Як паведамляе прэс-служба БХД, спачатку ёй адмовілі назваць лічбу выбаршчыкаў, якія папрасілі, каб да іх прыйшлі са скрынямі для галасавання, сказаўшы, што іх каля 50 чалавек і да іх пайдуць па дамах праз гадзіну. Аднак, выйшаўшы на паўгадзіны, Валерыя Чарнаморцава па вяртанні заўважыла, што адна група з вынаснымі скрынямі ўжо пайшла.

Сама актывістка пайшла з другой групай, у спісе якой было 8 выбаршчыкаў. Аднак адзін з іх памёр ужо 40 дзён таму, двое іншых – прагаласавалі з іншай групай, чацвёрты – з іншай участковай камісіяй, а астатнія чацвёра – не падавалі ніякіх заяваў на вынасное галасаванне.

У Смаргоні зафіксаваны аналагічны выпадак. Там члены камісіі прыйшлі з выбарчай урнай да жанчыны, якая памерла год таму. Гэты выпадак зафіксаваў назіральнік Алесь Дзергачоў на выбарчым участку № 9 па 59-й акрузе. Ён разам з сябрамі камісіі выйшаў на галасаванне па месцу жыхарства. Высветлілася, што выбарчую ўрну нясуць да жанчыны, якая год таму памерла.

Поделиться ссылкой: