Па каментар “Народная Воля” звярнулася да Уладзіміра Някляева.

 – Скандалы ўнутры апазіцыі – гэта ці не ўсё, што ў ёй апошнім часам адбываецца, – кажа ён. – На жаль. Цяперашні скандал праз дылему: байкот ці ўдзел у выбарах? Кожная апазіцыйная структура абрала той падыход, які палічыла найбольш эфектыўным. Палітычная кампанія не скончылася, рэальных вынікаў (апроч скандалаў) пакуль ніякіх. Дык праз што скандалім? А галоўнае: дзеля чаго? Толькі дзеля таго, каб давесці, што нехта горшы, а нехта лепшы? Першы ў дэмакратычнай апазіцыі? Хто лепшы і першы ў дэмакратычнай апазіцыі? Ды ніхто, бо ўсім вядома, якая ў краіне ўлада! І зрынуць яе немагчыма, бо на гэта не хапае сіл. Народнай падтрымкі. Як яе займець? Праз байкот на канапе? Праз скандалы? Гэта і ёсць тактыка і стратэгія? З гэтым мы прыйдзем да прэзідэнцкіх выбараў?

Па словах Някляева, “праз кандыдатаў у дэпутаты, якіх кампанія “Гавары праўду” падтрымала на выбарах, мы займелі падтрымку тысяч і тысяч людзей, колькасна і аганізацыйна ўзмацнілі нашы структуры – найперш рэгіянальныя”.

– Апроч таго, мы зрабілі працу, якую мелі на мэце зрабіць тыя, хто тактыкай сваёй абраў байкот, – дадае палітык. – Мы правялі рэальна (а не на канапе) байкот у асобна ўзятай выбарчай акрузе (101-й). Пра тое, як рэальна рэагуе ўлада на рэальны байкот, сведчыць напад (са збіццём нашых актывістаў і журналістаў) на байкотны пікет “Гавары праўду”. Мы не кажам, што “структуры байкоту” (АГП, БХД) нічога байкотам не дасягнулі. Дасягнулі нечага. Давайце разбярэмся, чаго – і складзем дасягненні ў адзін кошык, а не будзем махаць імі, як палкамі. Калі азірнуцца на гісторыю кампаніі “Гавары праўду”, дык скандаламі мы можам пасупернічаць з усёй апазіцыяй разам узятай. Але не мы арганізоўвалі тыя скандалы – іх арганізоўвалі іншыя вакол нас. Цяперашні скандал не выключэнне. І мы (ва ўсякім разе я асабіста) не збіраюся ўцягвацца ў яго, як не ўцягваўся ў скандалы ранейшыя. Надта дарагі час, каб губляць яго на звягу.

Поделиться ссылкой: