Жыхары Уручча-2 заявілі, што перакрыюць праспект Незалежнасці (+ відэа)

0
Заявы прагучалі на сходзе жыхароў з прадстаўнікамі гарадскіх улад, які адбыўся ўвечары 21 чэрвеня.

Выступоўцы адзін за адным даводзілі свае аргументы супраць будаўніцтва і заяўлялі, што чыноўнікі сваімі дзеяннямі правакуюць канфлікт паміж народам і ўладамі. Людзі запытвалі чаму спецназаўцы высякалі дрэвы, якія некалькі гадоў саджалі сваімі рукамі жыхары мікрараёна, і пры гэтым штурхалі і абражалі жанчын і дзяцей. Хвалю абурэння выклікаў адказ намесніка старшыні Мінгарвыканкама Сяргея Радамана: “Ну, можа, яны самі такім чынам вырашылі правесці суботнік”. Зала нейкі час скандавала: “У адстаўку! У адстаўку!”. Гэта тычылася персоны кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска Ігара Кудрэвіча. Людзі абвінавачвалі яго ў ігнараванні істотных патрэб насельніцтва на карысць камерцыйных структур, у прыватнасці, казалі пра здачу ў арэнду і продаж дзіцячых садкоў у той час, калі і без таго бракуе месцаў у дзіцячых установах. Ён адказаў прысутным: “Не вы мяне прызначалі на гэтую пасаду, не вам мяне і звальняць”. Пасля гэтага жыхары пачалі збор подпісаў за яго адстаўку, а таксама за адкліканне дэпутата свайго раёна, які не праявіў ніякай цікаўнасці да праблем выбаршчыкаў.

Валянціна Пілюгіна запытвала ў намесніка кіраўніка Мінгарвыканкама Сяргея Радамана: “Сітуацыя цягнецца ад 2005 года. Сто разоў мы казалі, што ваш праект парушае ўсе існуючыя нормы. Адкуль вы бралі лічбы? Чаму нас не ўключылі ў рабочую групу для абмеркавання, як таго патрабуе заканадаўства? Мы сабралі каля 4 000 подпісаў. Вам гэтага мала? Колькі трэба сабраць – 40 тысяч, 100 тысяч, каб вы нарэшце зразумелі і сталі прытрымлівацца заканадаўчых нормаў?! Можаце быць упэўненыя, што мы гэта зробім. Народ мае вельмі рашучы настрой. Няўжо вам трэба давесці сітуацыю да таго, каб урэшце перакрылі праспект?!”. Прамову сустрэлі апладысментамі, якія доўжыліся некалькі хвілінаў. 

Актавая зала школы № 177 не магла ўмясціць усіх жадаючых. Людзі стаялі ў праходах, у калідоры, каля ўваходу. Усіх прысутных здымалі на відэа людзі ў цывільным, але на іх ніхто не звяртаў увагі. Людзі крычалі з месцаў: “Навошта вы нас паклікалі на гэты сход?! Думалі, што мы выпусцім пар і ўсё?! Гэта ў вас не атрымаецца! Мы будзем дзейнічаць да канца і не саступім вам! Мы пойдзем на праспект з плакатамі! Мы заблакуем усе дарогі да нас!”.

З боку чыноўнікаў прагучалі заклікі не рабіць палітычна матываваных высноў і, увогуле, не кранаць гэтую сферу, маўляў, мае месца звачайны бытавы канфлікт і не трэба даваць ацэнкі дзеянням прадстаўнікоў улады.    

Пасля заканчэння сходу намеснік старшыні Мінгарвыканкама Сяргей Радаман спачатку пагадзіўся адказаць на маё пытанне , але, калі даведаўся, што гэта для “Народнай Волі”, то адразу адмовіўся. “Калі б я сказала, што з “Советской Белоруссии”, ці з ОНТ, то вы б пагадзіліся?”, — спытала я. “Канешне”, — шчыра адказаў чыноўнік. 

Дырэктар УП “Мінскграда” Леанід Добыш быў больш словаахвотны. Ён патлумачыў сутнасць канфлікта наступным чынам: “Папросту тут ва Уруччы ёсць вялікая група такіх людзей, якія хочуць абараняць свае правы. І робяць гэта. Але ж ёсць рашэнне, нельга ж быць такімі эгаістамі”.

 


Няма запісаў для адлюстравання