Спецыяльная тэхналогія павінна не дапусціць узрыву вадарода ў рэактары. Адным словам, прадугледжаны ўсе меры бяспекі з тым, каб ніякія тэхнагенныя і прыродныя катаклізмы не маглі парушыць работу станцыі. Праўда, ніякай гарантыі няма, што так званы чалавечы фактар аднойчы не выкіне “фартэль”,  як гэта здарылася на Чарнобыльскай АЭС…

Па словах Уладзіміра Горына, намесніка галоўнага інжынера па падрыхтоўцы кадраў дырэкцыі будаўніцтва АЭС, зараз працягваецца ўсяго толькі этап падрыхтоўчых работ. Разам з праектай дакументацыяй на яго пойдзе паўмільярда долараў. А цалкам будоўля абыйдзецца прыкладна ў 10 млрд. умоўных адзінак і будзе ажыццяўляцца за кошт расійскага крэдыту.

Стала вядома (спадар Горын тое пацвердзіў), што ўжо на працу прыняты спецыялісты Ігналінскай АЭС (цяпер на Ігналіне праводзіцца кансервацыя станцыі) і заяўкі на працу з боку літоўскіў атамшчыкаў працягваюць паступаць. А куды ім яшчэ падзецца, калі спецыялістаў такога профілю нідзе і блізка не бяруць?.. У Еўропе, асабліва ў Германіі, атамную электраэнергетыку зварочваюць, значыцца, шлях толькі адзін – у беларускі Астравец… Як-ніяк, а родная Літва пад бокам. Але гэта і трывожыць літоўскую грамадскасць – вельмі ўжо блізка ад іх зямлі выбухова-небяспечны мірны атам. Грамадскасць і ўлады Літвы факт будаўніцтва АЭС непакоіць, затое для ўчарашніх ігналінцаў гэтая акалічнасць – выратавальная саломінка ў жыцці. Работа – гэта ўсё на сённяшні дзень… Ну хоць бы да той пары “усё”, пакуль нічога такога не здарылася. Першы ж рэактар запусцяць толькі ў 2018 годзе. А пакуль народ з літоўскага Вісагінаса пацягнуўся ў беларускі Астравец…

Сёння новабудоўля падзелена на два сектары: сама станцыя і офісныя прыбудовы. Яшчэ раней тут з’явілася піянерная пляцоўка, вялікі бетонны завод, які не спыніць сваю работу і пасля пуска станцыі – будзе выпускаць для Астраўца і рэгіёна тратуарную плітку, бетонныя будаўнічыя блокі, іншы будматэрыял.

Тым часам эколагі не спыняюць свае пратэсты. Што іх хвалюе перадусім? Заборы вады для абслугоўвання патрэб АЭС адзіначасна “выпівацьмуць” з Віліі да 800 тон вады. Што будзе з тою вадой пасля ахаладжэння рэактара? Як яна будзе скарыстана далей? Як успрыме акаляючая экасістэма блізкасць “мірнага атаму”? Эколагаў не надта задавальняе той факт, што цёпленьку вадзічку са станцыі пусцяць на абагрэў цяплічных плантацый. Хто дасць гарантыю, што трубу не прарве, і што тэхналагічная вада не хлыне зноў у раку?..

Пытанні, пытанні… А тым часам катлаван рыецца. Ужо і мікрараёны ўзводзяцца, у новых дамах абжываюцца інжынеры і праектанты. Старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Кавалько паведаміў, што за адзін гектар пад гандлёвы цэнтр інвестар выклаў мільярд рублёў. Гэтулькі за 1 гектар выкладваюць хіба што ў цэнтры Гродна. Цэны на зямлю проста ўздыбіліся. Не дзіва, бо ў адпаведнасці з планам горад – пасля пуска станцыі – стане саракатысячнікам. “Тут будуць жыць багатыя людзі”, – не сумняваецца спадар Кавалько. Толькі слаба верыцца, бо ўкладваць грошы ў справу (дзеля брыбытку, як гэта робіць турэцкая кампанія “Седнат”) і жыць пад бокам у стамнага монстра – дзве вялікія розніцы… Хай сабе той монстр і адпавядае ўсім нормам і рэкамендацыям МАГАТЭ…

Поделиться ссылкой: