Ці знойдуць тых, хто здзекаваўся над бакланамі?

6

— Напэўна, такія вылюдкі ёсць не толькі ў Беларусі, іх хапае ва ўсім свеце, і нешта накшталт гэтага адбываецца і ў іншых краінах. Але што мяне насцярожвае: наўрад ці знойдуць тых, хто гэта зрабіў, — разважае арнітолаг Сяргей Зуёнак. — Тое, што адбылося ў Чашніцкім раёне, — не адзіны выпадак. Я мяркую, што падобнае варварства адбываецца штогод у наваколлі любога рыбгаса. Проста мы пра гэта не ведаем, а той, хто ведае, — утойвае.

Справа ў тым, што бакланы, шэрая чапля і шэрая варона харчуюцца рыбай, не вельмі дробнай, і зразумела, што яны кучкуюцца каля рыбгасаў.  Называецца лічба, што адна птушка можа з’есці да 3 кг рыбы. Але гэта не так, яна сама важыць не больш за 3 кілаграмы. Па навуковых даных, самае вялікае у дзень, што можа праглынуць баклан, — 500 грамаў рыбы, а ў сярэднім ён з’ядае 300 грамаў. Каб свае страты паменшыць, рыбгасам афіцыйна дазволена ў любы час гэтых птушак знішчаць. У норме механізм знішчэння выглядае такім чынам: паляўнічы са стрэльбы на тэрыторыі рыбгаса адстрэльвае бакланаў. У якасці доказу адразае  ў мёртвай птушкі дзюбу і прад’яўляе яе кіраўніцтву рыбгаса, за што атрымлівае грошы і патрон.

Але ж страляць бакланаў няпроста. Адстрэліш аднаго, другога, птушкі будуць бачыць чалавека са стрэльбай і не падляцяць да яго. Таму людзі, калі іх можна назваць людзьмі, знайшлі просты спосаб. Бакланы, як і шэрая чапля, гняздуюцца каланіяльна, часта ў адным месцы, разам.  “Паляўнічыя” чакаюць, пакуль з’явяцца птушаняты, скідваюць гнёзды, адразаюць у птушанят дзюбы і, не патраціўшы ні рубля,  атрымліваюць прэміі.

— Чаму вы думаеце, што гэтых нелюдзяў цяжка знайсці? Што, у рыбгасе не ведаюць тых, хто прыносіць дзюбы?

— У Чашніцкім раёне мой калега-арнітолаг выпадкова трапіў на пакалечаных птушанят, размясціў фота ў інтэрнэце, тэму падхапілі СМІ, і гэты дзікі выпадак меў шырокі рэзананс. Але я не думаю, што вінаватых знойдуць.

Справа ў тым, што ў мінулым годзе мая калега стала сведкай такога ж дзікунства ў Бярэзінскім раёне. Там аналагічная сітуацыя назіралася з шэрай чапляй, якая занесена ў Чырвоную кнігу. Дзюбы таксама рэзалі ў жывых птушанят. Вінаватых не знайшлі.

Некалькі гадоў таму на тэрыторыі заказніка “Сярэдняя Прыпяць” невядомыя папілавалі дрэвы, паскідвалі гнёзды, падавілі птушак і адрэзалі дзюбы. Пра гэта арнітолагам  паведаміў ляснічы Сінькевіцкага лясгаса, які знайшоў знявечаных бакланаў. На месца арнітолагі выехалі з журналістамі. Сюжэт паказалі на адным з беларускіх тэлеканалаў. Перад камерай выступіў інспектар міжраённай прыродаахоўнай інспекцыі. Усе паціскалі плячыма, маўляў, хто гэта зрабіў — не вядома. Хаця было зразумела, што гэта былі людзі з мясцовага рыбгаса. Але на раённым узроўні існуе такая кругавая парука, і ўсе адзін аднаго пакрываюць, бо дырэктар рыбгаса, начальнік ДАІ і мэр у адным рэстаране вячэраюць. Яны адзін аднаго не здаюць. Праўда, пазней вінаватага знайшлі. Ведаеце, хто ім аказаўся? Ляснік, які ўсё гэта выявіў. Вінаватым яго зрабілі таму, што, маўляў, на яго тэрыторыі ўсё здарылася  і ён недаглядзеў…

Я разумею, што да ўсяго трэба падыходзіць  разумна. Разглядаць праблему не толькі з аднаго боку — з пункту гледжання аховы прыроды, але і ўлічваць  эканамічную зацікаўленасць краіны. Кампрамісы трэба шукаць. І калі колькасць нейкага віду павялічваецца, гэта трэба рэгуляваць. Але рэгуляваць гуманна, цывілізавана. Было б лепей, калі б паляўнічыя птушанят застрэлілі, а потым адрэзалі дзюбы. А яны рэзалі па жывым, пакінулі бездапаможных птушанят паміраць. І гэта дзеля эканоміі патронаў, эканоміі ў некалькі тысяч рублёў! Іншага тлумачэння я знайсці не магу. Да ведама: адзін патрон сёння каштуе 7 тысяч рублёў.



Няма запісаў для адлюстравання