Назіральнікі лічаць, што пры беларускай сістэме кантролю з бюлетэнямі тых, хто галасаваў датэрмінова, можа адбыцца што заўгодна.

Таму просяць на датэрміновае галасаванне не хадзіць.

Удзельнікі кампаніі “За справядлівыя выбары-2012” зафіксавалі ўжо дзясяткі грубых парушэнняў. Пра гэта заявіў падчас прэс-канферэнцыі нацыянальны каардынатар назіральнікаў Сяргей Калякін. Ён зазначыў, што ўлады чыняць перашкоды патэнцыйным назіральнікам за выбарамі. Асабліва гэта тычыцца студэнтаў, якім пагражаюць адлічэннем, і грамадзян, якія маюць сталую працу. Па словах Сяргея Калякіна, нават на тых, хто не мае працы, ціснуць праз яго сваякоў. Тым не менш кампанія “За справядлівыя выбары-2012” абяцае выставіць больш за дзве тысячы назіральнікаў, якія будуць сачыць за тым, што адбываецца, амаль на тысячы выбарчых участкаў. Ад ідэі кругласутачнага “дзяжурства” гэтым разам вырашылі адмовіцца, бо практыка паказала, што знаходзіца ноччу каля выбарчага ўчастка няма сэнсу: усё роўна не вядома, што адбываецца ўнутры будынка, дзе знаходзіцца выбарчая скрыня.

Сябры кампаніі спасылаюцца на папярэдні досвед і заяўляюць, што гарантыі захаванасці бюлетэняў тых, хто галасаваў датэрмінова, няма. Больш за тое, існуе рэальная магчымасць іх падмены. На думку Сяргея Калякіна (і тут ён, прама скажам, не адзіны), менавіта з гэтай прычыны ўлады так настойліва прапануюць (а часам і прымушаюць) грамадзянам прыходзіць на выбарчыя ўчасткі датэрмінова. Гэта тычыцца перш за ўсё студэнтаў, вайскоўцаў, міліцыянераў, супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў. Сябры кампаніі нагадалі, што галасаваць у дзень выбараў ці не галасаваць наогул — канстытуцыйнае права кожнага грамадзяніна, а тых, кто прымушае людзей галасаваць датэрмінова, можна прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

Як супрацьстаяць ціску? Як даказаць, што яго ўжываюць? Куды звяртацца па дапамогу? Сяргей Калякін адказаў наступнае:

— Не хадзіце галасаваць датэрмінова. Не паддавайцеся ціску. Ёсць магчымасць здымаць тых, хто на вас цісне, на мабільны тэлефон і дасылаць гэта ў рэдакцыі СМІ ці на сайт кампаніі. Паколькі ціск на выбаршчыкаў з’яўляецца крымінальным злачынствам, то тыя, хто гэтым займаецца, вельмі баяцца галоснасці.

Сяргей Калякін прагназуе, што ў абласных цэнтрах актыўнасць выбаршчыкаў будзе значна меншая, чым у сельскай мясцовасці. Але назіральнікі не змогуць дакладна сказаць, колькі людзей прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, бо нават спісы тых, хто прагаласаваў, на тым ці іншым участку засакрэчаныя. Так што праверыць праславуты працэнт колькасці амаль немагчыма. Тым не менш кампанія “За справядлівыя выбары-2012” абяцае фіксаваць і правяраць усе звароты грамадзян. Іх можна дасылаць і па электроннай пошце: [email protected], і праз сайт www.vybary.com. Наведвальнікі сацыяльных сетак змогуць даслаць свае назіранні праз facebook.com/zaspravedlivye.vybory, Вконтакте і праз Twitter.

Акрамя таго, ва ўсіх абласных цэнтрах будуць працаваць “гарачыя лініі”:

Мінск — 029-6546005,

Брэсцкая вобласць — 6520042,

Віцебская вобласць — 3217679,

Гомельская вобласць — 6548656,

Гродзенская вобласць — 6669441,

Мінская вобласць — 6616176,

Магілёўская вобласць — 6043457.

Кампанія “За справядлівыя выбары-2012” адбываецца пад лозунгам: “Кантроль над выбарамі — кантроль над уладай”. Таму яе сябры разлічваюць на дапамогу ўсяго грамадства.

Поделиться ссылкой: