Аптымізм Аксаны Закрэўскай
Удзельнічаць у выбарах і прайсці марафон да канца вырашылі партыя “Справядлівы свет”, а таксама незарэгістраваная грамадзянская
кампанія “Гавары праўду!” і не маючыя афіцыйнага статусу сацыял-дэмакраты з “Грамады”, як і некаторыя іншыя структуры.
Кіраўнік офіса аказання прававой дапамогі насельніцтву Аксана Закрэўская з Магілёва пойдзе на выбары пры падтрымцы кампаніі “Гавары
праўду!”. Яна сыходзіць з таго, што шанцы стаць дэпутатамі ў незалежных кандыдатаў усё ж такі ёсць.
— Паколькі мы прадстаўляем інтарэсы грамадзян, то не маем права не пайсці на выбары. Як будзе арганізавана галасаванне, гэта ўжо іншая
справа. Мы пойдзем па кватэрах, будзем збіраць подпісы. Падчас сустрэч з людзьмі ўздымем пытанне, каб выбарныя органы не прызначаліся, а выбіраліся. Многіх выбаршчыкаў хвалюе такая праблема, як кампенсацыя дзяржавай страчаных укладаў.
— Вы лічыце, што на гэты раз галасы будуць лічыць аб’ектыўна?
— Я так не думаю. Але мы яшчэ не ведаем, якія кандыдаты будуць ісці ад улады.
— Ёсць спадзяванні, што станеце дэпутатам?
— Пакуль не магу сказаць, бо наша праграма яшчэ дапрацоўваецца.
Выберуць не выберуць, але працаваць мы будзем усё роўна…
— А папярэднія выбары ўрокам не з’яўляюцца?
— Ну, ёсць, канешне, розныя механізмы для фальсіфікацый, у тым ліку
датэрміновае галасаванне. Вось мы і будзем агітаваць, каб людзі не хадзілі
на датэрміновае галасаванне. Будзем казаць нашым актывістам, каб ішлі на
выбары назіральнікамі. Нешта ж рабіць трэба…

Аляксандра ЧАФОНТАВА.

Калі ты імітатар выбараў, то з’яўляешся хаўруснікам Лукашэнкі
Кандыдаты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а таксама Партыі БНФ абяцаюць правесці кампанію як інфармацыйную, выкарыстоўваючы ўсе яе магчымасці, а потым зняць свае кандыдатуры.
Адным з такіх кандыдатаў у Мінску будзе вядомы палітолаг Уладзімір Падгол. Ён будзе ўдзельнічаць у выбарах як кандыдат ад Партыі БНФ, але абяцае зняць сваю кандыдатуру, як толькі пачнецца папярэдняе галасаванне.
Уладзімір Падгол патлумачыў сваю пазіцыю наступным чынам:

— Гэтыя выбары для апазіцыі павінны стаць першым этапам прэзідэнцкіх выбараў. Калі гэта сапраўдная апазіцыя, то яе прадстаўнікі
мусяць быць не фармальнымі, а сапраўднымі апанентамі Аляксандра Лукашэнкі. Яны мусяць распавядаць, што трэба вярнуць частку
аддадзенага суверэнітэту. Мы ж цэлы блок суверэнітэту страцілі ў еўразійскай палітыцы. Таксама гэта тычыцца і страты часткі вайсковага
суверэнітэту пры ўступленні ў АДКБ. Утвораная супрацьпаветраная абарона Расіі і Беларусі азначае, што беларускае неба належыць Расіі.
Над нашымі галовамі могуць лятаць расійскія самалёты з ядзернымі боегалоўкамі. Мы павінны тлумачыць людзям, што нам трэба выйсці з
саюза Беларусі і Расіі, бо ён пагражае беларускаму суверэнітэту. Мы павінны выйсці з Мытнага саюза. Мы павінны адмяніць мыту на аўтамабілі на ўсе 100%. Сёння тыя ж Нарышкін і Мацвіенка прыязджаюць у Мінск і пераконваюць, што мусіць быць утвораны парламент Еўразійскага саюза. Але яго ўтварэнне парушыць нейтральны статус Беларусі.

Калі кандыдат будзе ставіць гэтыя пытанні, то ён сапраўдны прадстаўнік апазіцыі. Калі не, то ён не апазіцыянер, а імітатар, адным
словам, хаўруснік Лукашэнкі. Тыя, хто супраць таго, каб ісці на выбары, на мой погляд, проста імітуюць байкот. Сёння для аб’яднання апазіцыі ёсць ідэалагічны чыннік — агульная платформа “Наш дом — Беларусь”.

Ёсць і арганізацыйны чыннік — падчас гэтых выбараў трэба вылучаць дэлегатаў на з’езд “За незалежнасць”. А ў дзень выбараў 23 верасня трэба гэты з’езд правесці. І яшчэ трэба правесці шырокамаштабную акцыю — агульнанацыянальную беларускамоўную дыктоўку.
— Калі вы дойдзеце да фінішу, то сапраўды здымеце сваю кандыдатуру? Ці ёсць упэўненасць, што іншыя кандыдаты ад Партыі
БНФ зробяць тое ж самае?
— Я здыму абавязкова. А ці зробяць гэта іншыя, мяне не цікавіць.
Даратэя СОЛТАН.

Байкот — і толькі!
Вядомы рэжысёр, былы кіраўнік беларускага ліцэя, старшыня нефармальнага клуба інтэлектуалаў “Рады інтэлігенцыі” Уладзімір Колас
раней удзельнічаў у выбарах і па ўскосных звестках нават перамагаў кандыдата ўлады (“Народная Воля” ў свой час пра гэта шмат і падрабязна пісала). Але сёлета Уладзімір Колас катэгарычна адмовіўся ад ідэі ўдзельнічаць у выбарах.
— Гэта не выбары, а імітацыя, — гаворыць ён. — І супрацьстаяць гэтаму можна толькі скансалідаваўшы намаганні. Інакш гэта ўдзел
у імітацыі дэмакратыі, далейшая дыскрэдытацыя апазіцыі, страта рэйтынгу, пазіцый, аўтарытэту нашым дэмакратычным актывам. Я
лічу, што трэба засяроджваць свае намаганні на спробах усё ж такі дамагчыся кансалідацыі. Любое рашэнне, якое прымаецца асобнай партыяй (ці некалькімі партыямі) — слушнае яно ці няслушнае, — яно слабое. Толькі агульна прынятае адказнае рашэнне, агульны зварот да грамадства можа даць плён. Людзі ж чакаюць. А калі адны кажуць “байкот”, а другія — “удзел”, то гэта нейкая бязглуздзіца. Безумоўна, я асабіста не пайду на гэтыя выбары. Але я разумею, што ідэя байкоту таксама пераўтвараецца ва ўтопію менавіта таму, што не дасягнута згода ў гэтым пытанні. Па віне людзей, якія гэтым займаюцца… І ўсім зразумела, чаму яны гэта робяць.

Поделиться ссылкой: