У black-лісце памежнай службы па-ранейшаму знаходзяцца трое сябраў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”: шэф-рэдактар газеты “Наша Ніва” Андрэй Дынько, афіцыйны прадстаўнік тэлеканала “Белсат” у Беларусі Міхась Янчук, а таксама прэс-сакратар былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў.

Першыя двое акурат нядаўна звярталіся ў свае тэрытарыяльныя Аддзелы па грамадзянству і міграцыі, дзе яшчэ раз атрымалі пацверджанне ўласнага абмежаванага статусу. Нагадаем, што абодва сябра ГА “БАЖ” былі ўнесеныя ў “чорныя спісы” па ініцыятыве Міністэрства абароны Беларусі.

Міхась Янчук здолеў праліць святло на механізм, з дапамогай якога прозвішчы вядомых журналістаў апынуліся ў спісе людзей, што ўхіляюцца ад прызыву на вайсковую службу. Супрацоўніца памежнага кантролю, якая размаўляла з ім падчас няўдалай спробы перасячы мяжу, дазволіла журналісту зазірнуць у той самы спіс забароненых асобаў.

Як высветлілася, у спісе насупраць кожнага “абмежаванага” чалавека пазначана прозвішча канкрэтнай службовай асобы, адказнай за забарону на выезд. У выпадку з Янчуком такой асобай апынуўся вайсковы камісар Рэчыцкага раёна, дзе журналіст ніколі не жыў і не працаваў.

Міхась Янчук здолеў датэлефанавацца да рэчыцкага чыноўніка, які пацвердзіў, што ў базе насупраць імя журналіста насамрэч стаіць ягонае прозвішча. Разам з тым вайсковы камісар паабяцаў пры сустрэчы выдаць Янчуку даведку, што ніколі не бачыў яго справу і не забараняў выезд з Беларусі.

З гэтага выпадку Міхась Янчук робіць выснову, што дзяржаўныя чыноўнікі зрабілі ўсё магчымае, каб выключыць уласнае прозвішча з базы невыязных было як мага складаней.

Поделиться ссылкой: