Як трэнеру заткнулі рот

0

Пасля звальнення са спартшколы ён не можа нікуды ўладкавацца на працу. Зараз у справе разбіраецца рэспубліканская праваабрончая арганізацыя “Беларускі Хельсінкскі камітэт”.

Са студзеня 2010 года Ігар Песікаў меў статус беспрацоўнага. У лістападзе 2011 года адкрылася вакансія вядучага спецыяліста ў аддзеле па фізічнай культуры, спорту і турызму Светлагорскага райвыканкама. Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне накіравала яго ў гэты аддзел. Аднак у прыёме на працу былому трэнеру было адмоўлена ў сувязі з «неадпаведнасцю кваліфікацыі».

Сваю няўдалую спробу працаўладкавання Песікаў апісвае так: “Начальнік аддзела (па фізічнай культуры, спорту і турызму Светлагорскага райвыканкама – заўв. рэд.) Палуян М.В., не ўстанавіўшы маю асобу па пашпарце, і не праверыўшы адпаведнасць маёй кандыдатуры кваліфікацыйным патрабаванням, адразу ж указаў у адказе (…) у якасці прычыны адмовы ў прыёме на працу неадпаведнасць кваліфікацыі”.

Суіскальнік з такім рашэннем не пагадзіўся і пры падтрымцы юрыстаў БХК падаў у суд на аддзел спорту і турызму.

Сапраўды, Песікаў мае педагагічную адукацыю замест патрабаванай па профілі «фізкультурнай», тым не менш, досыць доўга раней працаваў трэнерам па веславанні ў Светлагорскай ДЮСШ-2. Аднак праваабронцы лічаць, што ў дадзеным выпадку мае месца дыскрымінацыя чалавека за яго погляды.

Высветлілася, што толькі адна супрацоўніца аддзела спорту і турызму адпавядае кваліфікацыйным патрабаванням, устаноўленым Мінпрацы. Астатнія чацвёра, у тым ліку і сам начальнік аддзела, гэтым патрабаванням не адпавядаюць.

«Прамой забароны наймаць супрацоўнікаў, якія не цалкам адпавядаюць крытэрам, не існуе. Кваліфікацыйны даведнік “Дзяржаўныя пасады дзяржаўных служачых” устанаўлівае, што «у парадку выключэння на дзяржаўныя пасады могуць быць прызначаныя:

– Асобы, якія не маюць устаноўленай кваліфікацыйнымі патрабаваннямі адукацыі і стажу працы па дзяржаўнай пасады, але якія маюць досвед працы па адпаведным напрамку дзейнасці з улікам дзелавых, асобасных, маральных, прафесійных ведаў, уменняў і навыкаў, якія дазваляюць эфектыўна выконваць функцыі дзяржаўнага служачага», — тлумачыць сайт «Беларускага Хельсінкскага камітэта”.

Такім чынам, некалькі супрацоўнікаў былі наняты «у парадку выключэння». У чым жа розніца паміж ўладальнікамі «неадпаведнай кваліфікацыі», якія паспяхова працуюць, і не прынятым на працу?

Сам былы трэнер лічыць, што стаўленне да яго было прадузятым з-за крытыкі ім мясцовых уладаў.

Да прыкладу, Ігар Песікаў так каментаваў у «Прессболе» закрыццё аддзялення веславання на байдарках і каноэ ў ДЮСШ № 2 у Светлагорску:

– Афіцыйная падстава закрыцця нашага аддзялення: матэрыяльна-тэхнічная база не дазваляе бяспечна праводзіць трэніровачны працэс. У 2009 годзе я пісаў пра шматлікія парушэнні ў нашай школе старшыні Светлагорскага райвыканкама Максіменка, у тым ліку аб крытычным стане матэрыяльна-тэхнічнай базы. Вось радкі з яго адказу ад 18 студзеня 2010 года: “Штогод вучэбна-спартыўная база прымаецца да пачатку навучальнага года раённай камісіяй. Работу па падрыхтоўцы аб’ектаў да прыёмцы выконвае тэхнічны персанал… У лістападзе 2009 года школа была атэставаная, сертыфікат будзе выдадзены ў студзені 2010 года… Апошняя комплексная праверка установы “ДЮСШ N 2 г. Светлагорска” праводзілася аддзелам адукацыі райвыканкама ў сакавіку 2008 г. Адміністрацыя аператыўна рэагуе на заўвагі, ліквідуе іх у самыя кароткія тэрміны…”

Як жа гэта зразумець: усё прымалася, на ўсе рэагавалі, усё ліквідавалася, а база раптам стала небяспечнай? Куды падзеліся сродкі, адпушчаныя на яе рамонт і набыццё інвентару?

Судовы разгляд справы доўжыўся больш за пяць месяцаў. Юрысты БХК прадставілі ў суд сваё заключэнне, суддзя запытваў меркаванне Мінпрацы аб адпаведнасці кваліфікацыйным патрабаванням Ігара Песікава і супрацоўнікаў аддзела, якія працуюць. У матэрыялах справы мелася нават прадстаўленае праваабаронцамі экспертнае заключэнне брытанскіх юрыстаў. У выніку 25 мая суд Светлагорскага раёна адмовіў былому трэнеру ў задавальненні скаргі. Зараз Ігар Песікаў плануе з дапамогай юрыдычнай камісіі БХК абскардзіць вынесенае рашэнне.

Гары Паганяйла, старшыня юрыдычнай камісіі БХК, які прысутнічаў на працэсе ў якасці прадстаўніка грамадскасці, лічыць, што дыскрымінацыя ў нашай краіне вельмі распаўсюджана, але пры гэтым нябачная:

Дыскрымінацыя як з’ява часта сустракаецца ў Беларусі. Дыскрымінацыйны падыход прымяняецца пры вырашэнні кадравага фарміравання органаў улады, пры прыёме на працу, пры выключэнні з ліку студэнтаў, звальненні з працы ды іншых выпадках. Гэтыя выпадкі – не рэдкасць ў нашай краіне. Але, калі мы кажам аб магчымасці даказаць дыскрымінацыю, асабліва ў судовым парадку, вядома, мы сутыкаемся з тым, што суды не хочуць аналізаваць сапраўдныя прычыны, напрыклад, адмовы ў прыёме на працу, таму што яны носяць, як правіла, палітычны характар.

Заўсёды знаходзяцца нейкія іншыя прычыны, якія можна выставіць напаказ: адсутнасць дастатковай кваліфікацыі, здзяйсненне прагулаў студэнтам, і г.д. Усё зводзіцца да другарадных, перыферыйных праблем, хоць у аснове ляжыць дыскрымінацыйны падыход. Спраў, у якіх ярка і выразна прасочвалася б дыскрымінацыя і прызнавалася судом – вельмі мала. Напрыклад, калі ў судзе абскардзіла адмову ў рэгістрацыі арганізацыя крышнаітаў, дыскрымінацыйныя прычыны былі выяўленыя і адлюстраваны ў рашэнні. Але, паўтаруся, гэта адзінкавыя выпадкі.

І вось цяпер мы сутыкнуліся са справай Песікава. Гэты чалавек у Светлагорску вядомы сваёй грамадзянскай актыўнасцю, і тое, што яго на працу не ўзялі як раз па дыскрымінацыйным прычынах, шмат каму зразумела, але даказаць гэта вельмі складана.


Няма запісаў для адлюстравання