Учора, 5 чэрвеня, сябра праўлення Грамадскага аб’яднання “Магілёўскі праваабарончы цэнтр”  Віктар Сідарэнка наведаў Бабруйскую папраўчую калонію №2, дзе сустрэўся з асуджаным праваабаронцам Алесем Бяляцкім.

 Магчымасць наведаць бабруйскую калонію і асуджанага праваабаронцу з’явілася ў Віктара Сідарэнкі ў сувязі з тым, што ён з’яўляецца старшынём грамадскай назіральнай камісіі пры Галоўным упраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама па наглядзе за месцамі пазбаўлення волі ў Магілёўскай вобласці.

 Нагодай для сустрэчы была скарга праваабаронцы Насты Лойкі з нагоды таго, што да Алеся Бяляцкага не даходзіла паштовая карэспандэнцыя. Для праверкі гэтай інфармацыі ўпраўленне юстыцыі дало дазвол камісіі спраўдзіць гэтую інфармацыю.

Віктар Сідарэнка кажа, што сустрэча адбывалася цягам 30 хвілін у прысутнасці супрацоўнікаў адміністрацыі калоніі.

“Алесь Бяляцкі паведаміў, што ў яго ўсё адносна добра, харчаванне ў калоніі някепскае. Ён па-ранейшаму працуе ўпакоўшчыкам на швейнай вытворчасці. Пагаварыць тэт-а-тэт нам не далі, хаця па законе гэта рабіць былі абавязаны. Зрабіць анкетаванне, якое звычайна камісія праводзіць са зняволенымі, таксама не дазволілі. Верагодна, каб мы былі ў памяшканні сам-насам, ён бы паведаміў нешта цікавае”, — расказаў Сідарэнка сайту “Вясны”, які, нягледзячы на арышт свайго лідара, працягвае дзейнасць.

Сябра праўлення Грамадскага аб’яднання “Магілёўскі праваабарончы цэнтр” таксама распавёў пра тое, што для Алеся Бяляцкага ў Бабруйскай папраўчай калоніі №2 заведзены асобны журнал уваходзячай і зыходзячай карэспандэнцыі. Штотыдзень Алесь Бяляцкі атрымлівае 4-5 лістоў, у некаторыя тыдні – і больш дзясяці.

Справаздачу грамадскай камісіі па выніках візіта ў калонію атрымае Дэпартамент выканання пакаранняў і праваабаронца Наста Лойка. Менавіта яна ініцыявала праверку ўмоваў утрымання Бяляцкага. У сярэдзіне красавіка праваабаронца Наста Лойка адправіла Бяляцкаму, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №2 у Бабруйску, два лісты фарматам А4. У канвертах змяшчаліся паштоўкі, чыстыя канверты, маркі, а таксама крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь. Пазней Наста Лойка даведалася пра тое, што ейныя лісты Алесь Бяляцкі так і не атрымаў. Паколькі забароненых для перасылкі рэчаў у лістах не было, Наста палічыла, што адміністрацыя калоніі самавольна абмежавала права Алеся Бяляцкага на перапіску. Адпаведную скаргу праваабаронца накіравала ва ўпраўленне Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці і папрасіла правесці праверку па факце цэнзуры карэспандэнцыі для Бяляцкага ў папраўчай калоніі №2 і паведаміць ёй пра вынікі дадзенай праверкі.

“Наста – малайчына. Яе скарга стала падставай для гэтай праверкі. Думаю, што трэба ўлічыць гэты механізм і па іншых справах”, — адзначае праваабронца Таццяна Рэвяка.

Нагадаем, што Алесь Бяляцкі быў асуджаны Першамайскім судом Мінска на 4,5 гады пазбаўлення волі. Суддзя Сяргей Бандарэнка прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў да турэмнага тэрміну з канфіскацыяй маёмасці.

Поделиться ссылкой: