Закіпае…

3

…Раніцай 4 ліпеня ў маленькі скверык з дзіцячай пляцоўкай, дзе да гадавіны вызвалення Мінска жыхары мікрараёна ўсталявалі памятны знак герою Вялікай Айчыннай вайны Івану Русіянаву, прыехалі будаўнікі і пачалі агароджваць тэрыторыю металічнымі канструкцыямі. Мясцовыя жыхары, якія не былі на працы, адразу сталі сцягвацца да гэтага плота, тэлефанавалі сваім суседзям, распавядалі, што чыноўнікі ўсё ж такі далі адмашку на будаўніцтва новых дамоў. Тым не менш цэлы дзень было амаль што ціха. А вось увечары ў скверы здарыўся стыхійны мітынг, на які і патрапіў журналіст “Народнай Волі”.

Людзі сабраліся, каб абмеркаваць далейшыя дзеянні. Іх было няшмат — не сотні, але і не “з дзясятак”. Міліцыянеры назіралі з-за плота і да натоўпу не падыходзілі. Як вядома, атмасфера ў гэтай кропцы сталіцы настолькі напружаная, што дастаткова было толькі маленькай іскры, каб успыхнула полымя.

Так і адбылося.

Малады чалавек, калі вывозіў са сквера інваліда ў калясцы, адгарнуў пралёт плота новай будоўлі, каб было больш прасторы для руху. Міліцыянераў нібы хто ў спіну піхнуў. Яны пабеглі да яго, схапілі, пачалі цягнуць у бок міліцэйскай машыны, не зважаючы на інвалідную каляску. Убачыўшы гэта, жанчыны з крыкамі “Адпусціце!” кінуліся бараніць хлопца. Сярод іх былі мамы, якія гулялі з дзецьмі на пляцоўцы. Натуральна, за мамамі пабеглі дзеці… Крыкі і валтузня зрабілі сваю справу: дзеці, як па камандзе, пачалі раўці, нібы адбываецца немаведама які гвалт. Міліцыянеры ад гэтага ўсяго хуценька рэціраваліся, хлопец павёз інваліда далей, а ўзбуджаныя жанчыны кінуліся супакойваць дзяцей.

“Народная Воля” раней распавядала пра перманентны канфлікт, які бярэ свой пачатак яшчэ ў 2005 годзе, калі жыхары даведаліся, што ў густанаселеным кутку мікрараёна збіраюцца пабудаваць некалькі аднапад’ездных шматпавярховікаў. Людзі самі звярталіся да экспертаў-эколагаў, у розных інстанцыях замаўлялі за свае грошы экспертызы, і часам чыноўнікі адступалі. Але потым зноў казалі, што ёсць зацверджаны план і яго трэба выконваць. Немагчыма нават падлічыць, колькі за гэты час адбылося сходаў, колькі разоў жыхары ставілі свае подпісы пад тым ці іншым зваротам.

21 чэрвеня на апошнім сходзе, які склікалі прадстаўнікі ўлады, таксама было далёка не “з дзясятак” чалавек. Па крайняй меры актавая зала школы №177 не магла змясціць усіх жадаючых. Людзі стаялі ў праходах, у калідоры, каля ўваходу. Выступоўцы адзін за адным даводзілі свае аргументы супраць будаўніцтва і заяўлялі, што чыноўнікі сваімі дзеяннямі правакуюць канфлікт паміж народам і ўладамі. Людзі запытвалі, чаму спецназаўцы высякалі дрэвы, якія некалькі гадоў саджалі сваімі рукамі жыхары мікрараёна, чаму штурхалі і абражалі жанчын. Зала нейкі час скандзіравала “У адстаўку! У адстаўку!” намесніку старшыні Мінгарвыканкама і кіраўніку Першамайскага раёна. На адрас гэтых “слуг народа” было выказана шмат непрыемных слоў і нават прамых абвінавачанняў. Але ў адказ ад кіраўніка раёна пачулі: “Не вы мяне прызначалі на гэтую пасаду, не вам мяне і звальняць”.

Пасля гэтага і пачаўся збор подпісаў за яго адстаўку.

Чаго толькі не гучала за гэтыя дні!

На адным са сходаў мясцовая жыхарка Валянціна Пілюгіна запытвала ў намесніка кіраўніка Мінгарвыканкама Сяргея Радамана: “Сто разоў мы казалі, што ваш праект парушае ўсе існуючыя нормы. Адкуль вы бралі лічбы? Чаму нас не ўключылі ў рабочую групу для абмеркавання, як таго патрабуе заканадаўства? Мы сабралі каля 4000 подпісаў. Вам гэтага мала? Колькі трэба сабраць — сорак, сто тысяч, каб вы нарэшце зразумелі і сталі прытрымлівацца заканадаўчых норм?!

Людзі крычалі з месцаў: “Мы будзем дзейнічаць, мы не саступім! Мы пойдзем на праспект з плакатамі! Мы заблакіруем усе дарогі ва Уручча!”.

Дырэктар УП “Мінскград” Леанід Добыш тады так патлумачыў “Народнай Волі” сутнасць канфлікту: “Папросту тут, ва Уруччы, ёсць вялікая група такіх людзей, якія хочуць абараняць свае правы. І робяць гэта. Але ж ёсць рашэнне, нельга ж быць такімі эгаістамі”.

Гэта адбывалася 21 чэрвеня, сітуацыю тады крыху сцішылі толькі заявы чыноўнікаў аб тым, што, магчыма, будзе знойдзена кампраміснае рашэнне. Але 4 ліпеня стала зразумела, што кампрамісу не будзе — будаўнікі пачалі рыхтаваць пляцоўку. І ў той жа дзень людзі ледзь не пабіліся з міліцыяй, ужо гатовы былі хапаць адзін аднаго за грудкі.

Учора, 5 ліпеня, падзеі пачалі паскарацца. Пачаліся і рэпрэсіі. Нечакана быў затрыманы намеснік старшыні мясцовага ЖЭКа Леанід Мажальскі. Яго завезлі ў міліцыю і там патлумачылі, што нейкі будаўнік І.А.Валасач напісаў заяву аб тым, што Мажальскі яго нібыта абразіў. Пасля гэтага прад’явілі другое абвінавачанне — у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі, а таксама ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу. Чалавеку, які ніколі не хадзіў на мітынгі і ведае пра затрыманні ў асноўным з прэсы, зрабілася кепска. Мажальскага адвезлі ў шпіталь, там аказалі медыцынскую дапамогу, зноў прывезлі ў міліцыю. На той момант, калі вярстаўся гэты нумар газеты, сваякі і суседзі Леаніда, якія чакалі каля дзвярэй міліцыі, даведаліся, што яго павезлі ў суд Першамайскага раёна. Але яшчэ не было вядома, якое будзе пакаранне.

Валянціна Пілюгіна была сярод тых, хто чакаў Леаніда. Яна сказала: “Мы лічым, што Леаніда затрымалі толькі дзеля таго, каб нас запалохаць. Улады разлічваюць такім чынам збіць пратэстную хвалю. Але яны не разумеюць, што толькі падліваюць алей у агонь”.

Паколькі ніхто не хоча саступаць, працяг гэтай гісторыі будзе…



Няма запісаў для адлюстравання