У пятніцу, 8 чэрвеня, у Мінску адкрываецца новы гандлёвы цэнтр «Пасаж». Ён будзе знаходзіцца па адрасе Веры Харужай, 4, каля Камароўскага рынку.

Плошча забудовы складае 1 490 м², а сумарная плошча гандлёвых павільёнаў — 780 м².

Гандлёвым цэнтрам будзе валодаць група кампаній «Тапас», намеснікам кіраўніка якой працуе хакеіст прэзідэнцкай каманды Павел Белы. У канцы сакавіка 2012 года ён быў затрыманы прама ў офісе.

Белы абвінавачваўся ў тым, што вывеў за мяжу $ 6 мільёнаў. Праз некалькі сутак ён нечакана зноў з’явіўся ў складзе хакейнай каманды. Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях прыватызацыі заклікаў не дэманізаваць багатых і заявіў, што багацце — не загана. Пры ўмове, што багатыя сплачваюць падаткі.

Група кампаній «Тапас» займаецца нерухомасцю — забудоўвае элітны мікрараён каля Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама рэканструюе будынак у гістарычнай частцы горада на вуліцы Рэвалюцыйнай.

Поделиться ссылкой: