Ён асабіста сустракаў гасцей у вышытай нацыянальнай беларускай кашулі. Выступаючы, спадар Багдонас зазначыў, што невыпадкова апрануў такую кашулю, бо гэта — знак павагі да тых людзей у Беларусі, якіх ён за пяць з паловай гадоў працы тут вельмі палюбіў і вельмі паважае. Эдмінас Багдонас сказаў, што яму шкада пакідаць краіну, якой ён аддаў шмат свайго сэрца, але такі лёс дыпламата і нічога, на жаль, у дадзеным выпадку не зробіш.

Дуаен дыпламатычнага корпуса, амбасадар Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў выказаў словы ўдзячнасці літоўскаму калегу, які быў, на яго думку, «самым блізкім амбасадарам да Беларусі». Як удакладніў спадар Сурыкаў — «у геаграфічным сэнсе гэтага слова».

Зусім нядаўна замежныя дыпламаты, акрэдытаваныя ў Беларусі, ужо развітваліся з трыма калегамі. Пасля заканчэння тэрміну свайго знаходжання з Беларусі ад’ехалі кіраўнікі дыпмісій Нямеччыны, Вугоршчыны і Вялікай Брытаніі. Паводле неафіцыйных дадзеных, бліжэйшым часам Мінск могуць пакінуць яшчэ два вядомыя дыпламаты — кіраўнікі прадстаўніцтваў ЗША і Расіі.

Прыканцы вечарыны спадар Багдонас звярнуў увагу гасцей на тое, што над уваходам у літоўскую амбасаду з’явіўся анёльчык. У гэтым звязку ён сказаў: «Я звяртаюся да ўладаў Менска з просьбай знайсці магчымасць „уладкаваць“ гэтага анёльчыка на будынку якой-небудзь інстытуцыі. Я хачу, каб гэтая фігурка ахоўвала маіх сяброў у Беларусі ад непрыемнасцяў». І дадаў, што калі ўлады на такі крок не пойдуць, то анёльчык застанецца ў будынку амбасады — будзе ахоўваць сяброў Літвы і нагадваць ім пра амбасадара Багдонаса.

Поделиться ссылкой: