Панядзелак. Абедзенны час. Дождж… Ля магазіна “Стольны” ўжо з тыдзень сіратліва стаіць агітацыйны стэнд. Кірую туды… А раптам на стэндзе нешта з’явілася — ну хоць бы фотавыява кандыдата, хто ён ды што… Поўнае расчараванне: ні партрэта, ні праграмы, ні агітатараў. Пэўна, не раскачагарылі агітацыйную “шарманку”, а можа, дождж усяму віной — каму ахвота мокнуць пад марасейчыкам. Добра, еду далей…

Ля Маскоўскага рынку яшчэ адзін стэнд, але зноў неспадзеў — і там ні душы. Да ўсяго ветрам садрала паўпразрысты пластык — матляецца, як кабыліны хвост. Агітатараў-прапагандыстаў і блізка не відаць, мусіць, вырашылі перанесці сваю агітацыю на аўторак. Ведама ж, няма горай, як пачынаць справу з панядзелка…

Але не губляю надзеі, кручу баранку да гандлёвага “Кірмашу”, што на праспекце газеты (неіснуючай) “Правда”. Народ там круціцца ад самага рання, то, можа, там на ўсю моц агітуюць? Нічога падобнага: голы стэнд мокне на самым бачным месцы, людзі бягуць міма, не звяртаючы на яго ніякай увагі. І што рабіць? Раптам набягае думка: а можа, такая нягеглая “сітуёвіна” з агітацыяй толькі ў маім раёне, можа, дзе-небудзь у цэнтры горада па-іншаму? Усё ж цікава…

Філармонія і Камароўка — вось дзе тусуецца народ. Выратавальная здагадка пагнала туды. Калі ўжо там па нулях, то гэта проста здзек з галоўнай палітычнай дзеі года. Хіба ж можна так абыякава ставіцца да лёсавызначальнай падзеі?!.

Агітацыйны стэнд — акурат насупраць філарманічнай каланады, і ўваход у метро — за два крокі. Вось толькі агітатараў нямашака. Затое на стэндзе файны партрэт кандыдата ў дэпутаты і раздрукаваная праграма. Кандыдат — Дзмітрый Шаўцоў, балатуецца па Коласаўскай акрузе №106… Праўда, да стэнда ніхто не спяшаецца. Адно бабулька з парасонам падышла, тры секунды пастаяла, па-старэчы ўзіраючыся ў будучага дэпутата (калі выберуць), і пашоргала сабе далей.

Стаяць пад дожджыкам не было ахвоты, таму шыбую ў бок Камароўкі. Але ранейшага імпэту як і не было, прапаў запал. Штосьці падказвала: і тут — ды яшчэ ў небазарны дзень — нічога путнага не сустрэну. Так яно і было: прамоклы стэнд і ўсё той жа партрэт Дзмітрыя Шаўцова… Народ спяшаўся па сваіх справах, абмінаючы той стэнд, як перашкоду… Паспрабаваў запытацца ў хлопца (ён таптаўся паблізу бронзавага коніка), што той думае пра выбарчую кампанію. Але маладзён так паглядзеў на мяне, што лепш бы яго не пытаць… А пасля яшчэ і прыгваздзіў парачкай слоўцаў, якія брыдка вымаўляць… Таму і я прамаўчу. Карацей, выснова такая: у панядзелак у мінчукоў пераважала агульная млявасць і поўная абыякавасць. Можа, дажджлівае надвор’е таму прычына, а можа, яшчэ што — халера яго ведае…

Перадвыбарная агітацыя: агульная млявасць і поўная абыякавасць... (фота)

Перадвыбарная агітацыя: агульная млявасць і поўная абыякавасць... (фота)

Перадвыбарная агітацыя: агульная млявасць і поўная абыякавасць... (фота)

Перадвыбарная агітацыя: агульная млявасць і поўная абыякавасць... (фота)

Фота аўтара

Поделиться ссылкой: