Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Справаводства па-беларуску!» Ігар Случак, які падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне яго кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу па Гомельскай Савецкай выбарчай акрузе № 34, падчас пасяджэння камісіі пазнаёміўся са сваімі патэцыяльнымі супернікамі. Пра некаторых з іх да гэтага дня ён не ведаў зусім нічога.

— На пасяджэнні па рэгістрацыі ініцыятыўных груп мы пазнаёміліся з Яраславам Гараненкавым асабіста і перакінуліся парай словаў. Ён рабочы аднаго з заводаў Гомеля, майго ўзросту моцны хлопец, які распавёў, што яго вылучэнне было шокам для кіраўніцтва заводу. Ён ужо меў з імі гутарку, але ўсё роўна пойдзе на выбары, бо, па яго словах, трэба ўскалыхнуць багну, і што прыйшоў ужо час маладых. Ну, проста чалавек з апошняга альбому “Ляпісаў”, іншых асацыяцый у мяне не ўзнікае, — пракаментаваў знаёмства з суперінкам Ігар Случак.

 Дарэчы, сам Случак таксама незвычайны прэтэндэнт. Яго называюць “народным кандыдатам” ад “Фэйсбука”.

«І акругу, па якой я вылучаюся, выбралі карыстальнікі сацыяльнай сеткі праз апытанне. 60% членаў маёй ініцыятыўнай групы прыйшлі да мяне праз сацыяльныя сеткі, я даў аб’яву-запрашэнне паўдзельнічаць у кампаніі, і людзі адгукнуліся. Было каля 30 ахвотных, я ўключыў у ініцыятыўную групу 14 чалавек — самых надзейных і цікавых, сярод якіх рэкламшчыкі, журналісты, настаўнікі і музыканты», — расказаў Случак.

Мэту свайго ўдзелу ў выбарах Ігар Случак называе адну: «Я іду на выбары, каб можна было легальна пагаварыць аб праблеме беларускай мовы, паказаць магчымасць хоць нейкай трэцяй сілы, таму што людзям надакучылі і праўладныя, і апазіцыйныя кандыдаты з іх незразумелымі і нецікавымі кампаніямі».

Поделиться ссылкой: