Але людзі ад жывёл тым і адрозніваюцца, што здольны клапаціцца пра высокае, узнёслае, пра ідэалы. Напярэдадні Дня незалежнасці ў дубровенскай раёнцы (гэта ў той жа Віцебскай вобласці) я прачытала бліц-апытанне пра патрыятызм — у людзей цікавіліся, каго ў нашы дні можна лічыць патрыётам? І ніхто не сказаў, што патрыёт — гэта той, хто ў патрэбных месцах уладзе падчаўквае. «Гэта чалавек, які любіць сваю краіну, які беражэ яе традыцыі і здольны да самаахвяравання на карысць сваёй Радзімы», — адказала нейкая Таццяна, 26 гадоў. «Патрыёт — гэта чалавек, для якога служэнне Радзіме з’яўляецца галоўнай мэтай і сэнсам усяго жыцця», — Вольга, 47 гадоў. «Патрыёты — гэта моцныя духам людзі, тыя, хто любіць сваю Радзіму і гатовыя служыць ёй усё жыццё», — гэта ўжо нейкая Людміла Барысаўна, 56 гадоў. Не ведаю, ці быў у гэтых простых людзей з глыбінкі прыклад перад вачыма, калі гаварылі яны такія правільныя словы, але я чытала — і думала менавіта пра Дзіму Дашкевіча.

Хлопца збівалі за майкі з надпісам “Люблю Беларусь”, яго судзілі за заклікі “Жыве Беларусь!”, яго запалохвалі, вывозілі ў лес, розныя хлуслівыя плёткі пускалі, каб дыскрэдытаваць… Але ён упарта стаяў на сваім: «Мы не рускія, мы беларусы. Мы годны народ з годнай гісторыяй. Мы маем права на годнае жыццё».

Улада вар’яцела. Але словы Дашкевіча адгукаліся ў сэрцах тысячаў беларусаў.

Зміцера прыніжалі за беларускую мову, толькі сёння нават футбольныя фанаты падтрымліваюць свае каманды беларускамоўнымі расцяжкамі і крычалкамі.

Хлопца хапалі за бел-чырвона-белы сцяг, а цяпер алімпійская зборная едзе ў Лондан у касцюмах, выкананых у колерах сапраўднага нацыянальнага сцяга. І гэта значыць, што ён, нацыянальны сімвал, перамагае. Такія, як Дашкевіч, перамагаюць.

Улада рабіла недапушчальнае — фактычна выхоўвала ў беларусах комплекс непаўнавартасці. І, маўляў, нічога вялікага на нашай мове не напісана, і ніколі ў гісторыі мы не былі самастойнымі, і нашы гістарычныя сімвалы — сцяг і герб — нечым там зганьбаваныя, і небаракамі мы ўдаліся, таму самі, без падказкі, не разбяромся, за каго на выбарах прагаласаваць… Мы — дарослыя, разумныя, вопытныя — ад адчаю не ведалі, што рабіць. Хто зусім змоўк, хто абураўся на кухні, хто пісаў акадэмічныя артыкулы, хто з’язджаў у эміграцыю. А гэтыя хлопчыкі і дзяўчаты змагаліся, лезлі ў самае пекла. З падкрэсленай беларускасцю, з бел-чырвона-белымі-сцягамі, з улёткамі, з вулічнымі акцыямі, з упартай упэўненасцю, што ўсё можна змяніць, яны жылі па прынцыпе “Люблю Беларусь” і траплялі ў турмы…

І Дашкевіч быў у іх наперадзе. У лідарах.

Дык хто самааддана служыць Радзіме, хто патрыёт? Тыя, чыімі рукамі і па чыім загадзе над ім здзекуюцца, ці маладзён, які не словы пра патрыятызм на палітінфармацыях гаворыць, а ахвяруе сабой у імя Беларусі?

Сёння нейкія словы падтрымкі трэба казаць яму, Дзіме. Бо гэта адзінае, што мы можам. Пакуль няма ў нас іншых спосабаў дабіцца справядлівасці. Няма магчымасці абараніць хлопца, якога цкуюць ні за што. Няма спадзяванняў на закон, на суд, на розум, на сумленне. Няма ля ўлады маральных аўтарытэтаў, якія б пайшлі, сказалі “Сорам!” і ўлада б адразу засаромелася, выпусціла.

Дажыліся…

Але пакуль ёсць такія хлопцы, як Дашкевіч, застаецца надзея, што за гэты перыяд апантанага цемрашальства перад гісторыяй беларусы апраўдаюцца. Бо неяк жа і Дашкевіч, і многія іншыя, такія, як ён, яны сярод нас нарадзіліся. Разумелі мы іх ці не разумелі, падтрымлівалі ці не падтрымлівалі, толькі менавіта яны даказвалі, што беларусы — гэта не толькі баязліўцы, прыстасаванцы і манкурты без каранёў.

Дзякуй табе, Дзіма! Бо нават з-за кратаў ты падтрымліваеш у сэрцах людзей надзею, што Беларусь абавязкова будзе менавіта такой, якую ты любіш. Годнай, свабоднай, прыгожай еўрапейскай краінай.

Ты мацуеш веру ў тое, што перажывём мы гэты цяжкі этап. Але тады ўжо ніколі наша Радзіма-гаротніца не зведае часоў, калі людзі баяцца выйсці на вуліцу з плакатам “Люблю Беларусь!”. Калі антыдзяржаўным лічыцца лозунг “Жыве Беларусь!”. Калі такія хлопцы — за кратамі.