Прыязджаў надоечы ў агракамбінат сам галава дзяржавы, ставіў у прыклад гаспадаранне тутэйшых кіраўнікоў, а гендырэктара Леаніда Зайца зрабіў нават міністрам сельскай гаспадаркі… Думалі месцічы: не міне Аляксандр Рыгоравіч і Слабодку, але дзе там! Картэж паехаў іншай дарогай, абмінуўшы вясковыя каляіны і калдобіны. І тады вясковая грамада выправіла старасту Слабодкі Анатоля Безава ў сталіцу, каб той — у каторы ўжо раз — паспрабаваў знайсці праўду, дабіцца, значыць, якой помачы ад начальства. Гэтым разам вырашылі “камандзіраваць” старасту (не паверыце!)… у Цэнтральную выбарчую камісію, да самой Лідзіі Ярмошынай. Гэтак і зрабілі, але вынік быў той жа, што і раней: “паштальёна-старасту” выслухалі, падпісаны ліст-просьбу вяскоўцаў прачыталі, але ніякай рады не далі. Праўда, пісьмовы адказ з Цэнтрвыбаркама за подпісам Ярмошынай даслалі праз тыдзень. У ім літаральна некалькі сказаў: маўляў, не справа ЦВК займацца вясковай дарогай, таму гэты ліст яны пераслалі ў Міністэрства транспарту і камунікацый. Калі падумаць, то і напраўду — не клопат ЦВК разбірацца з рознымі калдобінамі, іхны клопат — правільна арганізаваць выбары ў парламент…

Едучы ў Слабодку (вырашыў-такі адгукнуцца на званок людзей), каб на месцы ўсё пабачыць, думаў сабе: ну няма тут аніякай логікі — шукаць рады ў спадарыні Ярмошынай; няўжо людзі не разумеюць, дзеля чаго існуе ў дзяржаве такая інстытуцыя, як ЦВК?.. І потым, ёсць жа ў раёне дарожна-рамонтная служба, якая прызвана сачыць за станам дарожнага пакрыцця, рамантаваць яго. Няўжо настолькі кепска з фінансаваннем, што “кантора” ніяк не можа адрамантаваць якія паўтара кіламетра дарогі? І яшчэ здзіўляла: агракамбінат “Дзяржынскі” — флагман сельскай гаспадаркі, высокарэнтабельнае, сучаснае сельгаспрадпрыемства. Толькі летась тут вырабілі 40 тысяч тон птушынага мяса! Прыбыткі — як нідзе па Беларусі… Таму і хваляць яго, а дырэктар ужо ў міністрах. Раней “Дзяржынскі” узначальваў Сямён Шапіра, кажуць, добрым быў гаспадарнікам, таму і пайшоў вышэй: спачатку міністрам сельскай гаспадаркі зрабіўся, потым гродзенскім губернатарам… Цяпер во і Заяц яго следам ідзе… Словам, агракамбінат — не адно паспяховае прадпрыемства, але і стартавая пляцоўка для кар’ернага росту. Дык няўжо былыя і цяперашнія гаспадары-кіраўнікі не ў стане былі дапамагчы людзям — падлатаць тую вясковую дарогу?..

Але хопіць разважанняў. Зварочваю з трасы М-1 у напрамку Слабодкі: вёска амаль прымыкае да “алімпійкі” — якіх паўтара кіламетра да ваколіцы. Якраз гэты адрэзак і ёсць прадмет згрызот паміж жыхарамі і вертыкаллю ўсіх узроўняў. Сапраўды, асфальтавае пакрыццё нікуды не вартае — яміна на яміне, толькі паспявай выкручваць баранку, калі хочаш, каб не ляснула хадавая… Шчыра кажучы, такіх “танкадромаў” нагледзеўся досыць, таму асаблівага здзіўлення “дарога мясцовага значэння” не выклікала — бывала і горай…

З Анатолем Данілавічам, вясковым старастай, сустрэліся на ягонай сядзібе. Былы марпех, потым ляснік мясцовага лясгаса — яшчэ спраўны, энергічны мужчына. — У нашай Слабодцы, — кажа, — каля сотні двароў, але пераважная большасць жыхароў — пенсіянеры. Таму і ўсклалі на мяне місію “хадака за праўдаю” ў розныя інстанцыі… Памагае яшчэ старэйшая сястра Валянціна Сцяпанаўна, яна жыве побач, і яна ж збірала тыя подпісы аднавяскоўцаў… Ведаеце, дарога з трасы да вёскі — самі бачылі — ушчэнт разбітая. Калі хто выклікае “хуткую дапамогу”, то проста бяда — вытрасе тая “хуткая” душу з хворага. І ўвогуле — пра нас забыліся і ўлады, і мясцовае кіраўніцтва агракамбіната…

— Але чаму менавіта пайшлі за дапамогаю ў ЦВК? — пытаюся ў чалавека. — Гэта ж не тая інстанцыя, якая можа вырашыць праблему…

— А таму, — адказвае Данілавіч, — што ні ў раёне, ні ў аблвыканкаме, ні ў сельсавеце, ні нават у Адміністрацыі прэзідэнта не дапамаглі: нашы паперы-скаргі, просьбы ўжо два гады ходзяць кругалём, толькі і ўсяго… Ну, народ і вырашыў звярнуцца да спадарыні Ярмошынай, мо яна неяк паспрыяе — выбары ж на носе… Гэткім чынам людзі як бы даюць зразумець: калі не можаце вырашыць нашу праблему, то навошта нам хадзіць на тыя выбары — усё роўна ніякага толку… Мы ж яшчэ адсылалі свае просьбы (уявіце сабе!) у штаб Лукашэнкі, калі той абіраўся на пасаду прэзідэнта… І што?! Нулявы вынік. То што казаць пра розных там дэпутатаў…

— А што кіраўніцтва агракамбіната? Гэта ж плёвая справа для багатай гаспадаркі — капітальна адрамантаваць кавалак дарогі…

— Можа, яно і так, але нікому не смыліць. Для кіраўніцтва галоўнае — вытворчасць птушынага мяса, прыбытак і ўласная кар’ера. А нейкія там пенсіянеры-вяскоўцы з іх праблемамі, ды якія жывуць на перыферыі — нікога не хвалююць. Галоўнае — каб фасад флагмана выглядаў вабна, а ўсё астатняе — другараднае… Між іншым, магу паказаць, што робіцца і за фасадам. Давайце праедзем у бок Вязынкі, там пабачыце на свае вочы, як “умела” распараджаюцца зямлёю нашыя гаспадарнікі. Шкада, што плён таго гаспадарання не пабачыў прэзідэнт, калі наведваў тутэйшыя мясціны.

Паколькі “дарожная тэма” стала вычарпанай, прымаю прапанову Анатоля Данілавіча — едзем у бок Вязынкі і Чаркасаў. Абедзве вёскі ўваходзяць у вытворчае падраздзяленне агракамбіната “Дзяржынскі” — раней гэта быў СПК “Фалько-2003”. Праз якія 20 хвілін на месцы, на маляўнічым пагорку. Па адзін бок яго — жывёлагадоўчая ферма, па другі — як вокам змераць — велізарная, у некалькі гектараў зарослая бур’янам пустка. І пасярод яе — агромністы катлаван з забітымі бетоннымі палямі. Наводдалі — заржавелы, з абрынутым долу каўшом экскаватар, яшчэ далей — незразумелага прызначэння паўразбураныя хібары. Адразу відаць: нешта меліся будаваць, але ўсё кінулі-рынулі, і цяпер адно вецер гайдае высахлы быльнёг. Экскаватар ператварыўся ў металалом, некалі ўрадлівае поле — не то пясчаны кар’ер, не то ваенны палігон…

— Гады два таму тут пачалі будоўлю, — тлумачыць мой спадарожнік, — меліся ўзвесці вялікі жывёлагадоўчы комплекс. Але нешта не зраслося — кінулі як ёсць… Урадлівы слой глебы знялі, немаведама куды падзелі, цяпер во — гуляй-поле. А колькі грошай убухалі — і не палічыць! А вы кажаце — флагман сельскай гаспадаркі, узор для іншых… За такія рэчы, за такое гаспадаранне — рукі б паадрываць. Але сюды прэзідэнта — вядомая справа — не прывезлі… От пакажыце праз вашу газету ўсяму народу, што насамрэч за фасадам знакамітага агракамбіната.

Ды калі ласка, шаноўны чалавек… На тое мы і Народная…

Забытая Слабодка...

Забытая Слабодка...

Забытая Слабодка...

Забытая Слабодка...

Забытая Слабодка...

Забытая Слабодка...

Забытая Слабодка...

Забытая Слабодка...

Забытая Слабодка...

Забытая Слабодка...

Забытая Слабодка...

Забытая Слабодка...

Забытая Слабодка...

Фота аўтара.

Поделиться ссылкой: