Па словах прадстаўніцы ведамства, гэтай праблеме сёння надаецца вельмі шмат увагі. Праводзяцца штодзённыя мерапрыемствы, рэйдавыя праверкі, маніторынг. Так, напрыклад, за студзень—ліпень гэтага года “злавілі” больш за 130 таксістаў-нелегалаў, а агульная сума штрафаў склала 142 мільёны рублёў. Надзея Болдырава паведаміла, што пакуль канфіскацый машын не было, але “праца ў гэтым накірунку вядзецца”. Адным словам, не выключана, што ў бліжэйшы час гэтая норма пачне дзейнічаць.

— Я толькі падтрымаю такое рашэнне, бо нелегалы — бы тая чума, — распавядае “Народнай Волі” таксіст адной са сталічных служб. — І змагацца з імі вельмі цяжка, бо не будзеш жа колы ўсім прабіваць. Хоць яны забіраюць мае грошы, мой заробак. Чаму я, які плачу падаткі, каб сумленна працаваць, павінен несці такія страты? Некаторыя нелегалы кажуць: “Мне трэба падзарабіць, каб сям’ю карміць…” А мне не трэба? Калі вам чалавек залазіць у кішэню — гэта нармальна? Таму няхай забіраюць машыны — можа, хоць гэта саб’е пыл з нелегалаў. Але я мала веру, што так яно і будзе.

— Чаму?

— Могуць забраць некалькі машын для “карцінкі”, як кажуць, у “лопухаў”. У вопытных нелегалаў, упэўнены, ніхто забіраць не будзе, таму што гэтыя ж “таксісты” таксама дзеляцца прыбыткам з пэўнымі “заступнікамі”, якія пры ўладных пасадах. Паглядзіце, колькі нелегалаў на вакзале. Што, пра гэта ніхто не ведае? Гэта ж цэнтр горада! Але ж стаяць, працуюць, як і раней. А яны мне тут пра нейкія рэйды за паўгоддзе локшыну на вушы вешаюць. Гэта тое самае, як у свой час з валютчыкамі. Зловяць некалькі для справаздачы — астатнія працуюць. Але за гэта трэба пэўным людзям даць “на лапу”. Вось такая ў нас сістэма…

Па словах прадстаўніка прафсаюзнай арганізацыі таксі “Садружнасць” Наталлі Дамашэвіч, “нелегалы і на самай справе вялікая праблема”.

— Пра тое, што ў таксістаў-нелегалаў будуць канфіскоўваць машыны, мы ўжо чуем не першы дзень, — кажа яна. — У легальных таксістаў проста забіраюць заробак канкурэнты. Мы не кажам, што, калі вы некага падвезі на машыне, ён пакінуў нейкія грошы, то вас можна аўтаматычна залічваць у нелегалы. Размова ідзе пра тых, хто ў гэтым накірунку працуе сістэматычна. Нелегалы звычайна стаяць ля самых “хлебных месцаў” — на стаянках каля дарагіх рэстаранаў, начных клубаў. Яны перахопліваюць кліентаў, хоць цэны ў іх вышэйшыя. Адсюль і канфлікты паміж нелегаламі і легальнымі таксістамі. Адным словам, праблема існуе, і яе трэба нейкім чынам вырашаць…

Поделиться ссылкой: