Такая лічба як быццам была атрымана каляпрэзідэнцкімі сацыёлагамі па выніках апытання… і ў яе проста немагчыма паверыць. Таму “Народная Воля” вырашыла пацікавіцца ў звычайных людзей:

Вы верыце ў тое,
што 83 працэнты выбаршчыкаў гатовы браць удзел
у галасаванні на маючых
адбыцца выбарах?

Ядвіга Кійко,
г.Баранавічы, настаўніца музыкі:

—  Асабіста я ніяк не магу пагадзіцца з “прагнозам” улад адносна колькасці беларусаў, якія быццам бы гатовы прыняць удзел у восеньскіх парламенцкіх выбарах. Гэтаксама думаюць і мае сябры, знаёмыя, не кажучы ўжо пра блізкіх і далёкіх родзічаў-сваякоў. То адкуль тыя 83 працэнты, пра якія баюць лукашэнкаўскія прапагандысты і кішэнныя сацыёлагі?! Трэба быць поўным ідыётам, каб паверыць у сумленнасць Ярмошынай і кампаніі, усёй гэтай збанкрутаванай сістэмы. Колькі можна наступаць на адны і тыя ж выбарчыя граблі?!. Хай сабе гуляюць у свае гулі, нам таго клопату… Байкот і толькі байкот! Гэта, можа, адзінае, на што яшчэ здольныя беларусы. Калі не можам прыпадобніцца да арабаў, то хоць пакажам дулю ў кішэні…

Міхаіл Туравец,
г. Мінск, працуючы пенсіянер, энергетык:

— Ніякія выбары пры дадзенай сістэме “ўладных каардынат” не выклікаюць у мяне даверу. Адсюль рабіце выснову… Калі зусім коратка, то мне цяжка паверыць, што 83 працэнты суайчыннікаў рынуцца на выбарчыя ўчасткі. Чаму? Трэба зусім сябе не паважаць, каб у чарговы раз нас абвялі вакол пальца. Хопіць папярэдніх “парламентаў”, якія адно — для блізіру, для мэблі, як кажуць… Але ў кожнага свая галава на плячах, свой розум і сваё сумленне. І потым… Сказалі 83 працэнты, то так і зробяць. Хіба ім упершыню мухляваць з лічбамі?

Лізавета Станкевіч, Мінск, пенсіянерка:

— Не ведаю, як іншыя, але мне падаецца, што наўрад ці гэтулькі людзей ахвяруюць уласным часам дзеля сумніўных выбараў. Праходзілі ж “выбарчыя ўрокі” неаднойчы… І што? Толькі і думаеш, як выжыць, як пракарміць сям’ю на тыя пенсіённыя капейчыны, якія табе кідаюць нібы жабраку. Палітыкі, улада жывуць самі па сабе, а ўсе астатнія — выжываюць, як могуць… Таму я лепш паеду на дачныя соткі ці займуся хатняй гаспадаркай — гэта і карысна, і хоць якое задавальненне. А выбары дэпутатаў… Гэта для тых, каго ўсё задавальняе. Пакуль не выкуецца нейкая грамадзянская супольнасць, а яна куецца не хаджэннем “быкоў на пагібель”, — то ці варта патураць тым, хто вам дурыць галовы?

Апытанне праводзіў Георгій ЧЫГІР

Поделиться ссылкой: