Апошні з магікан

14

Усесаюзная вядомасць, нават слава, прызнанне калег, удзячнасць вучняў — усё гэта было… Але самога Гербутава тая вядомасць мала хвалявала і ўзрушала: ён, як і раней, апантана рабіў сваю справу — вучыў мысліць нават самых раўнадушных, звязваючы фізіку і яе законы з акаляючым вучняў паўсядзённым жыццём. І гэта яму ўдавалася…

А потым прачнулася задраманая хвароба: 11 аперацый, нерухомасць, барацьба за жыццё. У рэшце рэшт Валерый Аляксандравіч падзяліў трагічны лёс легендарнага Пелікана… Нагадаю, што яшчэ ў пушкінскія часы на эмблеме Царскасельскага ліцэя была выява пелікана. Чаму менавіта пелікана, а, скажам, не савы — яна ж сімвал мудрасці? Адказ наступны: настаўніку мудрасць, безумоўна, патрэбна, але яшчэ болей патрэбна самаахвярнасць, вера ў сваіх дзяцей, імкненне пакласці на алтар іх выхавання нават само сваё жыццё. Старая як свет легенда даносіць: калі змяя ўджальвае пеліканавых птушанят, той разрывае свае грудзі і сваёю крывёю акрапляе параненых птушанят. Яны выжываюць, але пры тым гіне сам птах. Уладальнік апошняга  “Хрустальнага Пелікана” паўтарыў лёс таго самага (па легендзе) птаха, які ёсць сімвал самаахвярнасці — усё ў імя сваіх дзяцей, у імя спасціжэння ісціны і навук. 6 чэрвеня 2012 года сэрца Валерыя Аляксандравіча Гербутава перастала біцца…

Самае прыкрае ў гэтай гісторыі, што мала хто з тых чыноўнікаў ад адукацыі, якія на пачатку дзевяностых і пазней расчулена-ўзнёсла спявалі дыфірамбы Настаўніку-наватару, Настаўніку-мысляру і проста Чалавеку з вялікай літары, не прыйшлі з ім развітацца… Чаму? Не ведалі ці зрабілі выгляд?… А можа, нешта іншае замінала? Можа, новы час і новыя парадкі такія? Сталі больш чэрствымі, больш эгаістычнымі, больш рацыянальнымі, чалавекамі-футараламі, супраць чаго і вёў барацьбу сваімі выхаваўчымі сродкамі Валерый Аляксандравіч?..

Апошні з магікан

Пытанні, на якія няма ўцямнага адказу. Можна толькі здагадвацца, але для гэтага варта хоць бы пункцірна акрэсліць жыццёвае і педагагічнае крэда самога Валерыя Гербутава. Ён адным з першых парушыў сістэму самога Яна Амоса Каменскага — вялікага педагога і філосафа. Падумаць толькі: сістэма вялікага Дыдакта выдатна функцыянавала амаль трыста гадоў, а тут раптам нейкі Гербутаў і кампанія… Але ж усяму ёсць пачатак і ёсць канец, а яшчэ дакладней (згодна з законамі фізікі) — непазбежная трансфармацыя ўсяго, уключаючы педагогіку. У сістэме Каменскага ўсё было раскладзена па палічках, кожнаму вінціку (настаўніку, вучню, бацьку і маці) — сваё месца, поўны парадак. Каб “вінцікі” функцыянавалі, дастаткова памяці і паслушэнства. Паслушэнства, аформленага ў выглядзе патрабаванняў да ведаў, уменняў і навыкаў… І не давядзі Божа адысці хоць на ёту ў любым кірунку — крамола, ерась; усе адхіленні — ліквідаваць, усіх нязгодных — прагнаць, усе канфлікты знішчыць да асновы-кораня. Знаёмы спіч, ці не праўда? Проста з нашага жыцця цяперашняга, свежанькі… І з ім маўкліва пагаджаюцца многія “сістэмныя вінцікі”. А што ж Валерый Аляксандравіч? Як мысліў ён яшчэ на пачатку дзевяностых і як працаваў з вучнямі, як вучыў-выхоўваў? Зусім не па сістэме…

З маналога Гербутава:

“Славутыя школьныя асновы навук у іх цяперашняй інтэрпрэтацыі — гэта кастрыраваныя навуковыя веды, фрагменты, спецыяльна вызначаныя для школьнага навучання. Але па сутнасці сваёй яны нічога не маюць агульнага з рэальнасцю і навукай. Асновы літаратуры і гісторыі зусім не садзейнічаюць выхаванню школьнікаў, хутчэй, рыхтуюць экскурсаводаў па літаратуры і гісторыі, ды і то даволі нізкага ўзроўню. Асновы фізікі, хіміі і біялогіі закліканы развіваць светапогляд, але, па сутнасці, займаюцца паступовым падвядзеннем вучняў да ўспрыняцця вузаўскай праграмы, ды і то сумніўным шляхам. А што ў выніку? У выніку на першых занятках у ВНУ учарашнія школьнікі чуюць: “А цяпер забудзьце тое, чаму вас навучалі ў школе…” Як вам?”

Сказана ў дзевяностых, а як быццам учора і пра надзённае… За такое і зараз бы не пагладзілі па галоўцы. А ён жа і не такое мог сказаць. Ну напрыклад:

Наша адукацыя ператварылася… у тормаз развіцця асобы, як вынік — рэзка ўпаў узровень агульнай культуры чалавека, а разам з тым і прафесійны ўзровень, талентаў стала знаходзіцца ўсё меней, бо таленавітаму чалавеку цяжэй жывецца ў грамадстве, меркантыльнасць стала нормай…”

Калі зазірнуць у праграму па фізіцы для сярэдняй школы, то там можна знайсці такі раздзел: “Аўтарская праграма па фізіцы для базавага ўзроўню агульнаадукацыйнай школы”. Аўтар праграмы — В.А.Гербутаў, настаўнік-метадыст СШ №49 г. Мінска. Дык чым жа яна адметная, гэта праграма?

Мы ўвесь час падпарадкоўвалі чалавека сістэме, а яна асабліва пільна сачыла за выхаваннем новага  пакалення. Таму агульначалавечыя каштоўнасці проста свядома ігнараваліся, а то і забараняліся. Настаўнік працаваў на сярэдняга вучня. Грамадства мела сярэдняга  чалавека, шэрага, паслухмянага, вінціка карацей. Таленавітаму не было дарогі, ставілі палкі ў колы. І на тым дзякуй, што ёсць хоць дзяржпраграма “Таленавітыя дзеці”… Але сістэма з нейкай пары зноўку стала зацікаўленай у тым, каб не дзяржава для чалавека, а чалавек для дзяржавы… Патрэбны паслухмяныя выканаўцы, а не свабодныя людзі з разняволенай душой і розумам. Усё вярнулася на кругі свае… Валерый Аляксандравіч, па словах ягонай удавы Віялеты Канстанцінаўны, яшчэ задоўга да свайго скону добра адчуў гэты халодны подых старых часоў, быццам вернуты злым чараўніком з далёкага-далёка…

У школу ён прыйшоў у 1982 годзе, хаця на пачатку аб прафесіі настаўніка і не задумваўся нават. Планы ў таленавітага і перспектыўнага  студэнта Маскоўскага  дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава, дзе ён спасцігаў таямніцы любімай фізікі, былі зусім іншыя. Лёс рыхтаваў яму бліскучую кар’еру вучонага. Не дзіва, бо сам адораны ад Бога ды яшчэ вучыўся ў Нобелеўскіх лаўрэатаў — Ландау і Басава. Вучыўся апантана. І ўсё б спраўдзілася, калі б… не вялікае каханне, а потым і шлюб з замежнай грамадзянкай з братняй славянскай Балгарыі. Яна краіна, можа, і брацкая Балгарыя, але такі шлюб тады быў сур’ёзным хібам у анкеце. Смешна? Але на кар’еры ставіўся тлусты крыж — вось і ўсё…

З маналога Валерыя Гербутава:

“Можна сказаць, што ў школу я прыйшоў выпадкова. Быў самы цяжкі момант у жыцці. Два гады на мяжы выжывання. Калі нас з жонкай (а яна ў мяне балгарка, філолаг, журналіст і псіхолаг) літаральна выгналі з Брэста. Маўляў, якое мае права  балгарка выкладаць рускую мову?! Цкавалі спачатку знізу. А пасля ўзяліся і зверху. Перабраліся ў Мінск. Тут таксама культурна і пачціва ўсюды адказвалі. Стаж перапыніўся. І тады пайшоў я ў 73-ю школу настаўнікам працы. А з 1982 года пачаў працаваць настаўнікам фізікі ў 40-й. Вопыт у мяне быў, але інстытуцкі. Я скончыў фізфак МДУ, аспірантуру, працаваў у брэсцкім інстытуце. І калі ўбачыў у школе, як за мной купкай ідуць дзеці, убачыў іх вочы, а праз іх і дзіцячыя душы, сэрца пратахкала: усё, тут маё месца, без гэтых цікавых вачанят не пражыву. Вось так і цяпер жыву. І не лічу сябе няўдачнікам. І хоць сёння шмат прапаноў на розныя высокія пасады, але я не правёў яшчэ свой лепшы ўрок. А значыць, не магу пакінуць школу…”

Хвароба перашкодзіла, і ўрок, які ён палічыў бы лепшым, застаўся светлай мрояй. Затое Беларусь атрымала “школу Гербутава” — шмат урокаў, і на доўгі час. Не толькі і не столькі для вучняў, колькі для маладога настаўніцтва, якое — рана ці позна — засвоіць не адно сістэму Яна Каменскага, але Школу (па-сутнасці, сістэму навучання і светапоглядную сістэму) Валерыя Гербутава. І будзе ёю кіравацца. Так будзе!

З запісной кніжкі Гербутава:

“Я думаю, што настаўніцтва — ёсць біялагічны і сацыяльны подзвіг. Яно павінна ўсё-такі выжыць. Большасць настаўнікаў могуць працаваць, як коні, бегаць у пошуках хлеба надзённага, як стаеры, хутка вучыцца працаваць рукамі, як прыматы, рэзаць і сшываць, як хірургі, развярэдзіць душу сваімі праблемамі, як акцёры, настойліва і ўпарта прабіваць глухую сцяну закасцянелай дзяржадукацыі.

Ну, а калі ў краіне з’явіцца попыт на інтэлект, то цяжка ўявіць, як рынак выжыве ва ўмовах жорсткага настаўніцкага прэсінгу…”

Валерый Аляксандравіч ніколі не хаваў сваіх думак ад калег, начальнікаў і ўсіх астатніх. Таму і не вельмі ўпісваўся ў айчынную педагогіку. Прытарможвалі, бывала, цкавалі, насцярожваліся пры кожным ягоным адкрытым уроку: шэрасць заўсёдна ж баялася навацый. На Рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года” прысудзілі толькі трэцяе месца, думалі, відаць, што не адважыцца паехаць у Маскву на ўсесаюзны конкурс… А ён паехаў — прайшоў агонь, ваду і медныя трубы і быў прызнаны лепшым сярод лепшых. Гэта потым з усіх канцоў Саюза, уключаючы мясцовых, пачалі запрашаць да сябе: каб паказаў, расказаў, падзяліўся вопытам. Толькі потым пра яго пачалі пісаць у перыёдыцы, у педвыданнях і паказваць па тэлебачанні. Як жа — з самім Гарбачовым цэлых 70 мінут  вялі гаворку. Валерыя Аляксандравіча такая ўвага змушала да аднаго — да працы, якая акрыляла і падахвочвала. Сам конкурс, па ягоных жа словах, — гэта быццам бы кульмінацыйны пункт кансалідацыі педагагічных сіл, калі кожны, хто адважыўся на такое нялёгкае выпрабаванне, ва ўзнагароду атрымлівае шчасце зносін. І, нарэшце, гэта горан, у якім настаўнік гартуецца, вучыцца быць і робіцца барацьбітом, калі ўжо не страшна выйсці ні на сцэну, ні, калі трэба, на плошчу!..

Ён і ў гэтым таксама быў жывым прыкладам і застанецца такім назаўсёды… “Хрустальны Пелікан” патрапіў дакладна ў тыя рукі і таму Чалавеку, які варты легендарнага царскасельскага Пелікана. Вось толькі рана ён пакінуў гэты свет. Відаць, па той бок быцця талент і сумленне ў вялікім дэфіцыце?..

Георгій ЧЫГІР.


Няма запісаў для адлюстравання