Уладзімір Пефціеў пайшоў у музей

8

Зараз Пефціеў знаходзіцца не ў Беларусі, і ў якой краіне ён будзе прымаць падарункі з нагоды юбілею, пакуль не вядома.

Днямі нечакана высветлілася, што Пефціеў не толькі зброю прадае. Ён яшчэ і кніжкі піша, і мастацтвам сур’ёзна цікавіцца.

У Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстава літаграфій, гравюр і паштовак сярэдзіны XIX — пачатку ХХ стагоддзя “1812 год. Вайна і свет”. Усе экспанаты — з унікальных калекцый Уладзіміра Пефціева і лаўрэата прэзідэнцкай прэміі “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава.

“Упершыню Айчынную вайну 1812 года беларусы ўбачаць вачыма відавочцы: на выставе прадстаўлена каля 100 літаграфій па малюнках удзельніка напалеонаўскага паходу ў Расію Хрысціяна Вільгельма Фабера дзю Фора (1780–1857), — паведамляецца ў прэс-рэлізе. — Аўтар прайшоў усю кампанію 1812 года ў чыне французскага палкоўніка ў складзе корпуса маршала Мішэля Нея і захаваў жанравыя сцэны бівуакаў французскіх войскаў, батальныя сцэны і многае іншае з амаль фатаграфічнай дакладнасцю. У экспазіцыю таксама ўвайшлі літаграфіі па малюнках выдатнага рускага жывапісца і літаратара, аднаго з найбольш вядомых мастакоў-баталістаў Васіля Верашчагіна, які ў сваёй серыі карцін імкнуўся «паказаць вялікі нацыянальны дух рускага народа”, а таксама «звесці вобраз Напалеона з таго п’едэстала героя, на які ён занесены».

На адкрыцці выставы Уладзімір Ліхадзедаў падняў пытанне аб аднаўленні двух помнікаў рускім, французскім і польскім воінам, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі ў час вайны 1812 года. Адзін з іх — у вёсцы Клясціцы, а другі — на трасе паміж Вілейкай і Маладзечнам. У размове з журналістамі Ліхадзедаў падкрэсліў, што гэта — прыватная ініцыятыва.

Па словах дырэктара музея ВАВ Сяргея Азаронка, Ліхадзедаў і Пефціеў прынялі рашэнне ўсе атрыманыя ад продажу ўваходных квіткоў сродкі накіраваць на рэстаўрацыю вышэйзгаданых манументаў.

Варта заўважыць, што ўваходны квіток каштуе 10 тысяч, для школьнікаў — у два разы меней. Выстава будзе працаваць да канца года, але сумніўна, што набярэцца велізарная сума, якой хопіць на ажыццяўленне ідэі.

“Народная Воля” пацікавілася, колькі грошай неабходна на помнікі. Аднак Ліхадзедаў дакладную суму назваць не змог.

“Мы гэтым пытаннем не задаваліся”, — сказаў ён. І дадаў, што помнікі не такія ўжо і вялікія і ён разлічвае, што гэты дабрачынны праект падтрымае і дзяржава, і бізнес, і грамадскасць.

Колькі грошай ахвяруе з уласнага кашалька на манументы сам Пефціеў, не агалошваецца. І спытаць у яго пра гэта не было магчымасці — Уладзімір Паўлавіч на адкрыцці экспазіцыі не з’явіўся.

“Ён вельмі часта па справах бывае за мяжой, і таму з гэтай прычыны не змог прысутнічаць, — патлумачыў “Народнай Волі” Ліхадзедаў. — Спадзяюся, калі мы будзем прэзентаваць кніжны праект, ён будзе”.

Высветлілася, што Пефціеў сумесна з Ліхадзедавым зрабілі кнігу — «Храналогія Айчыннай вайны 1812 г. на старых паштоўках і ў графіцы».

Сярод публікі, якая прыйшла паглядзець на калекцыю, былі заўважаны бізнесмены, былыя чыноўнікі, гісторыкі, былыя дэпутаты. Расійскі амбасадар Аляксандр Сурыкаў выступіў з прамовай на адкрыцці выставы, а пасол Францыі Мішэль Рэнеры з’явіўся толькі бліжэй да канца прэс-мерапрыемства, якое адбылося пасля адкрыцця вернісажу.

Для даведкі

Уладзіміра Пефціева называюць адным з самых багатых беларускіх бізнесменаў. У Беларусі яго актывы не ацэньваліся, але ў 2010 годзе ўкраінскае выданне «Дело» ацаніла стан Пефтиева ў адзін мільярд долараў.

Пару месяцаў таму палітычны ўцякач Алесь Міхалевіч заявіў, што, па яго інфармацыі, Пефціеў гатовы быў заплаціць вялікую суму амерыканскіх “рублёў” таму, хто даб’ецца выключэння яго прозвішча з “чорнага спісу” Еўрасаюза.

Зусім нядаўна на сайце “Белтэхэкспарту” з’явілася інфармацыя аб тым, што Пефціеў прадаў кантрольны пакет акцый групы кампаній ЗАТ «Кіруючая кампанія «Белтэх Холдынг», у якую ўваходзіць ЗАТ «Белтэхэкспарт».

Уладзімір Пефціеў пайшоў у музей

А Валерый Шумскі адкрывае рок-клуб

На 20 ліпеня запланавана пілотнае адкрыццё новага мінскага клуба “TNT”. Мяркуючы па ўсім, гэта будзе адзіны клуб у сталіцы, які спецыялізуецца толькі і выключна на прапагандзе рок-музыкі.

Як патлумачыла “Народнай Волі” арт-дырэктар Наталля Давыдава, ідэя адкрыцця клуба належыць уплывоваму бізнесмену, даўняму прыхільніку рок-музыкі Валерыю Шумскаму. Больш за 15 гадоў ён насіўся з ідэяй адкрыцця клуба, які б зрабіўся не толькі месцам правядзення канцэртаў, але яшчэ і нечым накшталт музея.

З гэтай мэтай ён набыў ва ўласнасць у цэнтры старога Мінска на вуліцы Рэвалюцыйнай будынак — помнік архітэктуры 1840 года, што дазволіла ажыццявіць даўнюю мару: над клубам няма жылых памяшканняў, а гэта значыць, што гукі музыкі нікому замінаць не будуць.

Дызайнам клуба займаўся Аляксандр Трусаў, аўтар фірмовага лагатыпа — Уладзімір Цэслер. Усяго ў клубе запраектаваны тры залы: абедзенная, кактэйль-бар і канцэртная зона. Цікава, што дзеля надання дызайну клуба як мага большай аўтэнтычнасці Валерый Шумскі ахвяраваў уласнай калекцыяй, якую ён збіраў цягам 30 гадоў. Вось чаму ў памяшканні клуба можна будзе пабачыць барабанныя палачкі, гітару, падараваную гаспадару клуба музыкамі групы “Uriah Heep”, гітары, на якіх, як сцвярджае Наталля Давыдава, ігралі музыкі груп “Kiss” і нават “Beatles”, а таксама квіткі на канцэрты зорак рок-музыкі, рэдкія фотаздымкі, арыгінальныя афішы. Перад парогам клуба можна ўбачыць убудаваны ў падлогу арыгінал вінілавага альбома групы “АС/DС” з “атраднай” песняй клуба пад назвай “TNT”. Пры гэтым падлога адной з залаў таксама выкладзена сапраўднымі вінілавымі дыскамі — таксама з асабістага збору Валерыя Шумскага.

І гэта невыпадкова, таму што адна з мэт адкрыцця гэтага клуба — зрабіць яго яшчэ адным экскурсійным аб’ектам для наведвання гасцямі Мінска.

На маставой вуліцы Рэвалюцыйнай плануецца заснаваць алею зорак беларускай рок-музыкі.

У канцэпцыю дзейнасці клуба закладзена падтрымка менавіта беларускіх выканаўцаў рок-музыкі, фестывальнага рок-руху. На базе клуба, як паведаміла Наталля Давыдава, плануецца адкрыццё рок-школы для маладых музыкаў, правядзенне майстар-класаў. Апрача гэтага, клуб мае намер заснаваць і ўласную штогадовую прэмію ў галіне рок-музыкі.

Але 20 ліпеня адбудзецца адкрыццё клуба. Афіцыйная прэзентацыя з VIP-гасцямі плануецца на лістапад. Шумскі спадзяецца, што ў гэты вечар на сцэне клуба выступяць ягоныя сябры — музыкі брытанскай групы “Uriah Heep”.

Вядома, што ва ўсім свеце музычныя клубы, зарыентаваныя на рок, не вызначаюцца асабліва завоблачнымі коштамі.

“Мы настроены на тое, каб клуб быў дэмакратычнай установай адносна коштаў, — супакойвае арт-дырэктар. — Што датычыць кактэйляў, дык тут будуць прадстаўлены любімыя напоі зорак сусветнай рок-музыкі. Наогул, уся кухня будзе зарыентавана на тое, што гэта менавіта рок-клуб, а не дарагі рэстаран”.

Дзмітрый ПАДБЯРЭЗСКІ.


Няма запісаў для адлюстравання