«Прэзідэнт-гатэль» здадуць датэрмінова

3

Напрыканцы мая з’явіліся чуткі аб тым, што прэстыжны гатэль ужо набірае персанал. Маўляў, прыярытэт для дзяўчын з прыемнай знешнасцю. Нават называлася канкрэтная дата, калі павінен адчыніцца гатэль, — 2 ліпеня. Праўда, кіраўніцтва праекта пра такую шпаркасць не ведае.

“Магчыма, такія чуткі звязаны з тым, што ў ліпені наш аб’ект збіраецца наведаць кіраўнік дзяржавы, — прызнаўся “Народнай Волі” дырэктар гатэля “Мінск”, які належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта, структурным звяном якога і з’яўлялася “Кастрычніцкая”, Мікалай Жураўскі. — Мы плануем адкрыццё ў верасні. Трэба скончыць унутранае аздабленне, выпрабаваць абсталяванне. Таксама трэба расставіць мэблю”.

Як раней паведамляла “Народная Воля”, гатэль планавалі адкрыць датэрмінова. Але работы над новым пяцізоркавым “Прэзідэнт-гатэлем” вымагаюць часу. У праект прыйшлося ўнесці шэраг змен. Напрыклад, адмовіліся ад верталётнай пляцоўкі. Іншыя элементы шыку захаваліся — аздабляюць пакоі натуральнымі мармурам і дрэвам. Самым дарагім будзе так званы прэзідэнцкі нумар. На плошчы ў 500 квадратных метраў размесцяцца асобны ліфт, басейн, бар.

Дарэчы, на адкрыццё ўнікальнага для Беларусі “Прэзідэнт-гатэля” могуць прыехаць высокія асобы турэцкай дзяржавы. Нагадаем, гатэль узводзілі на крэдытныя грошы турэцкага банка, а генеральным падрадчыкам стала турэцкая фірма Emsas Insaat Turizm Ticaret ve Sanayi A.S.


Няма запісаў для адлюстравання