Юрый Барбошын працуе на шынамантажы. Раніцай 29 траўня яму цяжка – учарашняе святкаванне Дня памежніка скончылася незвычайна. Спачатку міліцыянты яго з сябрамі не пусцілі ў парк Чалюскінцаў, а потым разам з яшчэ 9 былымі саслужыўцамі ля “Вострава слёз” у Мінску затрымалі супрацоўнікі спецназу. Аднак перад падарожжам ў РУУС Юрыя проста ў аўтазаку чакалі іншыя “прыгоды”.

“Нікуды нас не павезлі. Мы стаялі на працягу дзвюх гадзін, напэўна. Лупілі нас палкамі тупа. Ужо цёмна было. Яны выключылі святло і ўсё – каму “ластаўку”, каму “браслецікі”. Казалі “ну што, быдла, пагулялі? Хопіць. Не толькі ж дэсантнікам атрымоўваць”.

Пасля “знаёмства” са спецназам Юрый адчувае сябе не вельмі добра.

Падчас размовы Юрый час ад часу пацірае бакі, моршчыцца. Кажа, што адчувае сябе не найлепшым чынам. Па яго словах, білі прафесійна, амаль не пакідаючы слядоў.

Хлопец служыў у Полацкім памежным атрадзе і ўжо 6 гадоў адзначае свята на вуліцах Мінска. Са спецназам сутыкнуўся ўпершыню. Распавядае, што нават смецце за сабой не пакідалі, хоць і не адмаўляе, што пілі алкаголь у недазволеных месцах. Праўда, у чым яго ў выніку абвінавацілі, Юрый так і не даведаўся.

“У выніку мы распісаліся ў пустых пратаколах. Нічога не чыталі – ні рапартаў, нічога не было. Нават для азнаямлення. Калі б не распісаліся, то нам пагражалі суткамі. Гаварылі, што калі не распішамся, то будзем сядзець. А мне было трэба на працу. Я толькі праз гэта распісаўся”.

Пад канец размовы пытаюся, ці не супраціўляліся памежнікі раптам спецназу. Іначай чым можна патлумачыць такую жорсткасць. Хлопец з саркастычнай усмешкай кажа, што калі б нехта надумаў супраціўляцца, то справа магла б скончыцца іначай.

“А навошта супраціўляцца? Усе ж адэкватныя былі. Нас чалавек 15 – гэтых 5. Калі б было супраціўленне, то мы б іх тупа пасцялілі, якімі б падрыхтаванымі і здаровымі яны не былі”.

Гісторыя амаль неверагодная. Каб праверыць яе праўдзівасць, звяртаемся да кіраўніка прэс-службы сталічнай міліцыі Аляксандра Ластоўскага. Ён да аповеду Юрыя ставіцца з недаверам. І гаворыць, што калі б нешта незвычайнае ўчора ў Мінску адбылося – ён бы пра гэта ведаў.

“Кіраўніцтва ГУУС выклікала б мяне і паведаміла, каб я такую інфармацыю давёў да журналістаў. Але калі такога не было і па сводцы сітуацыя нічым экстраардынарным не адрознівалася, то, адпаведна, няма і прычын, каб я такую інфармацыю даводзіў да вас”.

Былы памежнік Юрый настойвае на праўдзівасці гісторыі. І нават расказвае, што ад міліцыянтаў у Цэнтральным РУУС даведаўся, што затрыманні памежнікаў былі і ў іншых раёнах горада.

У Памежным камітэце таксама не могуць пацвердзіць праўдзівасць гісторыі Юрыя. Прэс-сакратар Аляксандр Цішчанка кажа, што затрыманняў сярод служачых у памежных войсках не было, а інфармацыі пра былых памежніках у яго быць не можа. Цішчанка дадае, што замест святкаванняў на вуліцы, памежнікі з тэрміновай службы сустракаліся з працоўнымі калектывамі.

“Урачыстыя мерапрыемствы, канцэрты, ускладанне кветак да помнікаў, магіл. Сустрэчы з працоўнымі калектывамі, школамі – розныя профілі ёсць”.

Развітваючыся з карэспандэнтам Еўрарадыё, Юрый гаворыць, што ў суд не пойдзе. А вось у горад з саслужыўцамі праз год абавязкова пойдзе – насуперак.

Поделиться ссылкой: