Cустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі накіраваў зварот да кіраўніка грамадскай кампаніі “Гавары праўду” Уладзіміра Някляева, кіраўніка руху “За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, а таксама старшыні БСДП (Грамада) Ірыне Верштадт.

“Звяртаюся да Вас, як да адказных палітыкаў з напамінам пра тое, што 2 лютага 2012 г кіруемыя вамі арганізацыі: рух “За Свабоду”, ГК “Гавары праўду”, БСДП (Грамада) сумесна з партыяй БНФ падпісалі дэкларацыю «Аб грамадскай дыскусіі аб мэтах і формах удзелу беларускай апазіцыі ў «выбарах-2012» у якой, у прыватнасці, заяўлялася:

«Мы безумоўна лічым, што дэмакратычныя кандыдаты не могуць заставацца ў бюлетэні для галасавання ў той час, як у краіне існуюць палітычныя зняволеныя. Мы патрабуем ад беларускіх уладаў хутчэйшага іх вызвалення. Мы будзем заклікаць ўсіх прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці Беларусі зняць свае кандыдатуры пасля выкарыстання ўсіх магчымасцяў агітацыйнай кампаніі за тыдзень да пачатку датэрміновага галасавання ў выпадку, калі да гэтага часу ўсе пятнаццаць палітычных зняволеных не будуць вызваленыя, ці ў краіне з’явяцца новыя палітычныя зняволеныя».

Вам добра вядома пра тое, што палітвязні да гэтага часу застаюцца ў вязніцах, іх становішча   толькі пагаршаецца. Тэрмін турэмнага зняволення Зміцера Дашкевіча быў працягнуты амаль на год. Гэткае ж пакаранне пагражае і іншым палітычным зняволеным.

Нягледзячы на гэтае, на дадзены момант, толькі партыя БНФ выказалася аб магчымым выкананні падпісанай дэкларацыі.

Да дня «выбараў» засталося крыху больш за тыдзень, да пачатку галасавання — 3 дні.
Яшчэ не позна выканаць абавязацельствы, прынятай вамі дэкларацыі і публічна звярнуцца да грамадзян краіны.

Дзеля адзінства дэмакратычнай апазіцыі, пра якое так шмат гаварылася ў апошнія месяцы, сёння неабходна няшмат — выкананне вамі і вашымі арганізацыямі ўзятых на сябе і агучаных публічна абяцанняў.

Гэты крок дазволіць спыніць нарастаючае супрацьстаянне паміж дэмакратычнымі актывістамі і дасць магчымасць для сумеснай працы беларускай дэмакратычнай апазіцыі ў найбліжэйшай будучыні”.

Рэакцыі адрасатаў гэтага зварота пакуль няма. Чакаецца, што заўтра, ў суботу, аб зняцці з выбараў абвесцяць толькі кандыдаты партыі БНФ і Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Поделиться ссылкой: