Палітык асудзіў гэты візіт, як палітычна недарэчны, і звярнуў увагу на тое, што ён адбываецца на фоне пераследу арганізацый беларускай меншасці ў Расеі. Таксама намеснік старшыні Партыі БНФ ацаніў сустрэчу Лукашэнкі з ягоным расійскім партнёрам, як яскравае сведчаньне дзейснасці “дыктатарскага інтэрнацыяналу”, удзельнікі якога падтрымліваюць адзін аднаго ў справе палітычных рэпрэсіяў у дачыненні да апазіцыі.

Партыя БНФ: візіт Пуціна ў Беларусь – палітычная недарэчнасць

Палітычная заява намесніка старшыні Партыі БНФ Ігара Лялькова

Для беларускага народа любое ўзмацненне кантактаў афіцыйнага Мінску з Крамлём заўжды азначала ўзмацненне палітычных рэпрэсій ды пераследу іншадумцаў. Візіт расійскага прэзідэнта Пуціна ў Мінск 31 траўня – 1 чэрвеня стаўся нагодай для маштабных рэпрэсій супраць актывістаў Маладога Фронту (зарэгістраваны ў Чэхіі) ды іншых дэмакратычных арганізацый. Каля 10 чалавек ужо “прэвентыўна” пакараныя па абсурдных абвінавачаннях адміністратыўнымі арыштамі, і затрыманні ўсё яшчэ працягваюцца. Па звестках прэсы, пра сапраўдную прычыну гэтых падзей аднаму з затрыманых паведаміў неназваны супрацоўнік КДБ: “Покуль ня зьедзе Пуцін – будзеце сядзець!”.

Аднак асаблівую недарэчнасць сустрэча беларускага і расійскага прэзідэнтаў набывае ва ўмовах узмацнення рэпрэсій у дачыненьні да беларусаў у Расіі. 12 красавіка бягучага года супрацоўнікі Следчага ўпраўлення Следчага камітэту Расійскай Федэрацыі па Іркуцкай вобласці з падтрымкай атрада спецыяльнага прызначэння ўварваліся ў кватэру старшыні Іркуцкага Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алега Рудакова і на сядзібу гэтай арганізацыі. Была канфіскавана маёмасць беларускай арганізацыі, літаратура, беларуская нацыянальная сымболіка, носбіты інфармацыі. Беларуская арганізацыя і яе актывісты Алег Рудакоў ды Аляксей Кухта былі абвінавачаныя ў “экстрэмісцкай дзейнасці”.

Пры такіх умовах сустрэча Лукашэнкі і Пуціна можа быць расцэненая не толькі як сустрэча хаўруснікаў па “дыктатарскім інтэрнацыянале”, якія ўзаемна падтрымліваюць адзін аднога. Татальная палітычная і эканамічная залежнасць афіцыйнага Мінску ад крамлёўскай падтрымкі мае наступствам адваротную падтрымку беларускім дыктатарам імперскай і фактычна беларусафобскай палітыкі расійскіх улад.

Пераслед беларускіх арганізацый на тэрыторыі Расіі, адмаўленне расійскім кіраўніцтвам гістарычнай непазбежнасці беларускага дзяржаўнага суверэнітэту, падтрымка Расіяй сённяшняга антыдэмакратычнага, але глыбока залежнага ад былога імперскага цэнтру, кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь – часткі адной сістэмнай хваробы цяперашняй расійскай эліты.

Партыя БНФ заяўляе, што ва ўмовах пераследу на тэрыторыі Расіі арганізацый беларускай дыяспары з’яўляецца палітычна недарэчным прымаць у Мінску з афіцыйным візітам дзеяча, які нясе палітычную адказнасць за гэты пераслед. Асабліва абуральным і зневажальным для нацыянальных пачуцьцяў беларусаў ёсць выкарыстанне гэтага візіту, як нагоды для пераследу маладзёжных актывістаў на тэрыторыі Беларусі.

Партыя БНФ заклікае ўлады Расіі спыніць палітычна матываваны крымінальны пераслед Маладзёжнага клубу “Крывічы” пры Іркуцкім таварыстве беларускай культуры імя Яна Чэрскага і беларускіх актывістаў Іркуцку Алега Рудакова і Аляксея Кухты. Партыя БНФ патрабуе ад улад Беларусі спынення выкарыстання адміністратыўнага пераследу дзеля мэтаў палітычных рэпрэсій супраць маладзёжных актывістаў Беларусі.

Поделиться ссылкой: