Наста Палажанка даведалася, што адбылося гэта 6 ліпеня. У адказ на магчымае завядзенне новай крымінальнай справы палітычна асуджаны Зміцер Дашкевіч напісаў 10 ліпеня начальніку калоніі дакумэнт, які здзекліва назваў “яўка з павіннаю”.

 Тэкст заявы:

 Начальніку ПК-13

 Яўка з павіннаю

 Я, Дашкевіч Д.В., прызнаю сябе віноўным у тым, што свядома адмаўляюся выконваць некаторыя патрабаванні адміністрацыі калоніі, якія лічу незаконнымі.

 Каб спрасціць працу правакатарам, агентам і следчаму камітэту, я адмаўляюся выконваць любыя патрабаванні адміністрацыі любой калоніі, у якой я буду знаходзіцца.

 Раю беларускім спецслужбам асудзіць мяне на максімальны тэрмін, прадугледжаны арт. 411 КК РБ, пры гэтым рыхтуючы на мяне новыя крымінальныя справы ў кожнай новай калоніі.

Зміцер Дашкевіч

 10.07.2012

Зміцер Дашкевіч з’яўляецца своеасаблівым рэкардсменам па колькасці пакаранняў у штрафным ізалятары. Пасля апошняга выхаду ў атрад яго зноў змясцілі ў штрафны ізалятар на 13 сутак. Пазней ён даведаўся, што адбываў пакаранне за тыя парушэнні, якія ён нібыта здзейсніў раней.

Зміцера Дашкевіча лічаць вязнем сумлення, нягледзячы на тое, што яго затрымалі за дзень да Плошчы і абвінавацілі ў злосным хуліганстве. Грамадскасць лічыць, што яго арышт быў прэвентыўнай мерай, каб ізаляваць яго на час правядзення масавай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. На волю Зміцер мусіць выйсці сёлета 18 снежня. Але ў тым выпадку, калі яго пакараюць па новым артыкуле, ён правядзе за кратамі яшчэ год зняволення.

Поделиться ссылкой: