Пасля публікацый крытычных артыкулаў многія хібы і парушэнні былі ўрэшце ліквідаваны. Здавалася, з дапамогаю СМІ праўда і справядлівасць перамаглі, парадак наведзены і самы час паставіць кропку у гэтай банальнай гісторыі. Але дзе там!..

Неўзабаве высветлілася, што кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства і не думала саступаць сваім “крыўдзіцелям”. Папросту пачало помсціць лю-

дзям. І не ў галаве было начальству, што ўсё яшчэ дзейнічае Закон Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 года №300-3 “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”. У артыкуле 5 Закона (Гарантыі правоў заяўнікаў) так і сказана: “Не дапускаць ушчамлення правоў, свабод і (альбо) законных інтарэсаў заяўнікаў, іх прадстаўнікоў, членаў сямей заяўнікаў-грамадзян у сувязі з іх зваротам у арганізацыі, да індывідуальных прадпрымальнікаў”.

Як толькі вытворчыя хібы больш-менш выправілі, пачалі ціснуць на тых, хто падпісаў ліст-крыўду. Перш-наперш узяліся за ініцыятара пісьма Аляксея Казырэвіча. Той якраз ляжаў у бальніцы, а як выйшаў з яе, то быў нямала здзіўлены: яго не дапусцілі на працу, прычым без усялякіх абгрунтаванняў. Спробы дамагчыся хоць бы якога растлумачэння нічога не далі, чалавека папросту не захацелі слухаць. Натуральна, спадар Казырэвіч вымушаны быў звярнуцца да журналістаў. Адзін з іх (карэспандэнт “7 Дзён” Артур Мехціеў) меў нават гутарку са старшынёй Талачынскага райвыканкама. Пасля размовы журналіста з мясцовым “вертыкальшчыкам” Казырэвіча дапусцілі-такі да працы. І зноў падалося, што канфлікт вычарпаны, што можна з палёгкай уздыхнуць. Аднак…

Праз які тыдзень кіраўнік ААТ “Звянячы” Рудзянок (не прайшоў зараз пераатэстацыю) піша ўчастковаму інспектару заяву-скаргу на Казырэвіча: быццам апошні 9 красавіка 2010 года без дай прычыны хапаў яго за вопратку, пры гэтым зневажаў ягоную годнасць. І што ж абаронца правоў грамадзян, інспектар Талачынскага РАУС Ігар Шайтар?.. Канечне, складае пратакол на Казырэвіча, які нібыта ўчыніў адміністрацыйнае правапарушэнне. Яму і не ў галаве, што пры гэтым сам парушае працэсуальныя нормы. Чаму так? А вельмі проста: інспектар нават не захацеў выслухаць довады спадара Казырэвіча ці хоць якія паказанні сведкаў. А варта было б… Ну як той Казырэвіч мог хапаць свайго начальніка за вопратку і зневажаць яго, калі якраз у гэты час праходзіў курс лячэння ў стацыянары Аршанскай бальніцы?.. Неверагодна, але і гэтым разам справядлівасць нібыта ўзяла верх: пастановай суда Талачынскага раёна справа аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах да Аляксея Казырэвіча была спынена на падставе п.1 ч.1 арт.9.6 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь у сувязі з адсутнасцю здарэння адміністрацыйнага правапарушэння.

Цікава, што нават прысутныя на працэсе журналісты мелі магчымасць азнаёміцца з пратаколамі апытання сведкаў. І высветлілася, што ў тых пратаколах маюцца шматлікія выпраўленні-падробкі. На ўсялякі выпадак былі зроблены ксеракопіі тых гора-пратаколаў. А яшчэ ў размове з журналістамі адзін са сведкаў — М.Мяснікоў — прызнаўся, што яму пагражаў участковы: маўляў, будзеш звольнены з працы, калі не падпішаш неабходныя паказанні. У беднага сведкі ад страху так дрыжэлі рукі, што за яго подпіс зрабіў сам участковы міліцыянер.

Фальсіфікацыя пратакола была настолькі відавочнай, што па патрабаванні пракурора Талачынскага раёна ўчастковы інспектар быў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. А начальніку Талачынскага РАУС Сяргею Барвянкову было вынесена афіцыйнае папярэджанне  аб недапушчальнасці здзяйснення паўторнага правапарушэння. Але во дзіўна: неўзабаве стала вядома, што інспектар Шайтар з участковага зрабіўся намеснікам начальніка аддзела правапарадку і прафілактыкі Талачынскага

РАУС. Ну і хай сабе падвысілі па службовай лесвіцы — можа, чым добрым вылучыўся ці там яшчэ што… Галоўнае, зноўку можна было ставіць кропку ў гісторыі. Да таго ж на той час дырэктар ААТ “Звянячы” за шматлікія  парушэнні не прайшоў атэстацыю і быў адхілены ад пасады. Але гісторыя не скончылася, наадварот, мела свой працяг…

Упраўленнем ведамаснага кантролю Віцебскага аблвыканкама была праведзена рэвізія АТ “Звянячы”. Па яе выніках было ўстаноўлена, што з-за нядбайнага выканання сваіх службовых абавязкаў былым старшынёй кааператыва М.Рудзянком прадпрыемству прычынена шкода ў памеры 27.097.400 рублёў. У эквіваленце і па курсе на той час (красавік 2011 года) гэта блізу 10.000 долараў. Як так атрымалася? А вельмі проста: спадар Рудзянок парушыў патрабаванні якраз працоўнага заканадаўства, уладкоўваючы на працу (адразу на некалькі пасад) спадарыню Лукашэвіч… Такое працаўладкаванне пацягнула залішнія выплаты заработнай платы, вылілася ў вельмі кругленькую суму. Зразумела, акт рэвізіі быў накіраваны ў

РАУС Талачынскага раёна для прыцягнення фігурантаў да адказнасці.

І што ў выніку?.. Прайшло паўтара года, а спадарыня Лукашэвіч як працавала на сваім месцы, так і працуе. Грошы кааператыву так і не вернуты… Цікавы момант: жанчына займала адразу 5 пасад, рэгулярна атрымлівала зарплату. Адно незразумела: як можна адначасова ўпраўляцца з работай у пяці месцах — ну проста ўдарніца…

Тым часам месцічы звярнуліся ў Дзяржкантроль, з тым каб справа была даведзена да канца ды ўрэшце парадак быў наведзены, а вінаватыя пакараны. Але з Талачынскага РАУС прыйшло пісьмо, у якім чорным па белым напісана: “3 чэрвеня 2011 года ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да Лукашэвіч Р. адмоўлена на падставе арт.29. ч.1 п.2 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у сувязі з неўстанаўленнем у яе дзеяннях складу якога-небудзь злачынства”. Пры гэтым матэрыял праверкі (для прад’яўлення адпаведнага іску) накіраваны ў пракуратуру Талачынскага раёна.

Мінуў яшчэ адзін год. Але матэрыяльную шкоду, нанесеную сельгаспрадпрыемству “Звянячы”,  так ніхто і не кампенсаваў. Спадарыня Лукашэвіч як займала некалькі пасад, так і займае. Ды яшчэ лічыць сябе пакрыўджанай: маўляў, грошы зарабляю сумленнай працай. Можа, яна і мае рацыю, можа, сапраўды майстрыха на ўсе рукі, але ж груба парушана працоўнае заканадаўства… Значыцца, камусьці вельмі хацелася дагадзіць гэтай жанчыне, нават нягледзячы на тое, што парушаецца закон…

Днямі журналісты (уключаючы аўтара гэтай нататкі) наведалі пракурора Талачынскага раёна Івана Антонавіча Ёдзіса. З размовы выцякала, што справа ўсё ж будзе накіравана ў суд, але іск прад’явяць не Лукашэвіч, а былому старшыні СВК “Звянячы”, які яе ўсімі праўдамі і няпраўдамі працаўладкоўваў…

Ва ўсёй гэтай гісторыі здзіўляе і наступнае: начальнік Талачынскага РАУС спадар Барвянкоў вельмі ўжо паблажліва ставіцца да, мякка кажучы, неправамерных дзеянняў звянячынскіх начальнікаў, ледзь не схільны іх абараняць… Калі журналіст адной рэспубліканскай газеты (дзяржаўнай, заўважце) звярнуўся да яго з просьбай пракаментаваць канфлікт, той у катэгарычнай форме адмовіўся з ім размаўляць. Тады карэспандэнт нагадаў яму, што варта кіравацца ўсё ж законамі Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”, “Аб сродках масавай інфармацыі”… Толькі міліцэйскі начальнік у адказ заявіў, што за сваё зневажанне пасадзіць яго… Але за што такая пагроза?! За тое, што журналіст выконвае сваю работу, кіруецца законамі Рэспублікі Беларусь, Указам Прэзідэнта  №65 ад 6 лютага 2009 года “Аб удасканаленні работы дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый са сродкамі масавай інфармацыі”?.. Між іншым, якраз ва ўказе сказана: “ У мэтах забеспячэння своечасовага і аб’ектыўнага інфармавання грамадскасці аб падзеях сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага жыцця краіны:

1.Устанавіць, што:

1.1.кіраўнікі дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый (калі не вызначана іншае, далей — дзяржаўныя органы) нясуць персанальную адказнасць за стан работы са сродкамі масавай інфармацыі (далей — СМІ)”.

Ну і гэтак далей… Шкада, што людзі, якія пакліканы  сачыць за выкананнем законаў Рэспублікі Беларусь, самі ж і парушаюць іх.

І яшчэ адзін момант у гэтай працяглай па часе гісторыі, паказальны з пункту гледжання дзейнасці ўсёй так званай “вертыкалі”. Па дадзеным інцыдэнце спадар Казырэвіч падаў скаргу на імя міністра МУС і быў нямала здзіўлены тым, што па яго скарзе на начальніка Талачынскага РАУС прыйшоў разбірацца… участковы. Ды і кажа аўтару скаргі: не магу я, маўляў, супраць свайго начальніка каціць бочку.

У выніку, як можна здагадацца, з МУС прыйшла адпіска: парушэнняў не выяўлена…

Адным словам, наша міліцыя нас беражэ, а яшчэ больш — сама сябе сцеражэ. А яна ж існуе на сродкі падатка-

плацельшчыкаў, яна — твар дзяржавы, так бы мовіць… Наколькі ён прывабны — табе, чытач, меркаваць самому.

Талачынскі раён.

Поделиться ссылкой: