Ніколі не дарую сваёй маці!..

7

На чорны дзень

Некаторыя героі фільма маюць па 10–20 правапарушэнняў. Гэта цягне на некалькі гадоў пазбаўлення волі ў спецшколе для тых, каму няма 14 год.

Гледзячы на падлеткаў, і не паверыш, што вось гэты хлопец разам з сябрам абрабаваў шапік, а вось гэты — краў мабільныя тэлефоны. Праўда, мабілкі хлопчык не пакідаў сабе і не прадаваў, ён закопваў іх у зямлю каля свайго дома.

Назапашваў”, — прызнаецца дзесяцігадовы Саша… Не прадаваў, не мяняў на салодкае і забаўкі, а назапашваў. Што павінна здарыцца ў жыцці падлетка, каб прымусіць яго рабіць такія запасы?

Такіх гісторый у Магілёўскай спецшколе закрытага тыпу мноства. Ніводны з падлеткаў не трапіў сюды выпадкова. У кожнага за плячыма дарослыя выпрабаванні: суд, прымальнік-размеркавальнік, умовы якога вельмі нагадваюць турэмныя. І амаль ва ўсіх — праблемныя сем’і.

Чатыры дні разам са здымачнай групай артыст Уладзімір Пугач правёў у спецшколе. Музыкант прызнаецца: сам меў пэўны стэрэатып адносна дзяцей з “крымінальным” мінулым. Хоць і вырас у Пінску, дзе складаныя падлеткі — не рэдкасць. Ды і спецшкола аказалася падобнай на інтэрнат, а не на рэжымны аб’ект. Уладзімір баяўся, што патрапіць у будынак з кратамі на вокнах, а дзеці будуць такімі маўклівымі азлобленымі ваўчанятамі. Атрымалася зусім наадварот — ні кратаў, ні канваіраў, ні жалезных замкоў.

“Мы пабачылі самых звычайных хлопчыкаў, — прызнаўся Уладзімір. — У пэўны момант пачынае здавацца, што ўсе яны тут памылкова. Але падлеткаў, якія патрапілі сюды выпадкова, няма…”

Макарону трэба варыць?

Уладзімір прызнаецца: працаваць над фільмам было няпроста. Усяго чатыры здымачныя дні і амаль год мантажу. Якія кадры пакінуць, што дадаць, якія словы падабраць? Складаныя пытанні. Хто дасць гарантыю, што праз пяць ці дзесяць год, пачуўшы свае словы ў гэтым дакументальным фільме, былыя выхаванцы спецшколы не пашкадуюць аб іх? Таму ад многіх момантаў у “стылі НТБ” прыйшлося адмовіцца.

Акрамя выхаванцаў магілёўскай спецшколы Уладзімір апытаў і некалькі дзяўчат з Петрыкаўскага дзяржаўнага спецыяльнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу №1 лёгкай прамысловасці. Яны больш жорсткія і катэгарычныя ў параўнанні з хлопцамі з магілёўскай спецшколы. Магчыма, таму, што трохі старэйшыя і шмат што ўжо перажылі і ўсвядомілі.

“Гаварыць адкрыта з падлеткамі было складана, — з сумам кажа Уладзімір. — Часам дзеці казалі рэчы, ад якіх слёзы наварочваліся на вочы. Напрыклад, пра бацькоў, якія п’юць”.

А закладваюць за каўнер амаль усе бацькі 218 падлеткаў, што жывуць у магілёўскай спецшколе. Як ні дзіўна, але дзеці не вінавацяць сваіх тат і мам у паламаных жыццях. Хоць на злачынства многія пайшлі выключна з-за страшнай галечы. Дзецям хацелася есці, пакуль іх п’яныя бацькі не маглі прадраць вочы…

Выхавацелі спецустаноў на ўласныя вочы бачылі дзяцей, што раслі нібыта Маўглі. У карціне ёсць маляўнічы і страшны прыклад — адна дзяўчынка да глыбіні душы была здзіўлена тым, што макарону трэба варыць. Усё жыццё яна ела яе сырой… ВЫНОСКА

Паламаныя цацкі

98% выхаванцаў магілёўскай спецшколы не крыўдуюць на закон і прызнаюць сваю віну. Не хаваюцца: ускрываў машыны, каб выцягваць магнітолы, прадаваў таксістам. На атрыманыя грошы хацеў набыць… ровар і мяч. Але ўсе нягоды дзеці гатовыя забыць дзеля бацькоў. Амаль усе…

Галя, дзяўчына з петрыкаўскага ПТВ, заяўляе, што ніколі не даруе сваёй маці.

“Я яе проста ненавіджу ў душы, — глядзіць у камеру Галя. — У мяне было вельмі дрэннае дзяцінства”.

Уладзімір і здымачная група разумелі: дзеці распавядаюць не ўсе падрабязнасці сваёй біяграфіі. Хлопцы рэдка прызнаюцца, што на грошы ад скрадзенага набывалі піва і клей, а дзяўчаты маўчаць пра аборты і гвалт. Заявіць аб гэтым на ўсю краіну — яшчэ больш адмежавацца ад “нармальных”.

Адна з самых складаных праблем гэтых дзяцей — сацыялізацыя. Пасля году-трох, праведзеных у сценах спецшколы, родныя навучальныя ўстановы часам не хочуць прымаць былых вучняў. А бацькі школьных сяброў забараняюць сваім малым мець зносіны з дзецьмі ў канфлікце з законам.

Родныя ставяцца не лепш. Мамы і таты рэдка наведваюць дзяцей, піць не кідаюць. Здараюцца і зусім страшныя выпадкі: каб не жыць з маці, якая прымушала да заняткаў прастытуцыяй, дзяўчына пайшла на паўторнае злачынства і патрапіла ў калонію. Адтуль яна пісала сваім выхавацелям, што адчувае сябе шчаслівай… ВЫНОСКА

Не рабі з мяне монстра!

Напрыканцы свайго візіту ў магілёўскую спецшколу Уладзімір Пугач разам з калегамі, сябрамі з гурта “J:Морс” і выхаванцамі спецустаноў запісаў песню “Анёлы не спяць”. Так і назвалі фільм, які можна будзе паглядзець сёння, 1 чэрвеня, на тэлеканале “Беларусь 1” і знайсці ў інтэрнэце. Чатырохдзённую працу змясцілі ў адну гадзіну відэа. Але высілкаў было затрачана, як на поўнаметражны фільм.

“Патрапіць на здымкі ў закрытую ўстанову ва ўсім свеце не так проста, — узгадваў Уладзімір. — Дзякуючы таму, што ў UNICEF наладжаны дыялог з Міністэрствам адукацыі, нас дапусцілі ў магілёўскую спецшколу. Асаблівага выбару ў нас і не было. Па-першае, такіх устаноў у Беларусі менш за дзесяць, а па-другое, мы хацелі працаваць з малымі дзецьмі”.

Уладзімір Пугач прызнаецца, што за здымачнай групай сачылі педагогі і выхавацелі. Часам адчувалася, што пэўныя тэмы былі адшліфаваны да прыезду гасцей з Мінска.

“Людзі, што працуюць у такіх школах, рэальна любяць гэтых дзяцей, — уздыхае спадар Пугач. — Ім было важна, каб мы не зрабілі з іх выхаванцаў монстраў. Вядома, пэўныя моманты напружвалі, але перад ад’ездам я зразумеў, што гэта не адміністрацыйныя закідоны, а просты клопат аб дзецях. Педагогі абараняюць іх ад зняшнега свету. Ад свету, які іх так моцна параніў…”


Няма запісаў для адлюстравання