіць і размаўляе, пасля “вылоўліваюць” і асобна размаўляюць з імі ў атрадзе. Яго самога ціснуць, чапляюцца да яго па кожнай драбязе, і, канечне, там жыццё пад заўсёдным ціскам. Ён кажа, што ўсе разумеюць, што Алесь “мужык”, што ён стаіць за праўду, але вымушаныя яго абыходзіць, бо будзе дрэнна і яму і ім.

Валянцін Стэфановіч згадаў у інтэрв’ю для Радыё Свабода, што ў апошнім лісце Бяляцкі напісаў дзіўны сказ: «Сёння я прысніў дзіўны сон: шэрага папугая, якога я зняў з дрэва і ён сказаў, што яго завуць кіча (на жаргоне гэта азначае ШЫЗА). Што б гэта значыла? Відаць, што я хутка адпраўлюся на кічу (ШЫЗА)».

Поделиться ссылкой: