Паказальная выбарчая кампанія Аляксандра Мілінкевіча дае прадказальныя вынікі. Кіраўнік Руху за Свабоду, былы кандыдат у прэзідэнты і пазнавальны лідар апазіцыі пайшоў на выбары ва Уруччы. Гэта адносны малады раён Мінска, заселены сярэднім класам. У яго склад уваходзіць і вайсковы гарадок.

Мілінкевіч лічыць, што выбары даюць магчымасць камунікацыі з людзьмі і такі шанец трэба выкарыстоўваць.

Ён адзін з нешматлікіх дзеячоў апазіцыі, якія збіраюць подпісы за сваё вылучэнне. Большасць іншых абмяжуецца вылучэннем ад партый, каб атрымаць магчымасць выступіць на радыё і апублікаваць альтэрнатыўную платформу ў газетах.

Нават у сімвалічнай акрузе Мілінкевіча ўлады не імкнуцца стварыць «астравок празрыстасці».

Асаблівасць беларускіх выбараў у тым, што выбарчыя камісіі фармуе лукашэнкаўская вертыкаль. Улады таксама не пагаджаюцца, каб падлік галасоў ішоў на вачах назіральнікаў. Дзіва што ў палаце прадстаўнікоў 110 месцаў са 110 займаюць прыхільнікі Аляксандра Рыгоравіча.

У склад участковых камісій Уручскай выбарчай акругі № 109 былі вылучаны 52 прадстаўнікі Аляксандра Мілінкевіча, з іх 42 чалавекі прадстаўляюць Беларускую партыю «Зялёныя», Партыю БНФ і грамадскае аб’яднанне«БНФ-Адраджэнне». Ніхто з іх у склад участковых выбаркамаў не быў уключаны.

Па тых, хто вылучаўся ў склад камісій праз подпісы грамадзян раёна, інфармацыі пакуль няма.

Сваё рашэнне кіраўніцтва Першамайскага раёна сталіцы патлумачыла так: маўляў, у камісіі былі ўключаныя асобы, якія мелі адпаведны досвед падчас мінулых выбарчых кампаній, «сумленныя і прыстойныя»,

а таксама «маючыя аўтарытэт і павагу ў сваіх працоўных калектывах».

Сапраўды, патрэбна асаблівая «сумленнасць і прыстойнасць», каб займацца такой справай.

Поделиться ссылкой: