Згодна з праектам рэзалюцыі, еўрадэпутаты асуджаюць нядаўні арышт і абвінавачанні супраць журналіста «Gazeta Wyborcza» Анджэя Пачобута. Пры гэтым Еўрапарламент вітае вызваленне яго з-пад варты і патрабуе расследаваць гэтую справу і зняць абвінавачанні з журналіста.

 У трэцім пункце рэзалюцыі выказваецца глыбокая заклапочанасць з нагоды пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека. Еўрапарламент асуджае любыя пагрозы журналістам, праваабаронцам і грамадзянам, якія выкарыстоўваюць сваё права на выказванне сваёй думкі. 

 На чацьвёртай сустрэчы міністраў замежных спраў краінаў Усходняга партнёрства, якое адбудзецца 23-24 ліпеня ў Бруселі, адбудзецца абмеркаванне пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку, выпадак з Анджэем Пачобутам.

 Рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады спыніць судовы пераслед журналістаў, грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў.

 Еўрапарламент лічыць, што справа супраць Анджэя Пачобута з’яўляецца палітычна матываванай і распачата для таго, каб перашкодзіць яго дзейнасці ў якасці журналіста і лідара нацыянальнай меншасці. Пры гэтым у рэзалюцыі адзначаецца, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года быў збіты як мінімум 21 журналіст, 27 затрымана, а 13 журналістаў трымалі пад вартай ад 10 да 15 сутак.

 На думку еўрапарламентарыяў, тры гады, якія Пачобут раней атрымаў з адтэрміноўкай, беларускія ўлады могуць цяпер выкарыстаць для таго, каб у патрэбны момант вярнуць журналіста ў турму, што фактычна з’яўляецца адной з формаў уціску і спробы прымусіць Пачобута займацца самацэнзурай.

 Еўрапарламент выказвае шкадаванне ў сувязі з тым, што беларускія ўлады не даюць магчымасць журналістам паўнавартасна працаваць, прымаючы рэпрэсіўныя законы, якія скіраваныя на падаўленне дзейнасці грамадзянскай супольнасці і крымінальнага пакарання праваабаронцаў і актывістаў меншасцяў.

 Рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады паважаць дэмакратычныя прынцыпы і нагадвае, што свабода СМІ і свабода выказвання думкі з’яўляюцца асноўнымі прынцыпамі дэмакратыі. Рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады прывесці заканадаўства адпаведна міжнародным стандартам, а таксама да выкаранення практыкі цэнзуры і самацэнзуры, зняволенне палітычных апанентаў, пераслед адвакатаў і эксплуатацыі меры кантроля інтэрнэта.

 Еўрапарламент патрабуе, каб еўрапейская дыпламатычная служба тэрмінова ўмяшалася ў справу Мікалая Статкевіча.

 Рэзалюцыя складаецца з 15 пунктаў.

 Палітолагі лічаць: на практыцы гэта можа азначаць, што ў выпадку, калі да 23 ліпеня не выйдуць на волю палітвязні, то ў выніку канстатацыі пагаршэння сітуацыі ў Беларусі еўрапейскія краіны могуць ужыць рэальныя санкцыі.

Поделиться ссылкой: