Як паведаміла Еўрарадыё абазнаная крыніца ў кіраўніцтве Еўрапарламента, веры ў тое, што новы беларускі парламент будзе прызнаны легітымным, у іх практычна няма. Ужо самы пачатак выбарчай кампаніі ды падзеі вакол яе выклікаюць сумневы ў тым, што выбары будуць прызнаныя БДІПЧ АБСЕ свабоднымі і сумленнымі. А гэта азначае, што і новыя дэпутаты не змогуць прадстаўляць Беларусь у працы спецыяльнай пляцоўкі Парламенцкай асамблеі — Еўранэст.

Прадстаўнік Еўрапарламента: “Адносіны Еўранэст да новага беларускага парламента будуць дакладна такімі ж, як і ў БДІПЧ АБСЕ. А гэта азначае, што парламентары не будуць удзельнічаць у паседжаннях Еўранэст, супраца будзе толькі з працоўнай групай Еўранэст. Адначасова будзе праводзіцца праца з грамадзянскай супольнасцю, з палітычнымі актывістамі. Прадстаўнікі ўрада будуць запрашацца на будучыя сустрэчы, але адносіны будуць знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні”.

Нагадаем, Еўранэст — спецыяльная пляцоўка Парламенцкай асамблеі, створаная ў рамках праграмы Усходняе партнёрства. Меркавалася, што ў працы Еўранэст будуць удзельнічаць 60 еўрадэпутатаў і па 10 парламентароў ад краін-партнёраў — Украіны, Арменіі, Малдовы, Грузіі, Азербайджана і Беларусі. Першае паседжанне Еўранэст прайшло 3 траўня 2011 года без прадстаўнікоў Беларусі. Аднагалоснае рашэнне не запрашаць беларускіх дэпутатаў у сувязі нелегітымнасцю парламента і парушэннямі правоў чалавека ў краіне было прынятае ў лютым таго ж года Канферэнцыяй старшыняў палітычных фракцый Еўрапарламента.

Поделиться ссылкой: