Як паведамляе сайт БХД, актывіст “Маладога Фронту” (зарэгістраваны ў Чэхіі), палітвязень Эдуард Лобаў даслаў ліст сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, таксама палітвязню Паўлу Севярынцу.

У лісце, датаваным 1 чэрвеня, маладафронтавец паведамляе, што на яго пачалі складаць бясконцыя рапарты аб парушэнні рэжыму ўтрымання, чаго раней не было. На думку Эдуарда Лобава, яго спрабуюць падвесці пад артыкул 117 Крымінальна-выканаўчага кодэксу (злоснае парушэнне асуджаным да пазбаўлення волі ўсталяванага парадку адбыцця пакарання).

Тым самым, лічыць палітвязень, яму хочуць абмежаваць магчымасці спатканняў, перадач, а таксама выхаду на волю па абвешчанай уладамі амністыі. Разам з тым Эдуард трымаецца бадзёра і кажа, што гатовы адседзець увесь тэрмін.

Ён таксама дзякуе за новую Біблію, перададзеную яму каардынацыйнай праваабарончай групай “За Волю”.

“Эдуард – шчыры вернік, каталік і мужны чалавек сам па сабе. Адзін з тых людзей, хто з’яўляецца прыкладам для новага пакалення беларусаў”, – адзначыў Павел Севярынец.

Эдуард Лобаў і ягоны паплечнік, кіраўнік “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч у 2011 годзе былі асуджаныя на 4 і 2 гады турмы, нібыта за хуліганства. Маладафронтаўцы сваёй віны не прызнаюць і заяўляюць, што іхняе зняволенне – правакацыя спецслужбаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Поделиться ссылкой: