“Я б хацела сёння пацвердзіць адданасць ЕС мэце прадухілення і выкаранення катаванняў ды іншага жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання ці пакарання, а таксама поўнай рэабілітацыі ахвяраў катаванняў ва ўсіх частках свету. Сённяшні дзень ёсць нагода, каб выказаць пратэст супраць гэтага нечуванага злачынства супраць правоў чалавека і чалавечай годнасці. Катаванні – трагедыя не толькі для ахвяраў; катаванні таксама прыніжаюць і калечаць тых, хто іх ажыццяўляе, а таксама грамадствы, якія мірацца з такой злачынствам. Поўная забарона на прымяненне катаванняў ды іншага жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання ці пакарання адназначна ўсталяваная міжнародным правам. Любая атмасфера беспакаранасці непрымальная.

Нагадваючы пра рэзалюцыю № 66/150, прынятую Генеральнай асамблеяй ААН 19 снежня 2011 года, ЕС паўтарае, што з усёй рашучасцю асуджае ўсе разнавіднасці катаванняў, а таксама іншага жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання ці пакарання, у тым ліку запалохвання, якія ёсць і будуць забароненыя без увагі на час і месца і якія, такім чынам, ніколі нельга апраўдваць. ЕС апелюе да ўсіх дзяржаў, каб яны ўвялі поўную, безумоўную і безапеляцыйную забарону катаванняў і іншага жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання ці пакарання.

ЕС заклікае ўсе дзяржавы, якія гэтага яшчэ не зрабілі, зрабіць далучэнне да Канвенцыі сваім прыярытэтам, а тыя дзяржавы, якія ўжо далучыліся, заклікае як мага хутчэй разгледзець магчымасць падпісання і ратыфікацыі дадатковага пратакола Канвенцыі. ЕС вітае ратыфікацыю Пратакола Філіпінамі, Маўрытаніяй, Венесуэлай, Рэспублікай Каба-Вердэ, Тунісам, Турцыяй і Панамай. ЕС таксама звяртаецца да ўсіх дзяржаў, каб яны ўвялі або захавалі незалежныя і эфектыўныя механізмы, якія дазвалялі б ажыццяўляць маніторынг месцаў затрымання, для таго каб прадухіляць катаванні або іншае жорсткае, бесчалавечнае або зневажальнае абыходжанне або пакаранне.

ЕС заклікае ўсе дзяржавы, каб яны, змагаючыся з катаваннямі або іншым жорсткім, бесчалавечным або зневажальным абыходжаннем ці пакараннем, прымянялі падыход, які браў бы пад увагу пол, і звярталі асаблівую ўвагу на праявы гвалту на глебе полу.

Еўрапейскі Саюз вітае і падтрымлівае працу ААН, Савета Еўропы і АБСЕ ў змаганні супраць катаванняў. Супрацоўніцтва дзяржаў з міжнароднымі суб’ектамі, такімі як Спецыяльны дакладчык ААН, Добраахвотны фонд ААН для ахвяраў катаванняў, а таксама Камітэт супраць катаванняў, абсалютна неабходнае для таго, каб міжнародная сістэма абароны і забеспячэння правоў чалавека была эфектыўнай.

Забяспечваючы фінансавыя сродкі на ўзроўнях краін-сябраў і Саюза, мы істотна падтрымліваем арганізацыі, якія прадастаўляюць медыцынскую, сацыяльную, юрыдычную і іншую дапамогу шматлікім жанчынам, мужчынам і дзецям, якія сталі ахвярамі катаванняў, каб вярнуць людзям здароўе і чалавечую годнасць. У пачатку гэтага месяца, 1 чэрвеня, ЕС зноў абвясціў новы конкурс прапаноў пад назвай “Змаганне з беспакаранасцю”; мэтай ёсць падтрымка дзеянняў грамадзянскай супольнасці супраць катаванняў, а таксама іншага жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання ці пакарання. Агульны аб’ём фінансавання праектаў складае 16,215 млн еўра.

ЕС карыстаецца магчымасцю, каб выказаць падтрымку бесперапынным намаганям шматлікіх асоб і няўрадавых арганізацый, якія нястомна працуюць дзеля прадухілення катаванняў і змякчэння пакутаў ахвяраў, а таксама звяртаюць увагу грамадства на гэты важны дзень у календары ААН.

Мы мусім дзейнічаць разам, каб вызваліць свет ад катаванняў”.

Поделиться ссылкой: