Роўна год таму, вечарам 7 чэрвеня 2011 г. мінскія аўтамабілісты зладзілі акцыю пратэсту супраць падаражэння паліва. ДАІ і АМОН былі бяссільныя супраць соцень машын: на некалькі гадзін рух на цэнтральным праспекце сталіцы быў блакаваны.

Калона аўто з уключанай аварыйнай сігналізацыяй і сімволікай акцыі «Стоп бензін!» — выявай чалавечка, які «страляе» сабе ў скроню з запраўнага пісталета ці белай стужкай на антэне —

расцягнулася ад Галоўпаштамта да Цэнтральнага ўніверсама. Насустрач ёй рухалася другая, што займала праспект між плошчамі Якуба Коласа і Перамогі.

Трэція групы аўтааматараў выехалі на праспект у раёне цырку. Кіроўцы спыняліся, утвараючы лакальныя заторы, падымалі капоты. Хто-ніхто ставіў на дахі аўто пустыя каністры або проста здымаў на мабільнік мора машын.

Крайнюю правую паласу праспекта Незалежнасці арганізатары акцыі — грамадская ініцыятыва «За аўто» — заклікала пакідаць вольнай для руху грамадскага транспарту. Не заўжды гэта ўдавалася. Аднак ніхто не перажываў: пасажыры выходзілі з аўтобуса і… апладзіравалі ўдзельнікам акцыі.

Гледачоў сабраліся сотні: людзі махалі аўтамабілістам, крычалі «Стоп бензін!», пасля пачалі «ахвяраваць» аўтамабілістам на паліва — на машыны пасыпаліся дробныя рублёвыя купюры. «Гэта ўжо не грошы, а фанцікі, за іх нічога не купіш!» — казалі яны.

Гэтая навіна з фотарэпартажам і відэа сабрала тады на сайце NN.by больш за 100 тыс. праглядаў, абсалютны рэкорд лета 2011 годаНа наступны дзень Лукашэнка загадаў панізіць цэны на бензін.

«Як назло робяць! — казаў тады Лукашэнка. — Людзі толькі-толькі ачухаліся ад удара — на табе, як абухам па галаве, другі раз. Толькі людзі апамяталіся — на табе трэці раз, і гэта, мне дакладваюць, не апошні, — грымеў ён. — Тады, хлопцы, я скажу вам, не ў краіне, а недзе за мяжой трэба будзе шукаць работу

. Я дапусціць гэтага здзеку з людзей не магу. Я вас папярэдзіў 10 дзён таму, прэм’ер-міністра асабіста».

«Вы зыходзіце з нейкага курса даляра. Скажыце мне, калі ласка, а які сёння рэальны курс долара? Не ведаеце. Дык чаму прывязваеце да нейкага незразумелага курса долара ўсё на свеце, у тым ліку і паліва? Няўжо тут нельга было прайсці спакойна, павысіўшы цэны на паліва на 10–15% адразу, а потым расцягнуць да 1 студзеня, калі стабілізуецца сітуацыя на валютным рынку, прывязацца да якога-небудзь долара і пералічыць праз долар цану на гэта паліва. Гэта нельга было зрабіць?» — сказаў ён. «Сапраўды, як дзеці малыя. Ад вас запалкі ў доме трэба хаваць, бо дом спаліце. Крыху адвернешся — праўда, дом спаліце», — сказаў ён.

Вечарам 8 чэрвеня у Мінску прайшла акцыя,што запачаткавала маўклівыя акцыі пратэсту па серадах. Каля 300 чалавек сабраліся на Кастрычніцкай плошчы і слухалі песні пад гітару.

На акцыі 15 і 22 чэрвенявыйшлі ўжо тысячы людзей. Але пачаліся і брутальныя затрыманні.

Поделиться ссылкой: