Тым не менш фармальнай прычынай затрымання журналіста па-ранейшаму застаюцца публікацыі на сайтах “Беларускі партызан” і “Хартыя’97”. Хаця шмат разоў перачытаўшы апошнія артыкулы Пачобута, мы, яго калегі, так і не знайшлі, да чаго можна было прычапіцца, дзе ў іх можа быць паклёп.   

У тым, што не ў публікацыях справа, упэўнены і рэдактары папулярных сайтаў.

Рэдактар партала “Беларускі партызан” Павел Шарамет гаворыць:
— Я абсалютна перакананы, што абвінавачванні ў паклёпе за публікацыю на “Партызане” — гэта толькі падстава. Насамрэч, на мой погляд, арышт звязаны з істотнымі палітычнымі прычынамі. Па-першае, Пачобут фактычна з’яўляецца кіраўніком Саюза палякаў. Там ёсць фармальныя кіраўнікі, але ў сілу таго, што Андрэй чалавек вельмі энергічны і аўтарытэтны, то фактычна ён і з’яўляецца адной з галоўных фігур у арганізацыі.
Па-другое, у Гродне вельмі “своеасаблівы” КДБ. Яго супрацоўнікі ўвесь час кагосьці хапаюць, заводзяць справы на журналістаў і ніяк не супакояцца.
Па-трэцяе, калі гаварыць пра публікацыі, то тэксты Андрэя ў “Газеце Выборчай” былі асабліва непрыемнымі для беларускіх улад. Яны, відаць, думаюць, што яго публікацыі сталі прычынай напружаных стасункаў з Польшчай.
Чацвёрты момант, які я б выдзеліў, псіхалагічны. Гэта падобна ўжо на нейкую нянавісць да Польшчы. Напэўна, беларускія ўлады думаюць, што менавіта афіцыйная Варшава з’яўляецца “застрэльшчыкам” халодных адносін паміж Беларуссю і Еўропай.
А пяты момант — КДБ працуе выбарачна, кропкава, выбіраючы найбольш яркіх актывістаў, каб іх нейтралізаваць ці зламаць. Выбіраюць самых актыўных і аўтарытэтных. Так што прычын цэлы комплекс.
Я прааналізаваў публікацыі Пачобута і нічога такога не знайшоў. Больш за тое, ён быў пад крымінальнай справай і наўмысна пісаў вельмі акуратна.

Рэдактар сайта “Хартыя’97” Наталля Радзіна наконт арышту Андрэя Пачобута мае наступнае меркаванне:
— Я бы выдзеліла ва ўсёй гэтай гісторыі два асноўныя моманты. З аднаго боку, улады хочуць такім чынам аказаць ціск на Саюз палякаў і пашантажыраваць Польшчу. Справа ў тым, што Польшча займае сёння даволі прынцыповую пазіцыю ў пытанні санкцый. І я б сказала, што Пачобута ўзялі ў закладнікі. Верагодна, Мінск хоча пагандляваць ім і прымусіць Варшаву адмовіцца ад сваёй пазіцыі.
Апроч таго, гэтую справу можна разглядаць як спробу запалохаць журналістаў: каб не супрацоўнічалі з сайтамі “Хартыя’97” і “Беларускі партызан”. Андрэй Пачобут, дарэчы, адным з першых журналістаў напісаў пра магчымы расстрэл Канавалава і Кавалёва. Ён папросту прааналізаваў сітуацыю і прыйшоў да такой высновы. А потым гэтая інфармацыя пацвердзілася. І мела вялікі рэзананс у грамадстве.

Нагадаем: гэта не першая крымінальная справа супраць журналіста. 8 сакавіка 2011 Гродзенская абласная пракуратура распачала супраць Андрэя Пачобута справу за абразу прэзідэнта Беларусі (частка 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса РБ). Ад 6 красавіка два месяцы яго трымалі за кратамі. За той час супраць яго распачалі яшчэ адну справу — за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Летась 5 мая Гродзенскі суд пакараў Андрэя Пачобута двума гадамі зняволення з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады. Хаця ў выніку абвінавачанне ў абразе прэзідэнта — тое, за што і арыштоўвалі нашага калегу, — было знята. Затое застаўся паклёп. Зараз Андрэя спрабуюць асудзіць другі раз. І яму пагражае да пяці гадоў зняволення.

Поделиться ссылкой: