Васіль Парфянкоў асуджаны на 6 месяцаў зняволення.

Пракурор запатрабаваў прысудзіць Васіля Парфянкова да года пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму па артыкуле 421 Крымінальнага кодэкса. Абвінаваўца лічыць, што ў судзе віна Парфянкова была даказаная, а ў яго супрацьпраўных дзеяннях прысутнічаў рэцыдыў.

У сваю чаргу адвакат лічыць віну Парфянкова недаказанай і просіць вызваліць яго ад пакарання.

Сам Васіль Парфянкоў ў апошнім слове заявіў: “Якім бы ні было рашэнне суда, я выйду з гэтай залы свабодным чалавекам”.

У судзе абвешчаны перапынак. Прысуд будзе абвешчаны ў 14.00.

Васіль Парфянкоў быў першы асуджаны па справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010. Суд Фрунзенскага раёна сталіцы прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках і прысудзіў да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Ён адбываў пакаранне ў Аршанскай папраўчай калоніі. 11 Жніўня 2011 Парфянкоў быў памілаваны ўказам прэзідэнта, 19 красавіка гэтага года аддзел Следчага камітэта Першамайскага раёна Мінска паведаміў Парфянкову аб узбуджэнні ў дачыненні да яго крымінальнай справы за парушэння ўмоў прафілактычнага нагляду, устаноўленага судом 5 студзеня тэрмінам на год.

Праваабаронцы лічаць крымінальны пераслед Парфянкова “выключна палітычна матываваным”.

Поделиться ссылкой: