Няма таго, што раньш было… (фота)

12

Паводле пастановы ўрада прыкладна на тым жа самым месцы, тая ж самая кампанія “Трайпл” мелася аднавіць і домік Максіма Багдановіча. Той самы, дзе ён нарадзіўся… Дом для эліты практычна адгрохалі, а вось доміка, дзе з’явіўся на свет геній беларускай паэзіі, штосьці не відаць… Пастанову Савета Міністраў за №187 ад 14 лютага 2011 года – па ўсяму – ніхто не збіраецца ўвасабляць у жыццё…

Паміж тым, жыхары дамоў № 23, 25 і 27 па вуліцы Багдановіча скардзяцца: будоўля Чыжа ўшчыльную падпёрла іхныя дамы і двары – дзецям боязна выходзіць з пад’ездаў, бо можна трапіць пад колы грузавікоў… Яшчэ напачатку красавіка кампанія “Трайпл” пачала добраўпарадкаваць двары, але і па-сёння тут чорт галаву зломіць… Людзі пазіраюць ў вокны, дзівяцца на эклектычны гмах Чыжа і думку гадаюць: дзе, у якім месцы з’явіцца домік паэта, дзе будзе гульнявая плацоўка для дзяцей  – тут жа няма дзе яблыку ўпасці… Да ўсяго і легкавых машын столькі, што не праціснуцца да пад’езда. І ўжо зусім перапалохаліся месцічы, калі ў сваіх паштовых скрынях выявілі абвесткі наступнага зместу:

“Уважаемый собственник!

Вашему дому придан статус историко-культурной ценности. В соответствии с Законом Республики Беларусь от 09.01.2006 №98 “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, в случае, если Вами до настоящего времени не оформлено охранное обязательство, Вам необходимо в срочном порядке прибыть в РСЦ №1 (220068, б-р Шевченко, 20;) для его оформления.

При себе иметь следующие документы в трех экземплярах:

Свидетельство о регистрации,

Технический паспорт,

Личный паспорт.      

Администрация УП “ЖРЭО Центрального района г. Минска”
Канечне, людзі ўсцешыліся напачатку, бо ім нагадалі, што жывуць яны проста ў дамах, якія ёсць гісторыка-культурная каштоўнасць. Але потым (асабліва пасля таго, як іхныя кватэры пачалі абыходзіць людзі і аглядаць жытло на прадмет яго зношанасці) задаліся пытаннем: а навошта нам тое “Ахоўнае абавязацельства” без папярэдняга капітальнага рамонту дома? Падпішы, а пасля ад цябе запатрабуюць не толькі сваю кватэру адрамантаваць, але і фасады, і дах, і пад’езды – і ўсё за свае грошыкі… Няма дурных! Хай спачатку тое ЖРЭО разам з Міністэрствам культуры зробяць капрамонт, а пасля ўжо можна і падпісваць “Ахоўнае абавязацельства…” А яшчэ старажылы дзівяцца, што жывуць яны не проста ў доме, які аднесены да “гісторыка-культурнай каштоўнасці”, але ў доме, які (падумаць толькі!) пабудаваны ў 19 стагоддзі!.. Пра тое і на мемарыяльнай шыльдзе напісана: “Гісторыка-культурная каштоўнасць. Будынак ХІХ ст. Прычыненне шкоды караецца па закону”. І ні ведаюць месцічы – ці смяяцца, ці плакаць, бо на самой справе дамы пабудавалі ў сярэдзіне 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Старыя людзі іх сёння завуць “сталінкамі”, бо ў дамах тых жыла да вайны партыйна-савецкая наменклатура… Адзін з дамоў так і называўся “ІІІ Дом Саветаў”. Спакойнае і, пэўна ж, шчаслівае жыццё III Дома Саветаў было перарвана вайной. 24 ліпеня 1941 года – у дзень масіраваных атак Мінска з паветра – у скляпеннях дома, якія былі прыстасаваны для бомбасховішча, схаваліся людзі. У асноўным гэта былі жанчыны і дзеці. “Бомба, якая ўзарвалася побач, у адзін момант выклікала пажар, – успамінаў пазней старшыня Савета Народных Камісараў БССР Іван Крупеня. – Усе пад’езды і падыходы былі ахопленыя полымем. Там загінула больш за 100 безабаронных людзей”.

Тут усё сыходзіцца з гістарычнай рэальнасцю, бо так і было. Але, каб тое, што дамы ўзведзены ў ХІХ ст. – гэта ўжо занадта…

Затое змест другой шыльды набліжаны да ісціны. Учытаймася: “На гэтым месцы знаходзіўся дом, у якім 9 снежня (27 лістапада) нарадзіўся выдатны беларускі паэт Максім Багдановіч”.

Сапраўды, у канцы ХІХ ст. насупраць Троіцкага базара (цяпер гэта будынак Опернага тэатра) стаяў двухпавярховы драўляны дом. На першым паверсе яго месцілася Гарадское пачатковае вучылішча, на другім – кватэра настаўніка Адама Ягоравіча Багдановіча. Адам Ягоравіч быў загадчыкам пачатковай вучэльні, а ягоная жонка Марыя Апанасаўна займалася дзецьмі і гаспадаркай. На другім паверсе дома і нарадзіўся светач нацыянальнай беларускай паэзіі…

Адна пажылая жанчына з 25-га дома паказала мне месца (ёй паказвала яго ў часы маленства ейная маці), дзе стаяла двухпавярховая будыніна вучэльні… Выходзіла, што на тым месцы, дзе цяпер былое бомбасховішча і маленькі двор. Той самы двор, які ніяк не можа прывесці ў парадак кампанія Чыжа…

Азіраючы старое Траецкае з узалелымі “сталінкамі” і новым шматпавярховым домам Чыжа, набягая думка: цяперашняй так званай элітай (“тоўстымі кашалькамі” і прыўладнымі чыноўнікамі) Багдановіч запатрабаваны роўна настолькі, наколькі ён быў запатрабаваны сталінскай партыйна-савецкай наменклатурай… Адно саграе: эліты, як і дамы – старэюць, трухлеюць, развальваюцца, а яркая зорка Максіма – вечная і непагасная…

Няма таго, што раньш было... (фота)

Няма таго, што раньш было... (фота)

Няма таго, што раньш было... (фота)

Няма таго, што раньш было... (фота)

Няма таго, што раньш было... (фота)

Image 57753

Image 57753

Фота аўтара.


Няма запісаў для адлюстравання